«Мне здалося, што смерць падышла да мяне». Лёсы расстраляных паэтаў: Ізі Харык
Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў курапацкім лесе.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.
Ізі Харык
Іцхак (Ісак) Давыдавіч Харык быў такім папулярным, што мог, не раўнуючы цяперашні Някляеў, збіраць стадыёны.
Выдатны паэт, майстар формы, ён заслужана карыстаўся поспехам і мог бы шмат чаго яшчэ прыўнесці ў беларускую паэзію, калі б не заўчасная трагічная смерць: Ізі Харык быў адным з тых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якіх гвалтоўна пазбавілі жыцця ў 1937 годзе.
Але ўсё па парадку. Паводле афіцыйных даных, нарадзіўся Іцхак Харык 17 сакавіка 1898 г. у вёсцы Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Чаму «паводле афіцыйных даных»? Таму што ёсць версія, што Харык «скараціў» сабе два гады, калі захацеў ажаніцца з Дзінай Матлінай, з якой розніца ва ўзросце была больш за 10 гадоў.
Вучыўся ў хедары (пачатковай яўрэйскай школе) і ў народнай школе Зембіна. З 19 гадоў стала жыў у Мінску, дзе паступіў у медыцынскі інстытут (1921), але праз год кінуў — відаць, вырашыўшы, што не бываць яму медыкам. Але яшчэ да таго паспеў папрацаваць рабочым, пекарам і аптэкарам. А вось сваю літаратурную «зорку» Ізі Харык займеў афіцыйна — скончыўшы Маскоўскі ўніверсітэт.
У 1919 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, і з таго моманту пачаўся «камуністычны» перыяд яго жыцця: Харык стаў шчырым будаўніком савецкага сацыялізму. З 1928-га паэт — частка рэдакцыі часопіса «Штэрн», які пасля ён узначальваў. Рэдакцыя «Штэрна» месцілася ў Мінску на вул. Рэвалюцыйнай, 2, і гэты будынак, дарэчы, захаваўся да гэтага часу — што праўда, без аніякай памятнай шыльды.
Плённы мінскі перыяд адзначыўся для паэта не толькі ўздымам кар’еры і новымі вершамі, але і асабістым жыццём: нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Дзіна Матліна такі дала згоду на шлюб, і амаль адзін за адным у пары нарадзіліся двое хлопчыкаў — Юлік (1934) і Давід (1936), лёс якіх пасля арышту бацькоў застаўся невядомым. Нейкі час сям’я жыла ў навабудзе ў самым цэнтры Мінска, на вул. Савецкай, 148 — на гэтым месцы зараз знаходзіцца рэдакцыя газеты «Вечерний Минск».
Як і многія паэты таго часу, Ізі Харык пісаў «гімны» камуністам і ГПУ, а ў 1936 г. быў адным з сааўтараў вершаванага ліста «Вялікаму Сталіну ад беларусаў» — разам з Андрэем Александровічам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам, Якубам Коласам і Янкам Купалам. Адначасова ж клапаціўся пра маладых паэтаў і дапамагаў ім. Зрэшты, наколькі шчырым было першае і другое, можна ўбачыць у яго вершах, дзе не-не ды і прамільгнуць «акрываўленыя» радкі.
Творчая спадчына паэта досыць вялікая: яшчэ пры жыцці ён меў 11 кніг — зборнікаў і паэм, — першая з якіх, «Трапятанне», выйшла ў Мінску ў 1922 годзе. Пісаў на ідышы і перакладаў на ідыш беларускамоўных аўтараў. Яшчэ 9 зборнікаў яго вершаў у перакладах на рускую і беларускую мову выйшлі пасля яго смерці. У 2008 г. выйшла двухмоўная кніга «Туга па чалавеку» — арыгінальныя вершы Ізі Харыка на ідышы з перакладамі на беларускую. А ў 2017 годзе ў межах праекта «(Не)расстраляная паэзія» беларуская спявачка Света Бень запісала дзве песні на вершы паэта: «У шэрым змроку» і «Век настане такі…».
Ізі Харыка не стала ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — сумнавядомую ноч для беларускай культуры. Абвінавачаны ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай дзейнасці», ён быў расстраляны па загадзе вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР, прычым імёны катаў і забойцаў вядомыя: ордэр на арышт падпісваў наркам унутраных спраў БССР Барыс Берман, арыштоўваў малодшы лейтэнант Шэйнкман, катавалі той жа Шэйнкман і сяржант Кунцэвіч. Вядома, што пасля катаванняў у мінскай турме Ізі Харык біўся галавой аб сцяну і пытаў: «За што?».
Рэабілітаваны ў 1956 годзе. Удаве паэта Дзіне Харык некалькі разоў давялося звяртацца да кіраўнітцва краіны, каб мець пенсію. За яе прасілі беларускія паэты Максім Танк і Пятрусь Броўка. Дзіна Харык правяла ў зняволенні 9 гадоў.
Туга па чалавеку (In benkshaft nokh a mentshn)
Стэп і стэп… Палыновае поле.
Сонца зыркае плавіць дарогі.
Толькі сонцу і ветру прыволле.
І палын і туга – да знямогі.
Травы вострыя, ў вострым паветры
Ціха дыхае мята спрадвеку.
Цішыня тут крычыць, і — павер ты! —
Кліча скрозь цішыня чалавека.
Цішыня тут вісіць медным звонам —
Гулка рэха адклікнецца дзесьці.
Быццам вол, ты захочаш, стамлёны,
На рагах цішыню гэту несці.
Дзікі стэп… Паглядзіш — і здаецца
Вёска даўно забытаю выспай.
Дрофа тлустая ў травах прачнецца ―
Цішыня прагучыць, нібы выстрал.
Ані дрэўца… Не ўзрадуе вока
Роснасць сытая стомленай нівы…
Стэп — у мроіве шызым навокал —
Чалавека чакае тужліва.
(пераклад Анатоля Вялюгіна)
У нашым садзе… (צו אונדז אין סאָד)
У нашым садзе не сустрэць нікога,
каго завабяць прывіды нуды,
каго заманіць ціша і знямога —
у нашым садзе зелені аблога,
а ў зелені хаваюцца плады.
Шуміць тут вецер, і жывыя сокі,
і дрэвы, што на радасць прараслі.
Што ні камель — то вымахаў высокі,
і што ні крона — то ўрасла ў аблокі,
і погляды губляюцца ў галлі.
І дзікі сад дзівосна прамяніцца,
яго не падразалі ўжо гады.
Тут водары смалы і навальніцы,
і трэск кары, і кропелькі жывіцы,
і важкія саспелыя плады.
(пераклад Ганны Янкута)
* * * (Ikh gej un gej – un s’ruft der veg alts vajter…)
Іду, іду, а шлях удалеч кліча.
Плывуць лісты у восеньскай вадзе.
Здаецца, гэта нават не кастрычнік,
А самы ясны і вясновы дзень.
Іду, іду і не хачу спыніцца.
А восень у блакіце і агні.
І чую – нешта звоніць у зеніце,
А можа, сэрца ўласнае звініць?
Я не хачу і не магу згадзіцца,
Што будзе снег, і сцюжа, і імгла.
Іду, іду і не магу спыніцца
У гэтым свеце чыстага святла.
(пераклад Сяргея Грахоўскага)
* * * (S’iz jedern gegebn ful un fil…)
Не трацьце сябе ў паняверцы,
Ні сілы, ні веры на шчасце.
Здаецца, не зможаш памерці,
Калі маеш добрае сэрца
Для вылету з вокнамі насцеж.
Я радасць сваю параўнаю
Хіба што з крыніцай бруістай.
Не дам яе выветрыць маю,
Закідаць асенняму лісту.
Яе не ўтаптаць у траву.
Разбіце мне лепш галаву,
Чым вокны у сэрцы агністым.
Маёй сівізны халады
Спыніць мяне будуць не ў стане.
Прайду праз жыццё маладым!
Ты чуеш, зямля, маладым,
Пакуль маё сэрца не стане!
(пераклад Уладзіміра Паўлава)
* * * (Fundanen shraj ikh azh tsum tsentn dor…)
Адсюль крычу я сэрцам і душою
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сённяшняе нашае, зямное
Жыццё-быццё не здасца цудам вам.
Далёка там, у прышласці шчаслівай,
Шукаць для нас не ўздумайце акрас,
Не аздабляйце лірыкай гуллівай,
Легендамі не карануйце нас!
Не карануйце нашыя галовы
Карункамі, сатканымі з святла…
Мы тут былі, мы тут жылі сурова,
І праўда нас суровая вяла.
Мы першыя цагліны закладалі,
І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…
Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі
Аб пары крыл мяцежных за спіной.
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З’яднаныя ў адзіную сям’ю…
І суджана яшчэ адно было нам —
Пакінуць з песняй гэтую зямлю.
Таму і шлю без смутку, без тугі я
Ад нас, ад акрываўленых, наказ…
Адсюль крычу я ў заўтра:
— Дарагія,
Крылатыя, не карануйце нас!
(пераклад Аркадзя Куляшова)
* * * (Ikh hob plutsling hajnt dem tojt derfilt…)
Мне здалося,
Што смерць падышла да мяне,
І, нібы ад змяі,
Я ад смерці адскочыў.
Не магу ў цемнаце я маўчаць
І марнець,
Так, як вёска,
Што снегам засыпана ўночы.
Асалоды такой
Не хачу і на дзень,
Каб нічога не бачылі
Быстрыя вочы.
Да вяроўкі тугой
Не цягнуўся нідзе,
Як малы да грудзей
Дацягнуцца так хоча.
З той пары,
Як самога сябе я пазнаў,
У грудзях,
Як вясной у плаціне, напята.
Мне здаецца,
Што ў дужыя рукі я ўзяў
Існавання свайго
І канец і пачатак.
Можа, нехта ў мяне
Будзе ноччу страляць,
Але хіба са мною
Спаткаецца куля?
Небяспечна са смерцю
У жмуркі гуляць.
Аж няёмка мне стала
За гэткія гулі.
(пераклад Юрася Свіркі)
У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кнігі «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), сайтаў «Радыё Свабода» і belisrael.info, інтэрнет-часопіса «ПрайдзіСвет», а таксама лекцыі Вольфа Рубінчыка.