• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пальчыс: Пра гісторыю трэба пісаць па-руску, пра порназорак — па-беларуску

    Эдуард Пальчыс ва ўсіх інтэрв'ю пасля вызвалення з-пад варты гаворыць, што яму нязвыкла быць медыйнай персонай, што ён такі ж, як і ўсе. З гэтым "простым чалавекам" прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паразмаўляла пра распрацоўку беларускіх актывістаў у ФСБ, дэпрэсіі ў зняволенні, рускамоўны нацыяналізм і як пашырыць аўдыторыю выдання праз публікацыі пра гісторыю і порназорак.

    Эдуард Пальчыс

    — Калі прыехаў у Жодзіна ў сярэдзіне чэрвеня гэтага года і пачалі дзясяткамі прыходзілі лісты, я зразумеў, што ананімнасць мая цалкам згубленая. Цэнзура незадаволеная, калі многа лістоў, бо ім гэта трэба ўсё чытаць. А для тых, хто сядзіць, ёсць вялікая праблема забойства часу. А тут прыходзіла многа лістоў, я імкнуўся на іх адказваць і дні праляталі хутчэй. І гэта сапраўды падтрымка, бо ёсць інфармацыйная ізаляцыя. Для мяне гэта было самым цяжкім, а не харчаванне ці побытавыя ўмовы.

    Выпісваць можна ўсё, што ёсць у каталогу “Белпошты”. Я выпісваў “Белгазету”, “Нашу Ніву”, “Народную волю”, “Народную газету”, “Белорусы и рынок”, “Наша слова”. Бясплатна прыносілі “СБ. Беларусь сегодня”, і нават яна была ў радасць, калі нічога іншага не было. На свабодзе за дзень можна прагледзець сотні крыніц інфармацыі, а там толькі газеты і лісты.

    — Пасля такога “маніторынгу” друкаваных СМІ можаце сказаць, чаго ім не хапае?

    — У журналістыцы ў нас не хапае бізнесу. У СІЗА сядзяць багацеі і нікому яны ўжо непатрэбныя, калі трапляюць у турму. Бізнес мусіць быць зацікаўлены ў незалежнай журналістыцы, якая б абараняла ад сілавікоў. Але яны думаюць, што цяпер усё добра і можна зарабляць грошы, таму, СМІ, ідзіце вон!  А на Валадарцы пачынаецца іншае.

    Для маладых людзей — падлеткаў — у нас няма медыяў, якія б пісалі пра палітыку “на іх мове”. Таму яны сядзяць у пабліках у сацсетках і з карцінак даведваюцца пра грамадска-палітычнае жыццё.

    Мяне крытыкавалі, што мае артыкулы агрэсіўныя, з мацюкамі. Але такая мова акурат гэтай аўдыторыі. А праз некалькі год гэтыя людзі стануць выбарцамі, работнікамі, ад іх пачне многае залежыць.

    Трэба рабіць такога ўзроўню кантэнт, каб яго чыталі нават рускамоўныя. А калі са сваёй тусоўкі рабіць героя, то гэта праца на вузкае кола, на ўнутранае акружэнне.

    Трэба рабіць перакрыжаванне. Напрыклад, пішам артыкул пра палітыку, гісторыю цікава і па-руску. А тэкст у стылі “10 лепшых порназорак”, “З кім сутракаецца Ксенія Сітнік” — па-беларуску.

    Гэтыя артыкулы будуць чытаць і рускамоўныя, бо яны завабліваюць. У выніку будуць разбурацца межы нашага “гета”.

    — Мяркуеце, беларускія выданні адэкватна рэагуюць на сучасныя выклікі, зрабілі высновы з украінскіх падзей?

    — Думаю, усім беларускім журналістам трэба вучыць англійскую мову і арыентавацца на заходнія медыя. Бо мы заўсёды тармозім у сферы новых тэндэнцый. Тлумачальная журналістыка з ЗША перакачавала ў Еўропу, затым у Расію і ўжо адтуль да нас. У нас толькі цяпер пачалі асэнсоўваць значнасць сацыяльных сетак. На Захадзе яшчэ тры гады таму зразумелі, што сацсеткі вымагаюць актыўнай працы.

    Цяпер трэба быць сучасным, каб заваяваць любоў чытача, каб быць канкурэнтным з расійскімі СМІ.

    Калі ў 2014 годзе я пачаў пісаць пра вайну і вайсковую пагрозу, многія ў Face­book гаварылі мне, што я неадэкватны, радыкал, ультразмагар. А сёлета ў СІЗА ў Жодзіна я адкрываю газету, а там артыкул кшталту “Як падрыхтавацца да вайны”. Цяпер гэтай тэме надаюць больш увагі, яна не аспрэчваецца.

    Але я думаю, што мы ізноў-такі адстаем у гэтай інфармацыйнай вайне.

    Трэба рабіць больш расследванняў. Напрыклад, прыязджае прапагандыст Уладзімір Салаўёў у Мінск. Але гэта неадназначная асоба. Па ім можна добра прайсціся. Мы ж расслабленыя, сядзім п’ём каву і думаем: “Ну, ёсць пагроза, але не сёння вечарам гэта здарыцца”.

    Калі мы праігнаруем гэтую падзею, то расійскія СМІ пакажуць што ім трэба: прыехаў Салаўёў, сабраў поўную залю і гэтак далей. Нам трэба адказваць гэтак жа. Памятаеце пра прыезд Старыкава, які хацеў зрабіць ледзь не тур па Беларусі, а ў выніку зашыўся ў Доме Масквы і ўсё. (Расійскі ідэолаг і пісьменнік Мікалай Старыкаў прыязджаў год таму ў Мінск, — рэд.).

    — Ці лёгка ўзрушыць грамадства ў Беларусі інструментамі прапаганды?

    — Калі расійская масавая прапагандысцкая машына возьмецца, то гэта зрабіць вельмі лёгка. Цяпер па Беларусі адпрацоўваюцца невялікія бюджэты. Калі я быў у Бранску і глядзеў RenTV, то там многа сюжэтаў з такім пасылам: Лукашэнка — здраднік, Лукашэнка — хітры, Лукашэнка хоча выкарыстоўваць Расію толькі як донара, не прызнае ЛНР, ДНР, рускі мір. І гэтак далей. Гэта робіцца не па цэнтральных каналах, але ўжо ёсць.

    І можна сказаць, што мы здраднікі, можна стварыць нацыяналістаў, праспансаваць іх і зладзіць нейкую правакацыю. Пытаннне ў тым, каб грамадства, дзяржава, медыйныя людзі трымалі інфармацыйнае поле.

    — Вы з’ехалі ва Украіну восенню 2015 года, а ўжо ў студзені 2016-га вас затрымалі ў Расіі. Чаму так хутка вярнуліся з Украіны, што там не склалася?

    — Калі з’язджаў, то ўжо думаў як вярнуцца назад. Гэта не была класічная эміграцыя. Я выехаў, каб, у тым ліку, людзі ведалі што адбываецца. Бо тут пад падпіскай аб неразгалошванні можна было нагаварыць сабе яшчэ на адзін тэрмін. Я не планаваў з’ехаць надоўга. Мне лягчэй адсядзець 2–3 гады, чым бадзяцца ў далечыні ад радзімы, родных і сяброў 15 год. Гэта маё светабачанне. Мне падабаецца тут жыць нават з усімі складанасцямі.

    Калі быў у Кіеве, мы сустракаліся з Паўлам Шараметам, з хлопцамі з Brut­to. Усе гаварылі, што хочуць вярнуцца ў Беларусь. Усе і вяруліся, але па-рознаму.

    — Вас затрымала расійскае ФСБ, гэта было зроблена толькі ў межах беларускай крымінальнай справы?

    — ФСБ цікавілася мной і, як я зразумеў, іншымі людзьмі. Напрыклад, Андрэем Кімам. Відаць, далі загад зверху супрацьдзейнічаць тым, хто актыўнічае ў інфармацыйнай прасторы. Я быў у міждзяржаўным вышуку, але ў Расіі таксама спрабавалі выцягнуць паказанні, каб завесці яшчэ адну справу ўжо там. Ішла гульня: я выдаваў, што ўсё не маё і я не той чалавек, а ім трэба было абвергнуць. Прапаноўвалі прызнацца і атрымаць умоўнае на 2–3 гады ў Расіі, палохалі, што ў Беларусі дадуць пяць год.

    — Ці нармальна быць рускамоўным нацыяналістам?

    — У нас такі аднабокі падыход. Ці нармальна быць англамоўным ірландскім нацыяналістам? Мы не адзіны народ, што карыстаецца іншай мовай у выніку палітыкі. Я не бачу ў гэтым праблемы. Гэта мы заўсёды шукаем нагоду, каб пакапацца ў недахопах.

    — Якія ўражанні засталіся ад пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі?

     — Гэта бедная сістэма, нестае грошай. Трэбы было б больш адказна ставіцца да набору кадраў, бо некаторых можна закрываць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Яшчэ вельмі важна наладзіць медыцынскую дапамогу. Бо, калі чалавеку там стане кепска, гэта стварае вялікія праблемы. Калі ў Жодзіна ў некага баліць зуб, то можна месяц-два не мець магчымасці трапіць да доктара. Аспірынка і вугаль ад усіх хваробаў. Калі чалавек памірае ў турме, але яго можна было б уратаваць – гэта жахліва.

    Мяне не білі, я не бачыў і не чуў падобнага. Наконт катаванняў, думаю, гэта магчыма, калі паступіць наўпроставы ўказ зверху. Але побытавыя ўмовы такія, што іх можна прыраўніваць да катаванняў. Напрыклад, людзі месяцамі жывуць без кіслароду. Уявіце, калі ў камеры на 10–15 чалавек усе паляць. Людзі проста жывуць у дыме. І праз некаторы час пачынаюцца розныя хваробы.

    У мяне больш пытанняў наконт неадэкватных дзеянняў сілавікоў падчас затрыманняў — там сапраўды многа збітых, людзі трапляюць у рэанімацыю. (У МУС на гэты конт ёсць сваё меркаванне — рэд.)

    Статус палітвязня ні на што падчас зняволення не ўплываў. Не факт, што людзі, якія там працуюць у ахове, ведалі пра гэта. Але гэты статус мог паўплываць на прысуд, патрымку людзей.

    — Распавядзіце з якімі настроямі людзі знаходзяцца ў зняволенні, пакуль ідзе следства.

    — У некага моцная псіхіка і нармальна паводзіліся, нехта ў моцную дэпрэсію скатваўся. У Расіі я бачыў, як чалавек спрабаваў здзейсніць самагубства — ноччу пайшоў у прыбіральню і там спрабаваў парэзаць вены.

    — Беларускія і рускія СІЗА адрозніваюцца моцна?

    — У беларускіх турмах лепш кормяць. На дэпартамент выканання пакаранняў трэба сапраўды больш грошай даваць, бо садзяць многа людзей. У нас у турму патрапіць лягчэй, чым знайсці працу. Але ў Расіі ў некаторых турмах можна мець dvd-плэеры, лядоўні, тэлевізары. У нас з гэтым больш строга.

    — Сярод супрацоўнікаў МУС ці многія добра да вас ставіліся? Пасля прысуду журналісты бачылі, як адзін міліцыянт вас віншаваў.

    — Гэтаму чалавеку яшчэ працаваць, таму я нікога не буду хваліць там. Ёсць людзі нармальныя і ў турмах. Але я сваё адсядзеў, а многім яшчэ гэта даводзіцца выносіць. Добрыя людзі ёсць паўсюль, нікога не буду хваліць, але прывітанне перадаю.

    — Няволя вас змяніла?

    — Я не скажу, што мяне гэтыя падзеі моцна змянілі. Але, хіба, раскрылі некаторыя бакі. Я стаў больш стрэсаўстойлівы, менш увагі звяртаю на розную побытавую драбязу, убачыў колькі светлых, разумных людзей сярод нас. Гэта вельмі натхняе.

    — «Не вер, не бойся, не прасі» актуальна для тых, хто трапляе ў такія сітуацыі?

    — Трэба верыць у сябе, сям’ю, Беларусь, у тых, хто дапамагае. А так — слушнае выслоўе.

    — Чаму вы сябе адасабляеце ад беларускай апазіцыі?

    — У нас слова апазіцыя за гэтыя гады змянілася і не адлюстроўвае перашапачатковы сэнс тэрміну. Я сябе дыстанцырую, бо не быў ніколі звязаны з палітычнымі партыямі, структурамі. Я — звычайны чалавек. Грошай мне, на жаль, таксама ніхто ніколі не плаціў — ні Вашынгтон, ні ЕС. Я бачу хібнасць іх мыслення, безадказнасць. Людзі крытыкуюць паводле старога шаблону 20-гадовай даўніны, гавораць гадамі адно і тое ж. Чалавек, які сапраўды хоча прыйсці да ўлады, будзе дзейнічаць шырэй. У Жодзіна я чытаў такія вялікія дэбаты наконт допуску ў парламент двух дэпутатаў ад апазіцыі. Але ці гэта паўплывае на ўладу? Бо пытанне ўлады ўсё ж звязанае з нацыянальнай самасвядомасцю, бяспекай. Канешне, лепш па адной і той жа сцежцы хадзіць — “Мы рыхтуемся да наступных выбараў”. І так 25 год. Я зычу ім больш крэатыўнасці.

    Гэтая гісторыя стварыла вам добры сацыяльны капітал, пазнавальнасць, аўтарытэтнасць. Што будзеце з гэтым набыткам рабіць?

    Я асэнсоўваю гэта. Але яшчэ раз кажу, што я звычайны чалавек. Такі ж, як і людзі, якія чыталі мой сайт. Буду працягваць у тым жа рэчышчы. Можа, я і хацеў бы нейкі супер-праект зрабіць, але не маю адпаведных рэсурсаў.

    Пра пошук працы, сферу дзейнасці думалі ўжо?

    — Цяпер у мяне няма асаблівага выбару, буду шукаць працу, звязаную з медыя, інфармацыяй, журналістыкай.

    — Ці змянілася Беларусь за гэты час?

    — Так. Асабліва заўважна гэта па тэлебачанні. Цяпер менш прапаганды, інфармацыйнага трэша. Стала больш нацыянальнага — беларуская мова, вышываначкі. Не скажу, што беларускае ТБ стала больш праўдзівым, але жорсткай прапаганды, што аж рэжа вуха, няма.

    — Вы не бачыліся з жонкай амаль год, складана вярнуцца да сям’і?

    — Не бачыцца 9 месяцаў — невялікі тэрмін. Спатканняў не давалі, але мы пісалі лісты. Цяжка было ў Бранску, бо не было ніякай сувязі. Раней адпраўлялі ў лагеры на 25 год і нічога — чакалі. У параўнанні з часамі нашых дзядоў, цяпер жыццё куды больш камфортнае.

    Мы ажаніліся ў верасні 2015 года. Даўно хацелі гэта зрабіць, але ўсё адкладвалі. Таму дзякуй КДБ, што падштурхнулі нас гэта хутчэй зрабіць (усміхаецца). Жонка мае іншы юрыдычны статус, чым нявеста, а гэта важна падчас следства.

    — Наколькі цяжка з грашовага боку для родных падтрымліваць чалавека пакуль ён знаходзіцца ў СІЗА?

    — Я не пытаўся дакладна пра сумы, але з улікам перадач, аплаты адваката ў месяц выходзіць у памеры сярэдняга заробку. Але можа быць і куды больш, да некалькіх тысяч долараў толькі за паслугі адваката.

     

    ***

    Крымінальную справу на Эдуарда Пальчыса завялі ў 2015 годзе. Увосень таго года ён выехаў ва Украіну, але затым вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ён меркаваў, што яго могуць затрымаць на ўкраінска-беларускай мяжы, а таму паехаў праз Расію, дзе і быў затрыманы.

    23 студзеня 2016 года Пальчыса змясцілі ў СІЗА Бранскай вобласці ў Расіі. У чэрвені яго экстрадзіравалі ў Беларусь.

    Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем.

    (Дэ)камунізацыя эфіру. Анлайн-канферэнцыя 4 лістапада, дасылайце пытанні!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці