Пальчыс пасля вызвалення: сілавікі стварылі папулярнасць сайта 1863x.com
"Я быў маленькім блогерам, але сілавікі вырашылі прапіярыць мой сайт".
Пасля абвяшчэння прысуду і вызвалення з‑пад варты ў залі суда Эдуард Пальчыс сцісла адказаў на пытанні журналістаў. Да слова, людзей на абвяшчэнне прыйшло столькі, што не ўсе змаглі змясціцца ў судовай залі. Пальчысу сёння ж спаўняецца 26 гадоў.
— Для мяне даволі непрывычна быць у медыйным полі, бо я прызвычаіўся працаваць ананімна. Але з кожным я яшчэ паразмаўляю ў бліжэйшы месяц, з кожным буду гаварыць хаця б віртуальна. Я таксама хацў бы выказаць спачуванне родным і блізкім Паўла Шарамета, камандзе “Беларускага партызана”, калектыву “Украінскай праўды”. Мне дагэтуль не верыцца, што яго забілі. Будзем імкнуцца, каб ніколі не было забыта, што рабіў Шарамет — думаю, гэта справа гонару для кожнага журналіста.
Эдуард сказаў, што не можа каментаваць закрыты судовы працэс па сваёй справе, бо падпісваў дакументы аб неразгалошванні.
“Але было весела. Закрылі, відаць, каб не бачылі цырка, што там быў. Я думаў, што дадуць гады тры. Але ўсё пайшло больш пазітыўна”, — сказаў Эдуард.
Ён распавёў,што падчас знаходжання ў СІЗА яму перадавалі інфармацыю пра вялікую падтрымку і салідарнасць з волі. Таму яго вызваленне — вынік гэтай неабыякавасці.
“Гэта вынік працы ўсіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці, людзей, якія пісалі, падтрымлівалі. Калі б гэтага не было, то, хутчэй за ўсё, я б ціха асудзіўся гады на тры. Гэта ваша заслуга”, — сказаў Эдуард Пальчыс. Гэтыя словы ён паўтараў не адзін раз.
Паводле Эдуарда, з атрыманнем статуса палітвязня нічога не змянілася ў яго жыцці, “большымі порцыі ў СІЗА не сталі”.
Таксама блогер, аўтар сайта 1863x.com не мае тлумачэння якім быў удзел расійскіх сілавікоў у гэтай справе.
“Я не ведаю, можа, яны вырашылі прапіярыць мой сайт. Я быў маленькім блогерам, але, дзякуючы гэтым артыкулам, цяпер гляджу ў камеры. Яны самі стварылі папулярны сайт”, — гаворыць Эдуард.
Ці ёсць у Беларусі свабода слова?
— Гэтая свабода адносная, пытанне толькі ў тым, колькі за яе дадуць.
Бліжэйшыя два месяцы Эдуард правядзе на «хатняй хіміі».
Пальчыса прызналі вінаватым па двух артыкулах КК: распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
З улікам утрымання пад вартай (дзевяць месяцаў, але дзень ідзе за два пры прызначэнні так званай «хатняй хіміі»), а таксама судова-медыцынскай экспертызы ў адмысловай медустанове (амаль месяц, дзень ідзе за дзень) Пальчыс ужо адбыў 19 месяцаў пакарання з 21 месяца прызначанага. Такім чынам, пад наглядам яму застаецца прабыць два месяцы.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з Пальчыса ў даход дзяржавы працэсуальныя выдаткі ў суме 286 рублёў 89 капеек (каля 147 долараў ЗША).
Пракурор прасіў прысудзіць блогера да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Крымінальную справу на Эдуарда Пальчыса завялі ў 2015 годзе. Увосень таго года ён выехаў ва Украіну, але затым вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ён меркаваў, што яго могуць затрымаць на ўкраінска-беларускай мяжы, а таму паехаў праз Расію, дзе і быў затрыманы.
23 студзеня 2016 года Пальчыса змясцілі ў СІЗА Бранскай вобласці ў Расіі. У чэрвені яго экстрадзіравалі ў Беларусь.
Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем.