Нібыта “замах” на прапагандыста Азаронка пракваліфікавалі ў “тэракт”. Фігуранту пагражае жорсткі прысуд
Фігуранту справы “Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі” Дзмітрыю Сасноўскаму прад'явілі больш жорсткае абвінавачанне. Як перадаюць дапушчаныя на працэс афіцыйныя СМІ, адзін з артыкулаў перакваліфікаваны з “падрыхтоўкі тэракту” на “тэракт”. Гаворка пра замах на прапагандыста дзяржаўнага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка.
11 лістапада Мінскі абласны суд працягнуў разгляд крымінальнай справы нефармальнай арганізацыі «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў жніўні мінулага года ўлады прызналі “тэрарыстычнай”. Па справе праходзяць пяць фігурантаў: Дзмітрый Сасноўскі, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак і Аляксей Глотаў.
У абвінавачанні гаворыцца пра шэраг “учыненых злачынстваў”: нібыта пра “планаванне выкрадання і пазбаўлення волі грамадскага дзеяча Рыгора Азаронка”, “меркаваныя выбухі на базе расійскай вайсковай часткі ў Вілейцы”, “падрыхтоўку падпалу спецтэхнікі ў Бярэзінскім лясгасе”. Усё астатняе — гэта “стварэнне і адміністраванне экстрэмісцкага Telegram-канала і распаўсюд заклікаў да экстрэмізму і тэрарызму”.
Падчас пасяджэння анансаваліся спрэчкі бакоў, але замест гэтага стала вядома, што аднаму з фігурантаў, Дзмітрыю Сасноўскаму, пракурор прад’явіў новае абвінавачанне, якое істотна пагаршае ягоныя перспектывы.
У прыватнасці, сцвярджаецца, што ён запланаваў “наўмысныя дзеянні, накіраваныя на падрыхтоўку да акта тэрарызму ў дачыненні да палітычнага аглядальніка Рыгора Азаронка”. А гэта значыць, рыхтаваўся не выпадковы напад, а “спланаваны тэракт”.
У адпаведнасці з абноўленым артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса, “акт тэрарызма” можа пацягнуць пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.
Падсудны віну не прызнаў і папрасіў выклікаць у якасці сведкі Рыгора Азаронка. Ці прынятае хадайніцтва — дакладна невядома, але ў судзе абвешчаны перапынак да 22 лістапада. Новае абвінавачанне далучана да матэрыялаў крымінальнай справы.
Раней Дзмітрый Сасноўскі падчас аднаго з пасяджэнняў расказаў, што ў межах так званага “следчага эксперыменту” сілавікі самі “ўцягнулі” яго ў злачынства, а затым катавалі дзеля патрэбнага “прызнання ў тэрарызме”.
Згодна з матэрыяламі справы, у арганізацыю быў укаранёны нехта Гардзееў, штатны супрацоўнік КДБ. Як сцвярджае Дзмітрый Сасноўскі, менавіта ён і «падштурхоўваў» яго арганізаваць “замах на Грышку”.
Летась Вярхоўны суд Беларусі прызнаў «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай арганізацыяй. У рашэнні адзначаецца, што супольнасць створана ў верасні 2020 года “для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці”.
Больш за год фігуранты справы знаходзяцца пад вартай.
Чытайце яшчэ:
Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?
«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»
«В целях обеспечения деятельности деструктивного канала». Что известно о первом деле за интервью «экстремистам» — против военного эксперта Егора Лебедка