Настассю Мацяш, асуджаную за супрацу з «Белсатам», унеслі ў «спіс экстрэмістаў»
Звесткі пра Настассю Мацяш 19 ліпеня з’явіліся ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
На сайце МУС паведамляецца, што жанчына ўжо адбывае прысуджанае ёй пакаранне.
19 красавіка 2024 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Настассю Мацяш вінаватай ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Святлана Макарэвіч прызначыла ёй два гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і штраф памерам 20 тысяч рублёў. Таксама суд абавязаў сплаціць дзяржаве 102 415 рублёў і 12 капеек — як «даход, атрыманы злачынным шляхам».
Бок абвінавачання даводзіў, што з чэрвеня 2021 года да лістапада 2023 года, Настасся Мацяш,
«з’яўляючыся моўным кансультантам Польскага тэлебачання TVP, у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал «Белсат tv Belsat», неаднаразова на загад кіраўніцтва «Белсат», прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем, ажыццяўляла правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія ў далейшым выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання «Белсат» для экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння і распаўсюду з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі інтэрнэт».
28 чэрвеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Настассі Мацяш. Суддзя Сяргей Гураў пакінуў скаргу без задавальнення, а вырак суда першай інстанцыі — без зменаў.
Інтэрнэт-рэсурсы тэлеканала «Белсат» былі абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Настассю Мацяш палітычнай зняволенай.