• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Падручнік з адказамі на беларусафобныя стэрэатыпы. Блогер «daroha» Валер Руселік — пра новы відэапраект «Хрусь і папалам»

    Што такое якасны кантэнт? Як прыцягнуць беларускага гледача да беларускага кантэнту і як дайсці да беларусаў унутры Беларусі? Чаму падтрымка беларускіх блогераў — інвестыцыя ў будучыню? На гэтыя пытанні адказаў блогер Валер Руселік у эфіры «Еўрарадыё». Таксама Валер распавёў пра стварэнне новага відэапраекта «Хрусь і папалам» — разам з культурна-асветніцкім парталам «Будзьма беларусамі» і ў супрацы з «Купалаўцамі». І пра тое, як праект ламае беларусафобныя стэрэатыпы.

    «Вечназялёная» тэма

    Пакуль праект daro­ha на паўзе, то займаюся прамоцыяй беларушчыны, у прыватнасці раблю праект тык-ток канал «Вытокі», дзе выкладваю розныя цікавосткі пра Беларусь, расказваю пра нагоды ганарыцца, што мы беларусы.

    Ну і таксама цяпер з камандай аднадумцаў на платформе парталу «Будзьма беларусамі» распачалі праект «Хрусь і папалам» — праект, прысвечаны стэрэатыпам пра беларусаў, што мы такія там кшталту лапці, вёска, адмовіліся ад сваёй мовы і г. д. Пра тое, што нам накідваюць

    Апошнім часам усё больш актуальная гэта праблема, праблема насоўвання «русского мира» на Беларусь. Хаця б з апошніх навінаў — цяпер у метро ўжо трэба, каб госці з Расеі адчувалі сябе зручна, трэба, каб усё па-расейску было. У нас краіна нібыта для таго, каб госці з Усходу «чувствовали себя удобно». А дзе і як будуць сябе адчуваць беларусы — на гэта пытанне цяперашнія ўлады адказу не даюць. І вось «Хрусь і папалам» — гэта праект, які працуе на адным з так званых вечназялёных кірункаў, якімі варта займацца, каб падтрымліваць тоеснасць і годнасць беларусаў.

    Як прыцягнуць беларускага гледача да беларускага кантэнту

    Што такое якасны кантэнт? Гэта ў тым ліку і грошы, а таксама наяўнасць медыя-рынку. У беларусаў сёння гэтага аб’ектыўна няма.

    І таму, да прыкладу, зняць студыю, здымачную пляцоўку для таго, каб запусціць уласны YouTube-праект, на сёння здолеў толькі Сяргей Чалы у «Ночы з Чалым». І больш нічога. А калі ўзяць расейскую YouTube-прастору, то там гэта звычайная справа. Кац прызнаваўся, што ў яго камандзе працуе ледзь не пад 70 чалавек. Назавіце мне хоць адзін беларускі YouTube-праект, у якім ёсць хаця б 7 чалавек?

    Улады хочуць адабраць стары дамен. БАЖ пераехаў на новы — baj.media

    Саматужнасць — аб’ектыўная рэчаіснасць беларускага YouTube. Мне здаецца, у гэтай сітуацыі трэба не сварыцца, не вызначаць, хто адзіны мае рацыю, якім быць беларускаму YouTube, а рабіць якасны кантэнт, шукаць грошы, дамаўляцца, супрацоўнічаць, запрашаць адзін аднаго. Паказваць вось гэтую Беларусь — якая яна класная, і не толькі Беларусь, дарэчы. Напрыклад, я з задавальненнем гляджу Лёню Пашкоўскага, які адкрывае свет, і для мяне гэта свет вачыма беларуса, гэта вельмі крута — усім раю.

    Як дайсці да беларускага гледача

    Ды папросту рабіць. Колькасць потым незваротна пяройдзе ў якасць. Перакананы ў гэтым. Таму хачу звярнуцца да ўсіх, хто пачынае, спрабуе свае сілы ў YouTube: незалежна ад таго, якую тэматыку вы для сябе абралі, папросту рабіце. І гэта кожны ютубер ведае: самае галоўнае набраць першых сто падпісчыкаў, потым тысячу — а для гэтага трэба рабіць, рэгулярна рабіць і як мага больш якасна. Другіх метадаў я не ведаю.

    Хачу таксама звярнуцца да беларускага бізнесу.

    Беларускі бізнес, падтрымлівай беларускіх блогераў. Напэўна, не кожны з іх будзе для вас рэкламнай пляцоўкай, але калі ў вас ёсць, акрамя чыста бізнесу, нейкія пачуцці патрыятычныя, нацыянальныя, то падтрымлівайце блогераў, бо развіццё беларускай блогасферы — гэта і развіццё грамадства, развіццё нацыянальнай тоеснасці. І ў выніку гэта ўсё вядзе да лепшай, багацейшай Беларусі. Ізноў жа, для лепшага рынку для вас. Гэта такая інвестыцыя ў будучыню.

    Як дайсці да беларусаў унутры Беларусі

    Ізноў адказ адзін — проста рабіць. Пад 80% маёй аўдыторыі — гэта людзі з Беларусі. І гэта ўжо пасля таго, як я атрымаў статус экстрэмісцкага фармавання. То бок людзі знойдуць, абы было што шукаць.

    Як з’явіўся «Хрусь і папалам»

    Ідэя даўняя, яшчэ летась у кастрычніку абмяркоўвалі яе з Алінай Коўшык, мы сябруем з юнацтва, абое гарадзенцы, часам абмяркоўваем такія калянацыянальныя, прабеларускія тэмы. І гэта было адно з меркаванняў, якое вылілася ў праект. Што праўда, Аліна ад гэтага адышла, бо ў яе ёсць чым займацца на сваёй пасадзе. А я з гэтай ідэяй прыбіўся да культурна-асветніцкага парталу «Будзьма беларусамі», мне здаецца, гэта на сёння найбольш аптымальная пляцоўка, якая якраз спецыялізуецца на тэме беларушчыны, там ёсць цэлы шэраг праектаў для ўсіх узростаў. Ёсць там «Трызуб і Пагоня», ёсць новы праект «Сармат» пра шляхту, іншыя. Ну то бок — а дзе яшчэ, калі не там?

    На жаль, не магу сёння ўсе імёны каманды называць, але магу назваць такога купалаўскага актора як Міхась Зуй. Ён жа ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч. З’явілася ідэя такой супрацы як адказ на ўсё большую прапаганду гэтага «русского мира».

    Стэрэатыпы пра беларусаў ёсць даўно, ёсць і каторыя мы чуем з 1994 года. Пра тое, прыкладам, што «белорусский язык — бедный язык, есть только два великих языка, русский і английский». Актуалізуюцца стэрэатыпы ў час, калі ў Беларусі з’яўляюцца звар’яцелыя Бондаравы і не толькі, калі Прыдыбайла расказвае, якія беларусы дрэнныя, калі Караеў нешта такое ж пра нас…

    Іншая справа, што цяпер мы маем сітуацыю, калі публічная беларушчына з Беларусі выгнаная. То бок унутры Беларусі голасна супрацьстаяць гэтай антыбеларушчыне немагчыма сёння, адзіная магчымасць — гэта казаць з па-за межаў. І натуральна, што калі ёсць такая магчымасць, то трэба казаць.

    Пайдзі ды ў Беларусі скажы сёння, што не трэба чапаць помнік Ларысе Геніюш, ці што лацінка — гэта наш гонар і багацце — цябе адразу запакуюць.

    Супраца блогера і тэатрала

    А якая розніца паміж купалаўцамі і блогерамі? «ЧынЧынЧэнэл» — чым не блогеры? Гэта суперкрутыя блогеры! Якія могуць яшчэ і планку задаць.

    Але гэта менавіта сумесны прадукт, я не магу сказаць, што ўсё там выключна маё. У Міхася Зуя ёсць творчая свабода, ён ведае, пра што і дзе гаварыць.

    Але калі мы запісваем гэта — мы сядзім самі рагочам, у нас праблема ў тым, каб рогат не запісаўся.

    Чалавек сам прапускае праз сябе — і гэта вельмі крута, такія гатовыя стэндапы. Мне здаецца, што Pan­standup павінен прыгледзіцца і калі не скалабаравацца, то, прынамсі, нешта пераняць у купалаўцаў для сябе — гэта вельмі крута.

    Нас пяць чалавек, з каторымі непасрэдна я камунікую. І ёсць яшчэ некалькі чалавек, якія таксама дапамагаюць. То бок атрымліваецца больш за сем. І гэта вельмі крута і вельмі мяне цешыць. Гэта якраз той прыклад, да чаго трэба ўсім блогерам імкнуцца — працаваць супольна.

    Далягляд планавання

    Знайшлася падтрымка на 8 выпускаў. А што далей будзе — пабачым. Вельмі б хацелася і надалей супрацоўнічаць і з «Будзьма беларусамі», і з купалаўцамі. І не толькі з імі. Калі атрымаецца надалей гаварыць пра стэрэатыпы і не толькі, супольна гэта рабіць — я толькі «за».

    Тым больш, беларусафобскія стэрэатыпы вельмі закаранелыя, некаторыя з іх ідуць з сярэдніх вякоў, выбіць цяжка. Але калі нічога не рабіць, то нічога і не зробіцца. Гаварыць трэба. І найлепшы адказ на прапаганду — гэта не прапаганда, а праўда.

    Таму «Хрусь і папалам» — гэта, па сутнасці, набор фактаў, якія пацвярджаюцца дакументамі. Калі табе закідваюць, што беларускую мову прыдумалі менш за 100 гадоў таму — і мы бярэм гістарычныя факты, каторыя паказваюць, што ёсць мільён прыкладаў таго, што беларуская мова існавала нашмат-нашмат раней.

    Мяне асабіста здзіўляе, калі гаворка пра стэрэатыпы, наколькі ў людзей не працуе сувязь паміж прычынай і наступствамі. Ленін, аказваецца, прыдумаў Беларусь, Украіну, Казахстан, сядзеў у будане і прыдумляў цэлыя народы. На нейкую халеру прыдумляў, на тое, каб потым тыя ж Саветы з намі невядома колькі змагаліся. Ленін — бацька беларусаў?

    Ды папросту выключыце тэлевізар і ўключыце мазгі.

    Для каго

    Безумоўна, і для тых, хто слухае, прыкладам, «Рукі вверх». Хіба мы не ведаем людзей, якія ўсё гэткае слухалі, а потым перайшлі на беларускую мову? Гэта называецца нацыянальнае абуджэнне.

    «Хрусь і папалам» задумваўся як універсальны падручнік, гэта гатовыя лекцыі ад А да Я, адказы на канкрэтныя стэрэатыпы. Які можна паслухаць і паглядзець усім абсалютна — і ў Беларусі, і па-за яе межамі. Здаецца, усё вядома, але класна, што ўсё сабрана разам.

    Чытайце яшчэ:

    Блогера Уладзіміра Цыгановіча, ужо асуджаннага на 16 гадоў, зноў будуць судзіць

    Шрайбман: Повестки выехавших и оставшихся белорусов сильно различаются

    «Вайну трэба дакументаваць». Гутарка з фатографам, які здымаў Марыупаль у агні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці