• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Разгляд апеляцыі Сергея Сацука прызначаны на пачатак лютага. За кратамі журналіст мае праблемы са здароўем

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што Вярхоўны суд прызначыў на 10 лютага пасяджэнне для разгляду апеляцыйнай скаргі галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Ежедневник” Сяргея Сацука, асуджанага на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Паводле блізкіх Сяргея Сацука, хутка пасля прысуду яго перавялі з мінскага СІЗА №1 у СІЗА турмы №4 Магілёва – такім чынам з перагружанай “Валадаркі” туды перакачавалі ўжо многія асуджаныя па палітычных справах. Прычым, людзям мяняюць умовы на больш жорсткія, нават не чакаючы канчатковага вердыкту на пададзеныя скаргі ў вышэйшую інстанцыю.

    Вядома, што да складання скаргі на “неадэкватны ў сваёй строгасці” прысуд Сяргей Сацук прыклаў непасрэдныя намаганні. Як зазначаюць былыя калегі, у сваёй журналісцкай біяграфіі ён працяглы час спецыялізаваўся на судовых тэмах, таму падкаваны ў нюансах не горш за асобных юрыстаў. У выніку замест некалькіх старонак, першапачаткова падрыхтаваных адвакатам, апеляцыя разраслася да 85 аркушаў з раскладзенымі доказамі неабгрунтаваных абвінавачанняў. Як пацвердзіў абаронца журналіста, яе разгляд у Вярхоўным судзе запланаваны на 10 лютага.

    Незадоўга перад Новым годам родныя атрымалі адразу два лісты ад Сяргея Сацука – само па сабе падзея, бо часцяком карэспандэнцыя дзесьці “гублялася” на месяцы. У допісах сярод іншага ён наракаў на абмежаванне доступу да неабходных лекаў, што ўжо ператварылася ў хранічную праблему. У журналіста даўняя хвароба сэрца, якая прадугледжвае рэгулярны прыём прэпаратаў. Аднак турэмныя кантралёры ды медыкі ў аднабаковым парадку вызначаюць уласны “рэгламент”: то не выдаюць з пасылак ад сваякоў, то забараняюць без тлумачэння прычыны.

    Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, вязень вымушаны змяншаць дозу, каб хапіла надаўжэй — у спадзяванні, што некалі медыцынскую блакаду ўсё ж здымуць. Акрамя таго, у адным з лістоў паведаміў, што з прычыны пастаянных скразнякоў у камерах (толькі ў Магілёве за тыдзень змяніў тры) абвастрыўся гаймарыт.

    Тым не меней, капітуляваць Сяргей Сацук не збіраецца. Прызнаецца, што за больш чым гадавую турэмную эпапею сабраў унікальнага матэрыялу ўжо на некалькі кніг, які раней ці пазней будзе ўвасоблены ў раман ці нават серыял — у свой час ён спецыялізаваўся на фэнтэзі-літаратуры, выдаў некалькі твораў. 

    Сяргей Сацук — адзін з самых вядомых у краіне журналістаў-расследавальнікаў, галоўны рэдактар папулярнага партала «Ежедневник» (ej.by). Яго затрымалі 8 снежня 2021 года, да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска. Прызнаны палітычным вязнем.

    26 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калоніі і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы па трох крымінальных артыкулах: “атрыманне хабару” (арт. 430 КК),“распальванне варажнечы” (арт. 130 КК), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК).

    Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Таксама суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы суму ў памеры 12 тысяч 384 рублёў. Дзеля забеспячэння выканання прысуду арыштавана маёмасць: аўтамабіль, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя электронныя прылады.

    Праблемы з уладамі ў Сяргея Сацука пачаліся задоўга да арышту. Выглядае, яму так і не даравалі журналісцкія расследаванні, якія тычыліся маштабнай карупцыі, перадусім у галіне медыцыны.  

    Як паспеў расказаць службе маніторынгу БАЖ сам Сяргей Сацук, яму тэлефанавалі шматлікія “пасланцы”, уключна з тагачаснымі топ-кіраўнікамі — міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам і міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Гаворка зводзілася да аднаго: не трэба падвышаць градус нервознасці ў грамадстве. Журналіст не пайшоў на “здзелку”, працягнуўшы свае рэзанансныя апублічванні.

    Тым часам прапаганда пачала распаўсюджваць нібыта “інсайдэрскія звесткі”, што скандальныя тэксты фінансуюць “зацікаўленыя асобы”, а значыць, без хабару не абышлося. А следам і Аляксандр Лукашэнка публічна загадаў КДБ разабрацца з тымі, хто разносіць “беспадстаўныя фэйкі” пра эпідэміялагічную сітуацыю COVID-19. 

    Пасля пратэстнага 2020-га, калі рэжым пайшоў у наступ на грамадзянскую супольнасць, “нейтралізацыя” была толькі справай часу. Сяргея Сацука ўзялі пад варту 8 снежня 2021 года, у той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. А далей “тэчка” фігуранта пачала абрастаць новымі крымінальнымі артыкуламі — ад “распальвання варажнечы” да “перавышэння службовых паўнамоцтваў”. Суд у “злачынствах” нават не засумняваўся. 

    Чытайце яшчэ: 

    Сужэнцаў-журналістаў Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку пакаралі “хатняй хіміяй” 

    Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва перавялі ў СІЗА магілёўскай турмы, дзе ён застанецца да разгляду апеляцыі

    Дзярждэп ЗША запусціў глабальную ініцыятыву ў падтрымку палітвязняў з усяго свету — асобна ў праекце прадстаўленыя гісторыі беларусаў Ігара Лосіка і Марыі Калеснікавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці