КДБ унёс у спіс «тэрарыстаў» дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абнавіў свой пералік арганізацый і фізічных асоб, нібыта датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Цяпер там і медыяменеджар Канстанцін Залатых.
Як вынікае з «тэрарыстычнага» спісу КДБ Беларусі, на гэты момант у ім 1089 прозвьшчаў, прычым апошнім пазначаны менавіта дырэктар незалежнага эканамічнага выдання «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых. Своеасаблівы «падарунак» ад сілавікоў на нядаўні дзень нараджэння, які палітвязень сустрэў за кратамі СІЗА.
Згодна з папярэднім досведам, у спіс «тэрарыстаў» трапляюць абсалютна рандомна — як асуджаныя за «распальванне варожасці» ці «заклікі да санкцый», так і дасудова абвінавачаныя або нават асобы на волі ў якасці фігурантаў крымінальнай справы. Бадай, самы істотны момант, што такі статус вызначаецца аднаасобным рашэннем КДБ — фактычна пад настрой некага з «экспертаў». Для параўнання, падобны спіс ад МУС фармуецца прынамсі на падставе прысуду паводле палітычных артыкулаў.
Занесеным у спіс блакуюць фінансавыя аперацыі, абмяжоўваюць магчымасці працаўладкавання пасля вызвалення, а замежнікам забараняюць уезд у Беларусь.
На мінулым тыдні суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач у закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйную скаргу адваката Канстанціна Залатых, якія аспрэчваў пакаранне свайго падабароннага 4 гадамі зняволення па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў. Прысуд першай інстанцыі прадказальна пакінуты без зменаў.
Як стала вядома БАЖ, Канстанцін Залатых дагэтуль застаецца ў следчым ізалятары № 1 Мінска ў чаканні этапу ў калонію, якую наглядны орган пакуль што не прызначыў.
Абарона Канстанціна Залатых аспрэчвала тыя ж артыкулы, на падставе якіх яго справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Перадусім гэта пункты, якія звыкла фігуруюць у крымінальных справах за іншадумства.
– ч. 2 арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці;
– ч. 1 арт. 368 КК — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
– арт. 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады;
– ч. 2 арт. 426 КК — перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў.
Палітвязня ўжо амаль 14 месяцаў утрымліваюць у няволі. Яго разам з калегамі па рэдакцыі схапілі летась 18 траўня супрацоўнікі КДБ. Пасля допыту галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай.
Мінскі гарадскі суд прыступіў да разгляду справы сёлета 24 сакавіка. Суддзя Алена Шылько адразу зрабіла працэс закрытым. Падчас агучвання довадаў, атрыманых ад следства, пракуратура прыйшла да высновы: дырэктар газеты «Белорусы и рынок» актыўна выказваў «уласную тэндэнцыйную пазіцыю» на падзеі ў краіне, што, сярод іншага, выявілася ў абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, пакінутых у сацсетках. Акрамя таго, нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.
На падставе гэтых абвінавачанняў 6 красавіка 2023 года суддзя Алена Шылько пакарала Канстанціна Залатых сукупна 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму.
Канстанцін Залатых — медыйны менеджар і вытворчы адміністратар. Супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Апошнім месцам працы была газета «Белорусы и рынок» — адно з рэдкіх незалежных выданняў, якое здолела захавацца пасля хвалі масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый.
У той жа час праўладныя рэсурсы паведамляюць, што Камітэт дзяржбяспекі выключыў са свайго «тэрарыстычнага» пераліку журналіста Рамана Пратасевіча і студэнтку-актывістку Соф’ю Сапегу. Раней абодвух прызналі вінаватым паводле шэрагу «экстрэмісцкіх» артыкулаў, уключна з «распальваннем варожасці», заклікамі да захопу ўлады», «кіраўніцтве фармаваннем», «зборы інфармацыі аб прыватным жыцці» і г. д. Рамана Пратасевіча прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, Соф’ю Сапегу пакаралі 6 гадамі калоніі. З улікам таго, што экс-рэдактар тэлеграм-канала Nexta пайшоў на ўсебаковую супрацу са следствам, у канцы траўня ён быў памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Следам на пачатку чэрвеня аналагічная мера ўжытая да Соф’і Сапегі. Цяпер яны афіцыйна не лічацца асобамі, датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці.
Чытай яшчэ:
Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні
«Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем
Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава