Памёр Вадзім Александровіч, былы журналіст газеты «Белорусы и рынок»
Журналіст Вадзім Александровіч пайшоў з жыцця 7 снежня. Пра гэта паведамілі сябры на яго старонцы ў Facebook. Развітанне адбудзецца заўтра, 9 снежня, а 12-й гадзіне ў зале крэматорыя на Паўночных могілках пад Мінскам.
Сёлета 25 лістапада Вадзім адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Смерць ягоная была цалкам нечаканай, прычынай стаў інфаркт. Лекары прыехалі на выклік вельмі хутка, але ўратаваць ужо не змаглі.
Сябры памятаюць Вадзіма Александровіча як шматгадовага супрацоўніка незалежнай газеты «Белорусы и рынок».
З 1997 года ён быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Для многіх Вадзім быў узорам адданасці Беларусі: размаўляў прынцыпова на роднай мове, у сацыяльных сетках і ў прыватнай перапісцы карыстаўся беларускай лацінкай. Напрыканцы 1980‑х удзельнічаў у мінскай «Талацэ» і Беларускім народным фронце.
Вадзіма Александровіча неаднаразова затрымлівалі падчас выканання журналісцкай працы, ён сядзеў на сутках, трымаў галадоўку на знак нязгоды.
Чытайце яшчэ:
Заснаваная 32 гады таму газета «Белорусы и рынок» прыпыняе выхад
«Белорусы и рынок»: Ці пройдзены пункт незвароту?
КДБ унёс у спіс «тэрарыстаў» дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых