Не страціў свайго фірмовага пачуцця гумару. Медыяменеджар Канстанцін Залатых у чаканні суда
Больш за паўгода застаецца за кратамі палітвязень, дырэктар тыднёвіка “Белорусы и рынок” Канстанцін Залатых. Беларуская асацыяцыя журналістаў даведалася, з якім настроем ён сустрэў Новы год у няволі і якія перспектывы праглядаюцца наперадзе.
Наталля Залатых, жонка палітвязня, адзначыла, што мужу дагэтуль не выстаўлена ўцямнага абвінавачання, таму перспектывы судовага працэсу досыць размытыя.
“Стасоўна Косцiных спраў за гэтыя сем з паловай месяцаў, амаль што нiчога новага. Афіцыйнага абвiнавачання так i няма. Магчыма (але толькi магчыма), у студзені, а то нават i ў лютым, будзе суд. Але гэта яшчэ не пэўна, чакаем. Трымаецца ён, па словах адваката, добра. Прынамсі не схуднеў, пачуцця гумару не страцiў. Спадзяюся, на пачатку года хаця б будуць здольныя сфармуляваць, чаго яны ад яго хочуць, i што будзе суд”, — падзялілася са службай маніторынгу БАЖ Наталля Залатых.
18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны “Белорусы и рынок” Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно.
Пасля допыту Александровіча і Кахно адпусцілі, а Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў жодзінскім следчым ізалятары. У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома дагэтуль. Мяркуючы па змесце пратакола, папярэдняя прычына нібыта ў «распальванні варожасці» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Санкцыя артыкула прадугледжвае шырокі спектр пакарання — ад штрафу, што ў палітычных судах амаль не практыкуецца, да абмежавання волі (так званая “хімія”) ці рэальнага зняволення тэрмінам ад 3 гадоў.
На пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным.
У жніўні палітвязня перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там ён утрымліваецца дагэтуль.
“Лiсты ад Косцi прыходзяць, як i раней, — толькi сваякам i, адпаведна, ад нас яму. А каб зразумець, цi даходзіць карэспандэнцыя, пішам як у афiцыяльным ліставанні: адказваю табе на лiст ад такога дня”, — расказала Наталля Залатых пра нюансы сувязі мужа з вонкавым светам.
Ужо ў няволі Канстанцін Залатых стаў адным з герояў кнігі свайго даўняга сябра, аднакласніка, журналіста Змітра Бартосіка. Дакументальны збор пад незвычайнай назвай «Забіць упалмінзага» заснаваны на выпадкова знойдзеных дакументах пра антысавецкі супраціў у Беларусі. Сярод непрыдуманых гісторый ёсць і біяграфічны эпізод з удзелам цяперашняга палітвязня Канстанціна Залатых.
«Зайздрошчу ягоным сукамернікам», — лаканічна сказаў падчас віленскай прэзентацыі аўтар, асабліва адзначаючы выдатнае пачуццё гумару свайго найбліжэйшага сябра.
Канстанцін Залатых — дасведчаны медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі.
Апошнім месцам працы была газета «Белорусы и рынок» — адно з рэдкіх выданняў, якой здолела захавацца пасля масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый.
23 ліпеня 2022 года доступ да сайта газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі «з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». А на пачатку снежня пасля 32 гадоў дзейнасці рэдактарат абвясціў, што праз складаныя фінансавыя і палітычныя ўмовы прыпыняе выхад як друкаванай, так і электроннай pdf-версіі. Выдання няма ў каталогу «Белпошты» на першую палову 2023-га.
Пры гэтым літаральна следам Міністэрста інфармацыі нечакана выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да сайта belmarket.by — тут інфармацыйны кантэнт абнаўляецца.
Чытайце яшчэ:
“Идеология, геноцид, слежка” — что случилось в 2022 году в правовом поле?
Мікіта Мелказёраў: Мы навучаныя з дзяцінства, што ёсць якаснае рускае, а наша — нібыта пародыя на ўсё
«Адсьвяткую ўсе прапушчаныя новыя гады і дні народзінаў, калі буду на волі». Андрэю Кузьнечыку споўнілася 44 гады