Новая намінацыя, шматкратныя лаўрэаты — Праваабарончую прэмію ўручаць па новых правілах
Сёлета ў Праваабарончай прэміі з'явілася новая намінацыя: «Праваабарончая салідарнасць». Што гэта за намінацыя і ў адказ на які выклік яна была створаная?
Крыху гісторыі
Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе. Беларускія праваабаронцы штогод адзначалі тых, хто зрабіў унёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі. Пятнаццаць гадоў — вялікі тэрмін. За гэты час не аднойчы мянялася грамадска-палітычная сітуацыя, і разам з ёй мянялася і Прэмія. Ад пачатку Прэмія ўручалася па трох намінацыях: праваабаронца года, адвакат года і журналіст года. У 2016 годзе на змену «Адвакату года» прыйшла намінацыя «Грамадская кампанія ці ініцыятыва года». І ў 2023 годзе Аргкамітэт заснаваў новую, чацвертую намінацыю «Праваабарончая салідарнасць»
Новая намінацыя: уганараванне тых, хто пацярпеў, абараняючы правы чалавека
У 2020 годзе грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальна: краіну агарнулі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Не ў апошнюю чаргу яны закранулі тых, хто абараняў правы чалавека: праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў. У такім стане натуральным памкненнем праваабаронцаў было падтрымаць сваіх калегаў і паплечнікаў, якія пацярпелі найбольш, у прыватнасці – трапілі ў краты. Аднак мінуў 2020 год, за ім – наступны, і яшчэ адзін, аднак колькасць праваабаронцаў і журналістаў у турмах не паменшылася, а наадварот, павялічылася. У сітуацыі, калі рэпрэсіі не спынаюцца, а набіраюць сілу, узнікла патрэба асобна ўшаноўваць тых, хто пацярпеў ад пераследу рэжыму.
Таму ў 2023 годзе Аргкамітэт Прэміі дадаў да трох намінацыяў — «Праваабаронца года», «Журналіст года» і «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» чацьвертую: «Праваабарончая салідарнасць». Гэтая намінацыя дазволіць уганараваць тых, хто зазнаў пакуты пераследу, і ў той самы час узнагародамі ў іншых намінацыях адзначыць праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, якія працягваюць дзейнасць на карысць беларускага грамадства.
Ці своечасова ганараваць у час рэпрэсіяў?
Часам можна пачуць, што перыяд грамадска-палітычнага крызісу і брутальнага ігнаравання правоў чалавека — не час для святкаванняў і вызначэнняў лаўрэатаў сярод праваабаронцаў і журналістаў. Аднак Прэмія праваабарончай супольнасці даецца не толькі за прафесіяналізм журналістам праваабаронцам — а тым, хто зрабіў заўважны унёсак у развіццё, прасоўванне і папулярызацыю правоў чалавека. А ў крызіс абарона правоў чалавека робіцца надзвычай актуальнай і важнай. Гэта прэмія – адзначэнне тых, хто ў самыя неспрыяльныя часы працягвае дзейнічаць.
ЛАЎРЭАТЫ ПРЭМІІ Ў ЗНЯВОЛЕННІ
Пра тое, што абаронцы правоў чалавека падзяляюць лёс свайго грамадства ў часы грэбавання правамі чалавека і законамі, яскрава сведчыць статыстыка, якой лепш не было б: колькасць лаўрэатаў Прэміі папярэдніх гадоў, якія сёння знаходзяцца ў кратах. Гэта дзевяць чалавек:
Алесь Бяляцкі, Праваабаронца года — 2011;
Анджэй Пачобут, Журналіст года — 2012;
Валянцін Стэфановіч, праваабаронца года — 2015;
Ірына Леўшына, Журналіст года — 2018;
Генадзь Фядыніч, Праваабаронца года — 2018;
Кацярына Андрэева, Журналіст года – 2020;
Дзяніс Івашын, Журналіст года — 2021;
Марфа Рабкова, Праваабаронца года — 2021;
Наста Лойка, Праваабаронца года — 2022.
У розныя часы былі ў зняволенні па палітычных матывах наступныя лаўрэаты:
Алег Груздзіловіч, Журналіст года – 2009;
Зміцер Дрозд, Журналіст года – 2016;
Сяргей Драздоўскі, Праваабаронца года – 2016;
Ігар Комлік, Праваабаронца года – 2018;
Леанід Судаленка, Праваабаронца года – 2019;
Кацярына Барысенка, Журналіст года – 2019;
Дар’я Чульцова, Журналіст года – 2019.
Затрыманні, арышты на «суткі» і іншы пераслед і ціск праз сваю праваабарончую дзейнасць ня раз зазналі і іншыя лаўрэаты Прэміі.
Спіс усіх лаўрэатаў вы знойдзеце па спасылцы.
Магчымасць намінаваць лаурэатаў мінулых гадоў
Сёлета Аргкамітэт Прэміі дадаў яшчэ адну істотную змену ў Палажэнне аб Прэміі: магчымасць намінаваць тых, хто ўжо быў лаўрэатам у папярэднія гады. Цяпер і намінаваць, і атрымліваць Прэмію можна неабмежаваную колькасць разоў. Гэта дазволіць адзначыць тых, хто дзейнічае на працягу многіх гадоў.
У Палажэнні аб Прэміі таксама з’явіўся пункт, які кажа аб немагчымасці намінаваць самога сябе.
Падрабязна парадак вылучэння намінантаў і выбару лаўрэатаў апісаны ў Палажэнні аб прэміі.
Калі вы з’яўляецеся лаўрэатам Прэміі мінулых гадоў, але сёлета не атрымалі ліст з прапановай вылучаць намінантаў, звярніцеся ў Аргкамітэт па адрасе: belarus@humanrightshouse.org
Чытайце таксама:
Як пазбегнуць судовых працэсаў і іншых юрыдычных праблем. Дапаможнік для журналістаў
Назвалі лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. Сярод пераможцаў — журналісты
У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў