Па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць. Зварот рэдакцыі «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY
Праз больш чым паўтара года пасля затрымання, 9 студзеня, пачынаецца суд над супрацоўнікамі TUT.BY: галоўным рэдактарам Марынай Золатавай, гендырэктарам Людмілай Чэкінай, рэдактарам Вольгай Лойка, журналісткай Аленай Талкачовай і юрыстам Кацярынай Ткачэнка. Увесь гэты працэс — сюр, які можна назваць фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. А зло, як вядома, мусіць быць пераможанае.
Прайшоў год народнага адзінства, за ім прамінуў год гістарычнай памяці, а цяпер вось год міру і стварэння толькі пачаўся, а ў Беларусі ўсё стабільна: аблавы, ператрусы, катаванні, ізалятары, прысуды, тэрміны, суткі, тыдні, месяцы, гады — неабвешчаная пяцігодка рэпрэсій ідзе стаханаўскімі тэмпамі. Шконкі адных палітвязняў у следчых ізалятарах займаюць іншыя, не менш палітычныя, новыя справы адкрываюцца, як толькі старыя адпраўляюць у суд. Лёсы беларусаў рухаюцца па канвееры рэпрэсій з аднаго цэха ў іншы, пакуль не аказваюцца ў жалезнай запячатанай клетцы з «экстрэмісцкай» біркай на бачным месцы. І ўсё роўна, хто ты: доктар, былы следчы, афіцэр, чыноўнік, журналіст, рабацяга з завода або нобелеўскі лаўрэат — судзіць цябе будуць не па справах тваіх, а па перакананнях.
Для многіх з нас, журналістаў і рэдактараў «Люстэрка», справа TUT.BY — асабістая. Нашае медыя было створанае выхадцамі з гэтага партала. Абвінавачаныя па справе — нашыя былыя калегі, для кагосьці — і блізкія сябры. Але гэты тэкст не пра асабістае, ён пра ўсіх нас, пра беларусаў.
Для нашай краіны TUT.BY быў, без перабольшання, вялікім праектам. Не залежачы ад грошай дзяржавы, разлічваючы толькі на сябе, ён змог стаць месцам, з якога свой дзень пачыналі мільёны беларусаў. Месцам, дзе ўсе мы чыталі сапраўдныя навіны. Дзе мы заўсёды маглі знайсці адказы на пытанні, што насамрэч адбываецца ў краіне.
У краіне, якую большасць з беларусаў хоча пабудаваць, незалежныя СМІ — адна з непарушных апораў дэмакратыі. У гэтай краіне супрацоўнікі TUT.BY, «Нашай Нівы», БелаПАН — гэта паважаныя людзі, якім верыць грамадства, а чыноўнікі і палітыкі выстройваюцца ў чаргу, каб праз матэрыялы медыя данесці свае ідэі да масаў.
І гучыць жа праўдападобна, праўда? Толькі вы самі выдатна ведаеце, што рэжым у сучаснай Беларусі абраў альтэрнатыўную дарогу, дзе сапраўдныя навіны — гэта галоўны вораг.
Тыя, хто рабіў сапраўдныя навіны — на лаве падсудных або ў турме. Тыя, хто хоча іх чытаць — таксама. Затое штатныя прапагандысты заклікаюць разбамбіць Кіеў, украінцаў называюць «тварями» і «гнидами позорными», саміх беларусаў — «сблёвом белорусского народа», а тыя, хто мусіць абараняць закон і кожнага з нас, лезуць у ніжнюю бялізну да дзіцяці або б’юць чалавека патэльняй за тое, што ён… ведаеце, вельмі складана растлумачыць, за што. Схадзіце па спасылцы, прачытайце.
У нас няма сумневаў, што справа TUT.BY сфабрыкаваная ад пачатку да канца і з’явілася толькі таму, што рэжым баіцца журналістаў. Баіцца сапраўдных навін.
Супрацоўнікі TUT.BY павінныя быць вызваленыя ў зале суда.
А яшчэ мы ведаем, што гэтага не адбудзецца. Таму што ў сучаснай Беларусі разлічваць на справядлівы суд не даводзіцца.
Гэты палітычны працэс — не першы, не дзясяты і нават не тысячны. Толькі палітвязняў проста цяпер у краіне 1442. На момант, калі вы чытаеце гэты тэкст, іх напэўна стала больш.
Нашая любімая краіна ўсё глыбей і глыбей занураецца ў цемру. Калі, здаецца, горш быць не можа — з’яўляецца чарговая навіна, якая прымушае здранцвець.
Беларусь на поўнай пары нясецца па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. І ўлада спрабуе гэтае зло перамагчы.
Але мы абяцаем вам рабіць усё, каб у іх не атрымалася. Дзеля калег, якіх сёння пачалі судзіць, і дзеля будучыні нашай краіны мы будзем працягваць справу TUT.BY — і расказваць, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі.
І мы зробім усё, каб хлусня не стала ісцінай.
Чытайце яшэ:
У Мінску пачынаецца суд па справе TUT.BY
«60-гадовы нобэлеўскі ляўрэат у клетцы ў кайданках». Як сусьветныя СМІ пішуць пра «суд» над Бяляцкім і паплечнікамі
Слонімскі журналіст і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын выйшаў на волю пасля арышту