• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Названыя лепшыя суполкі і філіі ГА «БАЖ». Народнае і афіцыйнае галасаванне паказалі розныя ацэнкі

    У Мінску адбыўся сход Рады ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Падчас сустрэчы былі агучаныя лепшыя філіі і суполкі арганізацыі, але цікава, што "народнае" і афіцыйнае галасаванне паказалі розныя ацэнкі дзейнасці. Таксама сябры БАЖ паслухалі справаздачы пра асноўныя кірункі дзейнасці ў 2018 годзе.

    У пачатку сустрэчы Рады ГА «БАЖ» старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец згадаў пра непрыемныя для медыйнай супольнасці падзеі гэтага года: “справу БелТА”, пераслед журналістаў, блакіроўку сайтаў, справу супраць Алеся Ліпая. Сёлета ж адбыліся змены ў заканадаўстве аб СМІ.

    З пазітыўных падзеяў года сябры арганізацыі назвалі салідарнасць з калегамі, шэраг адукацыйных курсаў ГА “БАЖ”, у тым ліку курс “10 крокаў да якаснай журналістыкі”, Лідарскі курс БАЖ, іншыя адукацыйныя мерапрыемствы.

    “З сёлетніх падзеяў варта прыгадаць з’езд нашай арганізацыі, якія прайшоў у красавіку, святкаванне 100-годдзя БНР, удзел у якім узялі і журналісты, БАЖынкі, конкурс “Вольнае слова”, — сказаў Андрэй Бастунец.

    Прадстаўнікі Рады абмеркавалі пытанне выплаты сяброўскіх унёскаў. У выніку было адзінагалосна прынята рашэнне зацвердзіць на наступны год памер унёскаў у дзве базавыя велічыні і даць права філіям і Праўленню БАЖ памяншаць памер унёскаў для пенсіянераў, людзей з інваліднасцю і людзей у цяжкай жыццёвай сітуацыі на 50%, а ў выключным выпадку — дазваляць не плаціць унёскі за нейкі прамежак часу. У такім выпадку гэта мусіць быць аформлена дакументальна.  

    Марына Загорская і Андрусь Клікуноў распавялі пра шматлікія адукацыйныя курсы ГА “БАЖ”.

    Сёлета была магчымасць вучыцца майстэрству на курсах па SMM, фота, рэпартажы, аналітыцы, арганізацыі працы прэс-службаў.

    У наступным годзе плануецца зладзіць адукацыйныя курсы па PR, курс па журналістыцы траўмы, курс “Навіны па-новаму”, таксама будуць набіраць курс па працы ў сацыяльных сетках.

    Марына Загорская заклікала сябраў БАЖ выказваць свае прапановы і пажаданні наконт таго, у якім фармаце лепш праводзіць заняткі, якія кірункі развіваць.

    Выказаць сваё меркаванне можна ТУТ

    Намесніца старшыні Аліна Суравец распавяла прысутным пра працу з рэгіянальнымі філіямі і суполкамі. Паводле яе слоў, надзвычай важнымі для арганізацыйнага развіцця былі лідарскія курсы. Дзякуючы ім у Беларускай асацыяцыі журналістаў з’явіліся актыўныя людзі, якія могуць займацца развіццём арганізацыі, увасабляць у жыццё цікавыя і актуальныя ідэі.

    Выдатны прыклад тут — гродзенская ініцыятыва Hrod­na Media Room пад кіраўніцтвам Вольгі Корсун.

    Важна згадаць і супрацоўніцтва са шведскім медыяінстытутам FOJO, у межах якога ладзілася праграма “Канвергенцыя медыя”.

    Сёлета была запушчана “Школа рэкламы”, ладзіліся праграмы бяспекі — дапамагалі рэдакцыям усталёўваць ліцэнзійны софт, вучылі бяспечна захоўваць інфармацыю.

    На 2019 год, апрача іншага, запланаваны курс “Менеджары інфармацыі” разам з FOJO, будзе створаная “Школа спажывецкіх расследаванняў”, а таксама міжнародная сетка трэнераў.

     

    Пра юрыдычны кірунак працы распавядала Вольга Сяховіч.

    Яна заўважыла, што ў многіх выпадках юрысты ГА “БАЖ” дапамагаюць журналістам пазбегнуць юрыдычнага пераследу, судоў. Прадстаўнікі БАЖ абараняюць інтарэсы сябраў арганізацыі ў судах, дапамагаюць пісаць скаргі і звароты па просьбе сябраў арганізацыі, у тым ліку ў міжнародныя структуры.

    “Мы займаліся прававой адукацыяй, рыхтавалі і выносілі на абмеркаванне папраўкі ў заканадаўства. БАЖ удзельнічае ў распрацоўцы дакументаў і аглядаў для міжнародных структур. Сёлета намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў прадстаўляў  альтэрнатыўны даклад у КПЧ ААН», — паведаміла прысутным Вольга Сяховіч.

    Цяпер ГА «БАЖ» праводзіць шырокую кампанію за доступ журналістаў да інфармацыі «За права на інфармацыю». У межах кампаніі за доступ журналістаў да інфармацыі збіраюцца дадзеныя пра адкрытасць дзяржорганаў для медыя і грамадзян, пра інструменты працы міністэрстваў і ведамстваў з журналістамі, распавяла каардынатарка кампаніі Юлія Катаржынская.

    Рэдактар сайта ГА «БАЖ» Вольга Хвоін і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі распавялі пра інфармацыйную працу грамадскага аб’яднання.

    Cайт кожны год нарошчвае аўдыторыю, а тэма камунікацый, інфармацыйнай бяспекі, сучасных тэхналогій цяпер запатрабаваная не толькі сярод прадстаўнікоў медыя.

    Восенню ГА «БАЖ» выступіла партнёрам у арганізацыі вялікага Media Man­age­ment and IT Forum. Агулам офлайн-падзеі цяпер ёсць перспектыўным і запатрабаваным у аўдыторыі кірункам.

    Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец згадаў заканадаўства аб “дармаедах”. Для многіх журналістаў гэта актуальнае пытанне, бо нехта працуе на фрылансе, а нехта — на замежныя медыя. І ў выніку людзі атрымліваюць  ганебны цэтлік “дармаед”. Бастунец паабяцаў звярнуцца ў дзяржорганы з гэтай нагоды.

    Нагадаем, ГА “БАЖ” у пачатку года вяло перапіску наконт таго, што арганізацыя не прызнаная творчым саюзам, сябры якога аўтаматычна не лічыліся б “дармаедамі”. Разам з тым у пералік творчых саюзаў быў уключаны Беларускі саюз журналістаў — арганізацыя, сябры якой займаюцца абсалютна аналагічнай творчай дзейнасцю.

     

    Падчас Рады былі агучаныя найлепшыя рэгіянальныя філіі 2018 года

    Сёлета было зладжанае народнае галасаванне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі філіяў і лідарскага курсу.

    Паводле народнага галасавання лепшай названа Гродзенская суполка БАЖ.

    Вольга Корсун

     

    А вось вынікі афіцыйнага ўзнагароджання:

    «За паспяховую і паслядоўную працу» дыплом атрымала Гродзенская суполка;

    «За паспяховую рэалізацыю планаў філіі і гуртаванне супольнасці» — Лунінецкая філія ГА “БАЖ”;

    Алена Насковіч — кіраўніца Лунінецкай філіі ГА “БАЖ”

    «За разнастайнасць актыўнасцяў у філіі» — Брэсцкая філія БАЖ.

     

    Лепшыя рэгіянальныя структуры ў 2018 годзе:

    Магілёўская абласная суполка

    Барыс Вырвіч

    Маладзечанская філія

    Дыплом атрымала кіраўніца Маладзечанскай філіі Зоя Хруцкая

     

    Пераможца конкурсу: Гомельская філія ГА “БАЖ”.

    Дыплом атрымаў кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько

     

    Лісты падзякі “За актыўны ўдзел у Эстафеце добрых спраў” атрымалі:

    Слонімская суполка ГА “БАЖ”

    Мікола Канановіч

     

    Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ”;

    Слуцкая суполка ГА “БАЖ”

    Вікторыя Крупская

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці