Пагаршаецца здароўе асуджанага журналіста Сяргея Сацука, у СІЗА яму наўмысна не даюць патрэбныя лекі
Палітзняволены рэдактар "Ежедневника" Сяргей Сацук у лістах на волю наракае, што адміністрацыя СІЗА ў Магілёве, дзе ён чакае вынікаў апеляцыі ў Вярхоўным судзе і ў выпадку адмовы наступнага размеркавання ў калонію, адмаўляецца выдаваць яму патрэбныя кардыялагічныя прэпараты.
Сваякі Сяргея атрымалі ад яго два запар лісты з СІЗА турмы №4 Магілёва. Ён скардзіцца, што па-ранейшаму не мае ў неабходнай колькасці таблетак, як вынік — пачынае “сваволіць” сэрца.
“Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт, — падзяліліся са службай маніторынгу БАЖ яго блізкія. — Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму — само па сабе небывалае паслабленне. Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мярцальнай арытміі, бо для эканоміі таблетак, якія заканчваюцца, ужывае толькі палову ад неабходнага. Лекі, што мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна звяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць”.
Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, Сяргей Сацук вымушаны істотна змяншаць дозу, каб хапіла на больш працяглы тэрмін. Але такі “фокус” арганізм раскусіў і цяпер дае збоі. Аднак турэмныя кантралёры і медперсанал упарта адмятаюць відавочныя праблемы і вызначаюць уласны рэгламент: не выдаюць нават тое, чым цалкам забяспечваюць сваякі зняволенага журналіста.
Акрамя таго, палітвязня з невядомых прычын рэгулярна перакідваюць з адной камеры ў іншую, што не спрыяе як фізічнаму, так і псіхалагічнаму стану.
Большую частку лістоў ад саміх родных да Сацука яму не перадаюць.
У магілёўскім турэмным ізалятары, куды ў канцы мінулага года яго перавялі з мінскага СІЗА №1, Сяргей Сацук правядзе найменей некалькі бліжэйшых тыдняў — на 10 лютага запланаваны разгляд яго апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. Калі заяву не задаволяць, вязня этапуюць у адну з калоній узмоцненага рэжыму для адбыцця прысуджанага 8‑гадовага тэрміну зняволення.
Сам Сяргей Сацук не збіраецца капітуляваць і настроены на падставе фактаў даказаць уласную невінаватасць. БАЖ стала вядома, што апошні варыянт скаргі на “неадэкватны прысуд” ён склаў асабіста — раней працяглы час спецыялізаваўся на судовых тэмах, таму ведае нюансы не горш за юрыстаў. У выніку замест некалькіх старонак, першапачаткова падрыхтаваных адвакатам, апеляцыю напісаў на 85 аркушаў з раскладзенымі доказамі неабгрунтаваных абвінавачанняў.
Сяргей Сацук — галоўны рэдактар папулярнага партала «Ежедневник» (ej.by), адзін з самых вядомых расследавальнікаў. Яго затрымалі 8 снежня 2021 года, у той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. Да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска, праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязнем.
Летась 26 кастрычніка суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы па трох крымінальных артыкулах: “атрыманне хабару” (арт. 430 КК),“распальванне варажнечы” (арт. 130 КК), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК).
Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Таксама суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы суму ў памеры 12 тысяч 384 рублёў. Дзеля забеспячэння выканання прысуду арыштавана маёмасць журналіста: аўтамабіль, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя электронныя прылады.
Праблемы з уладамі ў Сяргея Сацука пачаліся задоўга да арышту – яму так і не даравалі журналісцкія расследаванні пра маштабную карупцыю, якую пакрывалі высокія дзяржаўныя чыноўнікі.
А пасля пратэснага 2020 года, калі рэжым пайшоў у шырокі наступ на грамадзянскую супольнасць, нейтралізацыя асабліва актыўных апанентаў была толькі справай часу.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА