Памерла Надзея Мялешка — папулярная блогерка і жонка хакеіста-зборніка. Яна пакінула на выпадак смерці кранальны пост
Надзея Мялешка каля трох гадоў змагалася з ракам грудзей, піша "Наша Ніва".
«Мілыя, любімыя, родныя. Калі вы чытаеце гэты пост, значыць мяне ўжо няма тут, на гэтай зямлі. Мая душа дзесьці далёка, і мне больш не балюча. Я папрасіла каманду выкласці яго ў той дзень, калі пайду.
Ведаеце, я пражыла такое слаўнае жыццё, у ім было столькі цуду, дзіўных людзей, у ім была сапраўдная любоў, шчаслівае мацярынства, творчасць, шчырае сяброўства.
Сыходжу з велізарным сумам, бо гэтага жыцця, выдатных дзён, радасці нам заўсёды будзе мала, заўсёды… Але больш за ўсё месца ў маім сэрцы займае ўдзячнасць! За ўсё, што было, за ўсё, што змагла пакінуць пасля сябе».
Надзея напісала, што ў сярэдзіне красавіка выйдзе яе кніга, яе гісторыя «барацьбы і шчасця насуперак страшнаму дыягназу».
«Я змагалася столькі, колькі магла. Да апошняга свайго ўздыху, але… прыйшоў час развітвацца. Дзякуй, што былі са мной. Дзякуй за сотні тысяч добрых слоў, цёплых абдымкаў, веры ў мяне».
Надзея Мялешка — папулярная беларуская блогерка, а таксама жонка былога хакеіста беларускай зборнай Дзмітрыя Мялешкі.
У студзені 2020 года ў Надзеі Мялешкі выявілі рак грудзей трэцяй стадыі. У ліпені таго ж года хвароба ў блогеркі перайшла ў стадыю рэмісіі. Але ў сакавіку 2021-га Надзея паведаміла, што хвароба вярнулася, дактары знайшлі ў яе метастазы ў печані.
Жанчына працягвала сваё лячэнне ў Германіі, куды пераехала з сям’ёй. Яна запусціла дабрачынны фонд у падтрымку анкахворых.
Чытайце яшчэ:
Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў
«Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь
Абвінавачанне запатрабавала тры гады калоніі для журналіста Дзмітрыя Семчанкі