«Памаўчы са мной па-беларуску». Кранальны пост літаратара Міхася Скоблы да 75-годдзя Яўгеніі Янішчыц
У дзень 75-годдзя Яўгеніі Янішчыц паэт і літаратар Міхась Скобла падзяліўся на старонцы Facebook успамінамі пра той час, калі яна працавала ў часопісе «Маладосць». І нагадаў пра трагічны лёс творцы ва ўмовах ціску з боку дзяржавы.
«Напрадвесні 1985 года на філфаку БДУ мяне знайшоў ліст з часопіса «Маладосць» за подпісам Яўгеніі Янішчыц. На афіцыйным бланку, але напісаны зусім неафіцыйна, той ліст прыветліва паведамляў, што мае вершы прыняты да друку і будуць апублікаваны ў адным з бліжэйшых нумароў. Так і сталася. Неўзабаве я ўжо скупляў красавіцкую «Маладосць» у шапіках і дарыў сімпатычным аднакурсніцам.
Мой статус у іхніх вачах пасля гэтага заўважна падрос. У вачах аднакурснікаў падрос таксама – пасля атрымання часопіснага ганарару. Не жарты, 150 савецкіх рублёў — трохмесячная стыпендыя!
Адзначыўшы дэбютную публікацыю, я патэлефанаваў Янішчыц, спехам падзякаваў і самаўпэўнена заявіў, што мáю вершаў на дзесяць падборак, а паколькі сыходжу ў войска, то гатовы прынесці… Яўгенія Іосіфаўна сказала, што для першакурсніка я занадта настойлівы. І дадала, што часопіс плануе выдаваць сваю бібліятэчку, маўляў, зойдзеце пасля арміі.
Я пакрыўдзіўся і нават праз два гады ў рэдакцыю не зайшоў. Зайшоў у кнігарню, дзе мне трапілася на вочы свежавыдрукаваная кніга «Каліна зімы» — лепшая ў Яўгеніі Янішчыц. Так мне бачылася тады, так я працягваю лічыць і сёння. Там былі вершы, якія чапляліся за памяць, як ваўчкі дзядоўніка за крысо — раз прачытаў, і ўжо яны табе спадарожнікі на ўсё жыццё.
«На гарышчы зазвіняць шумёлы, / і вуздэчка заіржэ з сянец». «Кажаш, што магілы зараслі? / Памаўчы са мной па-беларуску». «Рыфму, як іскру, з дарог выкрасае / незацуглянай паэзіі конь!»
Крыўда сышла, як вада ў пясок, затое ўзнікла — дыстанцыя. Якая звычайна існуе паміж пачаткоўцам і класікам. І хоць класікаў (жывых і мёртвых) у філфакаўскай навучальнай праграме хапала, да Яўгеніі Янішчыц з той пары я ставіўся са шчырым шкалярскім піетэтам. Рукапіс зборніка, прызначанага для бібліятэчкі «Маладосці», пакінуў у прыёмнай — так мне было прасцей.
А потым, як гром з яснага неба, па нашым студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай імгненна разляцелася вестка: на Старажоўцы… Янішчыц… з балкона восьмага паверха… Дзяўчаты плакалі. Назаўтра на лекцыі Алега Лойкі мы ўшанавалі паэтку хвілінай маўчання. Запомніліся словы прафесара: «Закончылася жыццё, пачалося жыціе».
Тая трагічная смерць да нашых дзён застаецца таямніцай. Пару гадоў таму на экранах БТ мільгануў дакументальны фільм «Небяспечны талент», зняты ў стылістыцы ясенінскага «чорнага чалавека». Там за Янішчыц (яе ролю выканала Аксана Данільчык) паўсюдна віжуюць чорныя цені, наганяючы вусціш у душы гледачоў. І паэтка, так падказвае фільм, не вытрымала…
Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які 25 лістапада 1988 года падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня? Чорт, як вядома, можа выскачыць і з табакеркі, а чорны чалавек – адкуль заўгодна, хоць са шлюбнага пярсцёнка.
Узяўшы ў 1971 годзе шлюб з афіцэрам савецкай арміі і таксама паэтам Сяргеем Панізнікам, Янішчыц жыла з ім у Чэхаславакіі, дзе пазнаёмілася са спеваком Міхалам Забэйдам-Суміцкім, перадрукоўвала і парадкавала яго архіў. За што атрымала ад старога эмігранта срэбны пацірык.
А калі лейтэнант Панізнік асудзіў савецкую акупацыю 1968 года —закруцілася машына, якая ў Савецкім Саюзе стаяла заўжды напагатове. Мужа за антысавеччыну звольнілі з войска і выключылі з КПСС. Жонку шматкроць выклікáлі на задушэўныя гутаркі ў адпаведныя органы. Пазней Панізнік з горыччу прыгадваў: «Нас развялі, як разводзяць масты, – уключаюцца рычагі, раскручваюцца махавікі». Шлюб быў скасаваны, але «рычагі і махавікі», як выглядае, не пакінулі паэтку ў спакоі. Былога мужа з партыі выключылі, а яе — прынялі, ён доўгі час быў невыязны, а яе адправілі ў Нью-Ёрк на сесію ААН…
«Махавікам і рычагам» патрэбен быў абяскоджаны талент, але талент заставаўся па-ранейшаму непрыручаны, а значыць, небяспечны. Да таго ж быў характар — па-паляшуцку незалежны і ўпарты. Гэта ж яшчэ школьніцай Жэня Патапчук вырашыла: «Расстралянаму прозвішчу / абяцаю жыццё!». І стала Яўгеніяй Янішчыц — у памяць забітага немцамі першага мужа сваёй маці.
Пасля Нью-Ёрка ад паэткі патрабавалі палітычных памфлетаў пра варожы капіталістычны свет, а яна пісала пранізлівыя вершы пра драму Айседоры Дункан і Сяргея Ясеніна, спачувала суайчыннікам забітых братоў Кенэдзі, захаплялася Хэмінгуэем і Эн Сэкстан.
«Махавікі і рычагі» не адступаліся — шантажавалі і запалохвалі, але ў адказ гучала рашучая водпаведзь: «Горка на чарнобыльскім Палессі, / хоць збірай майно на Калыму. / Наступіць на горла ўласнай песні? / А за што, прабачце, і чаму?»
«На горла ўласнай песні» Яўгенія Янішчыц так і не наступіла. Гэта відно асабліва цяпер, калі выйшаў у свет яе збор твораў, падрыхтаваны Тамарай Аўсяннікавай і Святланай Калядка. У дагоду «махавікам і рычагам» там — ні слова.
Ці фігуруе дом №8 на Старажоўцы ў нейкіх патаемных данясеннях? І ці з’явяцца калі тыя данясенні ў музеі паэткі на яе радзіме ў Парэччы на Піншчыне, дзе самаахвярнай рупнасцю настаўніцы Антаніны Сідарук ужо сабрана 1228 экспанатаў? Яго Вялікасць Час некалі расставіць усе кропкі над ï. А нам на вечнае суцяшэнне застаецца высокая паэзія незламанай паляшучкі, эпіграфам да якой асабіста для мяне застаюцца радкі са знакамітага «Сказа пра Лысую Гару»:
Але на зло іх крыку «Знішчыць!»
З глыбінь народнага жыцця
Увысь ірвалася Янішчыц —
Палесся мілае дзіця».
Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц (20 лістапада 1948 — 25 лістапада 1988) — беларуская паэтка, перакладчыца. Яе вершы — адна з самых яскравых і пранікнёных старонак беларускай літаратуры XX стагоддзя. Акрамя творчай дзейнасці Яўгенія Янішчыц займалася літаратурнай крытыкай, працавала ў розныя перыяды літкансультантам у «Сельскай газеце», загадчыкам аддзела ў часопісе «Маладосць». У 1988 годзе паэтка трагічна загінула: выпала з восьмага паверха свайго дома ў Мінску. Па афіцыйнай версіі гэта адбылося выпадкова.
Чытайце яшчэ:
Рэжысёр Зміцер Чэ: «Узаемадзеянне з беларускай аўдыторыяй бы азбука Морзе: ты грукаешся, табе адстукваюць, а потым ты гэта расшыфроўваеш»
Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»
«Мне здалося, што смерць падышла да мяне». Лёсы расстраляных паэтаў: Ізі Харык