• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Назіральная рада журфака на поўным сур’ёзе заяўляе пра пераход на падрыхтоўку «байцоў інфармацыйнага фронту»

    На факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта адбылося пасяджэнне «назіральнага савета» пад старшынствам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова. Гэты орган створаны на загад Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў лютым на фоне заклікаў рыхтаваць «ідэйныя кадры» для афіцыйнай прапаганды. 

    Як удакладняецца ў справаздачы на сайце навучальнай установы, «членамі савета» з’яўляюцца прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, а таксама кіраўнікі буйных дзяржаўных СМІ: Белтэлерадыёкампаніі, «Сталічнага тэлебачання», АНТ, беларускага прадстаўніцтва МТРК «Мір», агенцтваў БелТА, «Мінск-Навіны», выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня». Ад універсітэта туды камандзіраваныя прарэктарка па выхаваўчай працы Ганна Бакун і нядаўна прызначаны дэканам журфака Аляксей Бяляеў.  

    «Сустрэча тычылася дэталёвай прапрацоўкі пытанняў падрыхтоўкі будучых журналістаў. Размова вялася пра змену навучальных планаў і напаўненні новым актуальным зместам праграм спецыялістаў у галіне інфармацыі і камунікацыі. Удзельнікі звярнулі ўвагу на неабходнасць паглыблення практычнай падрыхтоўкі студэнтаў на базе буйных рэдакцый, тэле- і радыёстудый. Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў абяцаў садзейнічанне ў матэрыяльнай падтрымцы факультэта і закупцы неабходнага абсталявання», — гаворыцца ў выніковай публікацыі.

    І калі ўніверсітэцкія «аглядальнікі» не сталі занадта злоўжываць ваяўнічым рэляцыямі апошняга часу, то Міністэрства інфармацыі ў сваёй справаздачы абышлося нават без двукоссяў.

    У прыватнасці, даводзіцца, што пасяджэнне было прысвечанае праблеме перагляду зместу навучальных праграм у сувязі са змяненнем падыходаў да падрыхтоўкі сучаснага журналіста як байца інфармацыйнага фронту.

    Такім чынам, задача выпускніка некалі паважанага факультэта журналістыкі цяпер палягае не ў здольнасці быць аб’ектыўным у асвятленні падзей, а ў гатоўнасці выконваць узгодненыя распараджэнні ўладных куратараў.  

    Пра гэта, уласна кажучы, сведчыць і рэзулятыўная частка нарады: «назіральны савет» прыняў рашэнне ўзмацніць практычны складнік у  падрыхтоўцы будучых журналістаў, а таксама напоўніць навучальны план дысцыплінамі грамадска-палітычнага характару, якія дазволяць моладзі «больш глыбока і прафесійна разбірацца ў сістэме сучаснага ўладкавання грамадства».

    Тэрміналогія пра «байцоў інфармацыйнага фронту» была звыклым штампам лектараў савецкага часу, але з надыходам незалежнасці журналістыка атрымала адносную свабоду дзеянняў. Цяперашнія «эліты»  зноў скатваюцца ў рыторыку, без перабольшання, дзікую для ХХІ стагоддзя. У канцы лютага, падсумоўваючы вынікі дзейнасці медый у 2022 годзе, колішні міністр інфармацыі, а цяпер намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігар Луцкі смела адчыніў «партал» у мінулае.   

    «На журфаку БДУ неабходна рыхтаваць не проста журналістаў, а байцоў інфармацыйнага фронту. Бо, на жаль, да гэтага часу мы выяўляем у структурах СМІ людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. А кадры ў любой установе — задача нумар адзін. Дзе іх браць? Прэзідэнтам прынята рашэнне пра стварэнне назіральнага савета на факультэце журналістыкі. Туды прызначаны новы кіраўнік, дэкан. Ён і кіраўнікі СМІ адказваюць сёння за падрыхтоўку спецыялістаў на журфаку. Пазіцыя такая: мы рыхтуем не проста журналістаў, мы рыхтуем, паўтаруся, байцоў інфармацыйнага фронту. Усе гэта павінны разумець і ўсведамляць. І падрыхтаваць гэтых байцоў — наша сумесная задача, а не толькі Міністэрства адукацыі і факультэта журналістыкі», — заявіў чыноўнік.

    Ігар Луцкі, як і ягоны наступнік на пасадзе міністра інфармацыі Уладзімір Пярцоў, падкрэсліваюць, што з бюджэту накіроўваюцца «вялізныя  рэсурсы» на забяспячэнне дзяржаўных СМІ, а таму ўлады заканамерна разлічваюць на лаяльнасць тых, каго фінансуюць.

    Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год» сапраўды прадугледжвае істотныя ўліванні ў падкантрольныя СМІ — агулам гаворка пра 162 млн рублёў.

    Бясспрэчным чэмпіёнам па «праяданню» – Белтэлерадыёкампанія, на ўтрыманне якой падаткаплацельцы «скінуліся» ў суме 120 млн рублёў. Адчувальны беларускі ўнёсак у праект міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі  «Мір»: мінская рэдакцыя атрымала 10 млн рублёў. Для тэлеканала АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») у бюджэце заклалі каля 4,5 млн рублёў. Сур’ёзны «прыход» прадугледжаны на ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», лічба падскочыла з леташняга 1 млн да 3,8 млн. Замыкае спіс фаварытаў агенцтва БелТА, на дзейнасць якога выдаткавана 1,8 млн. 

    Сёлетнія выдаткі на дзяржСМІ адны з самых значных — прыкладна 60 млн долараў у эквіваленце. І гэта цалкам лагічна, асабліва з улікам ролі прапагандыстаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі і ўсё большай палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі. 

    Чытайце яшчэ:

    Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў

    «Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь

    Абвінавачанне запатрабавала тры гады калоніі для журналіста Дзмітрыя Семчанкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці