Ніякіх цытат і ніводнага меркавання эксперта: як АНТ падтасоўвае факты
Тэлеканал выпусціў прапагандысцкі сюжэт, у якім сцвярджае, што ўкраінская армія незадаволеная кіраўніцтвам краіны і што Зяленскі абвінаваціў галоўнакамандуючага ўкраінскай арміі Залужнага ў няўдачах на фронце. Глядзіце, як АНТ падтасоўвае факты.
«Усё больш яўны раскол паміж Узброенымі сіламі і ўладамі Украіны — адзначаюць ваенныя эксперты», — сваім фірмовым грудным голасам пачынае сюжэт вядучая Наталля Немагай. Пры гэтым ніводнага меркавання эксперта ў сюжэце не будзе прыведзена.
На карцінцы — твар у твар Зяленскі і вайскоўцы. Надпіс — «Украінская армія незадаволеная кіраўніцтвам краіны». Аднак і тут грубая падтасоўка. Кадр — з апошняга наведвання Зяленскім фронту ў Запарожскай і Луганскай абласцях. Гэта быў смелы ўчынак Зяленскага. Для параўнання, Пуцін і Лукашэнка на лініі фронту не былі. Ніякіх канфліктных сітуацый падчас сустрэч Зяленскага з вайскоўцамі не было. Хоць Украіна — краіна дэмакратычная, і там прэзідэнта да вайны крытыкавалі нярэдка — у адрозненне ад беларускай і расійскай дыктатур.
«Усе няўдачы на фронце офіс прэзідэнта вырашыў зваліць на вайскоўцаў», — сцвярджае АНТ. Ізноў жа, ніякіх цытат Зяленскага не прыводзіцца. Насамрэч, іх не існуе. Зяленскі не гаварыў пра «няўдачы на фронце» ў сваёй заяве.
«Зяленскі абвінаваціў галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Валерыя Залужнага ў тым, што ўсё больш салдат гатовыя скласці зброю і здацца», — працягвае вядучая АНТ, хоць Зяленскі ніколі публічна не казаў нічога падобнага.
Зяленскі не толькі не абвінавачваў ваеннага кіраўніцтва, ён у прынцыпе ніколі не казаў, што нібыта «ўсё больш салдат гатовыя скласці зброю і здацца». Наадварот, Зяленскі ўвесь час падкрэслівае высокі баявы дух украінскай арміі і салдат. Зрэшты, сам факт, што пры няроўных сілах праціўнікаў расійская армія ўжо тры з паловай месяцы не можа дасягнуць сваіх мэтаў, пра гэты баявы дух красамоўна сведчыць.
Спроба пераканаць насельніцтва, што ў праціўніка, нібыта, нізкі баявы дух — стандартны прыём вайсковых прапагандыстаў, да якога трэба ставіцца асцярожна.
Адметна, што сюжэт на АНТ выйшаў у адзін дзень з чарговай хваляй расійскай прапаганды, якая імкнецца пераканаць аўдыторыю у тым, што паміж Зяленскім і Залужным, нібыта, існуе нейкі канфлікт. Але расійскія прапагандысты ў сваіх паведамленнях не апускаюцца да такой прымітыўнай хлусні, як АНТ. Адметна таксама, што матэрыял АНТ рэпосцяць іншыя прапагандысцкія рэсурсы, пачынаючы з БелТА.
Што ж насамрэч сказаў Зяленскі пра Залужнага? Зяленскі папрасіў Залужнага праверыць, ці забяспечаны ўкраінскія абаронцы неабходнымі сродкамі абароны.
«Папрасіў галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Украіны вельмі ўважліва паставіцца да паведамленняў у СМІ і ў сацсетках аб тым, што ў часткі нашых байцоў няма дастаткова сродкаў індывідуальнай абароны.
Даклады, якія я атрымліваю, істотна адрозніваюцца ад таго, што абмяркоўваецца грамадствам.
І я чакаю праверкі лагістыкі ў войску — праверкі паставак і таго, як размяркоўваюцца сродкі індывідуальнай абароны.
На сёння ўсім, хто знаходзіцца ў зонах баявых дзеянняў, павінна хапаць усяго неабходнага для абароны. Дзяржава забяспечвае такія пастаўкі», — казаў Зяленскі ў сваім нядаўнім відэазвароце.
Расійскія СМІ маніпулятыўна пераказалі гэты зварот так: «Зяленскі ў сваім традыцыйным відэазвароце абвінаваціў Залужнага ў тым, што той не дакладвае аб адсутнасці сродкаў індывідуальнай абароны ў вайскоўцаў».
Ну а беларуская дзяржаўная прапаганда не проста перакруціла словы Зяленскага, а ўвогуле схлусіла пра тое, што «Зяленскі абвінаваціў Залужнага ў тым, што ўсё больш салдат гатовыя скласці зброю і здацца».
«У сеціве расце колькасць ролікаў, дзе ўкраінскія вайскоўцы скардзяцца на сваё бядотнае становішча», — працягвае Наталля Немагай. Пры гэтым фонам ідуць… відэазапісы з украінскімі палоннымі.
Ізноў жа, у дэмакратычым грамадстве няма нічога незвычайнага, калі вайскоўцы на нешта наракаюць, вось толькі відэа і аўдыязапісаў з нараканнямі расійскіх сілавікоў на недахоп узбраення, складаную сітуацыю на фронце ці разыходжанне прапаганды з рэаліямі Украіны ў сеціве сустракаецца, бадай, больш.
Далей прапагандысты з АНТ заяўляюць, што «цывільныя ўлады Украіны пастаянна трапляюць у гучныя скандалы з раскрадваннем ваеннай «гуманітаркі».
Асобныя выпадкі з яе раскраданнем сапраўды здараюцца, але ўсе яны тычацца раскрадання на нізавым узроўні, калі асобныя махляры прысвойваюць ахвяраванні індывідуальных дабрачынцаў. У ваеннай рэальнасці гэта непазбежная сітуацыя, нават у таталітарных краінах падчас вайны было тое самае.
Прапагандысцкі натарыў пра тое, што паміж Зяленскім і вайскоўцамі існуе нейкі раскол — не новы. Яго расійская і беларуская прапаганда раскручвае з першых дзён вайны. Такім чынам Масква і Мінск спрабавалі гэты раскол пасеяць.
Нагадаем, Пуцін у першыя дні вайны заклікаў украінскіх вайскоўцаў браць уладу у свае рукі. Ён сказаў, што з імі Маскве будзе лягчэй дамовіцца, чым «з хеўрай наркаманаў і неанацыстаў» у Кіеве.
Магчыма, расіяне і праўда верылі ў тое, што паміж цывільным і ваенным кіраўніцтвам Украіны існуе нейкі канфлікт. Тут расіяне маглі стаць альбо ахвярамі нейкай дэзынфармацыі з боку ўкраінцаў, альбо проста паверылі ў сваю ж адарваную ад рэальнасці прапаганду.
Рэальнасць такая, што і Залужны — вельмі папулярная ва Украіне постаць, і сам Зяленскі мае каласальную падтрымку ўнутры краіны і вагу на міжнароднай арэне.
Абодва заслужылі павагу як сваёй смеласцю, так і поспехамі ў супрацьстаянні агрэсіі. Аляксандр Лукашэнка чакаў перамогі Расіі за 3—4 дні, між тым украінцы здолелі выбіць агрэсара з‑пад Кіева, Харкава, Чарнігава і ўтрымаць Мікалаеў і Адэсу. Расійская армія панесла страты ў жывой сіле і тэхніцы большыя, чым украінскія войскі.
Ці можа Залужны кінуць выклік Зяленскаму? Можа, чаму б і не. Украіна — дэмакратычная краіна. Але гэтага не здарыцца, пакуль ідзе актыўная фаза вайны. Украінцы дэманструюць захапляльнае адзінства, насуперак таму, што чакалі Пуцін і Лукашэнка.
Варта нарэшце нагадаць, што 4 сакавіка, на 9‑ы дзень вайны, прэзідэнт Зяленскі прысвоіў Залужнаму званне генерала. А 6 мая ўзнагародзіў яго «Крыжам баявых заслуг».
Наталля Немагай, якая зачытала лжывы сюжэт, працуе на АНТ ужо 20 гадоў. Указанні аб тым, пра што паведамляць і як, тэлеканалам спускаюць з Адміністрацыі прэзідэнта.
Дзе цяпер Кірыл Казакоў — былы кіраўнік СТБ, «хросны бацька» Азаронка і іншых прапагандыстаў?
Важный — холуй бумажный. Текстовый разбор белорусской пропаганды от Ирины Халип
Беларускія прапагандысты прайграюць расійскім. У топе ТБ-праграм — крамлёўскія навіны