• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Наш журналіст у Лацінскай Амерыцы. Пошукі працы. Частка 2 (ФОТА)

    У асноўным народ чытае два таблоіды – LaTe­ha і LaEx­tra. У апошнім таблоідзе цэнтравік – пра бяздомную мучачу, якая ў адным з паркаў Сан-Хасэ паказвае цыцкі за 100 калонаў (1800 беларускіх рублёў), за 200 – задзірае спадніцу.

    Карацей, з таблойдамі ў мяне адносіны ня склаліся.

    З больш-менш сур’ёзных грамадска-палітычных газет я налічыў з паўтузіна. Што яны зь сябе ўяўляюць? У плане дызайну лацінаамерыканская перыёдыка на галаву апярэджвае беларускую. Абгортка – салодкая. У плане зместу – пачынаюцца касякі. Глыбокай аналітыкі амаль няма, як і ў беларускіх СМІ. У пераважнай большасці рэй вядуць “інфармашкі”. Ну і шмат “трындзяжу” – аўтарскіх калонак, псеўдааналітыкі, якая пішацца левай нагой. Усё, натуральна, па-гішпанску.

    Толькі ў газеце LaNa­cion, нібыта самай саліднай у Коста-Рыцы, я знаходжу аддзел журналісцкіх расследаванняў, які мне параіў адзін амерыканскі калега. Пішу ліст мясцовай загадчыцы аддзелу (калезе — некалі ж і я ачольваў гэту пасаду ў “Звяздзе”). У адказ – цішыня.

    Як потым мне патлумачылі, мясцовыя кіраўнікі аддзелаў, рэдактары і іншыя журналісты старэйшага веку раўніва ставяцца да маладых.

    “Выбіўшыся з г…а ў героі, высока задзіраюць дзюбы”, — прыкладна так выказаўся адзін малады калега.

    З журналісцкім працаўладкаваннем у Коста-Рыцы апрыёры вялікія праблемы. 80% выпускнікоў мясцовых журфакаў не могуць знайсці працу па спецыяльнасці. За месца карэспандэнта ў газеце вам могуць перагрызці глотку. Хоць зарплата складае каля 1000 даляраў (па нашых мерках – каля 500 даляраў).

    У нечым правініўся – вылятаеш.

    За год у газеце могуць абнавіць палову кадраў. Але, паверце, з‑за ўсяго гэтага мясцовая журналістыка не выйграе.

    За тры месяцы, што я ў Коста-Рыцы, прачытаў у мясцовай прэсе толькі адно (!) журналісцкае расследаванне. Праўда, моцнае.

     

    Кожнаму карэспандэнту – ноўт, тэлевізар, дыктафон

    Пры ўсіх праблемах мясцовай журналістыкі некаторыя стандарты прафесіі – гэта ружовы сон для беларускага карэспандэнта.

    Я ўсё ж знайшоў месца, дзе мог час ад часу падтрымліваць сваю журнаісцкую форму: публікаваць фотаздымкі, відэазапісы…

    Газета называецца CostaR­ic­a­Hoy («Коста-Рыка сёння»). Заснавалі яе ў 2011 годзе, але сёння, па словах журналістаў, сайт наведваюць каля 20 тысяч чалавек штодня (я ў гэтых лічбах не ўпэўнены). 

    Фішка газеты – працаваць кругласуткава.

    У некалькіх словах распавяду, як жывецца мясцовым калегам.

    Кожнаму карэспандэнту выдаецца службовы ноўтбук. Выязджаючы на прэсавыя канфэрэнцыі – атрымліваеш IPad, каб дасылаць інфармацыю як мага больш аператыўна. Пры дапамозе IPad некаторыя калегі адначасова запісваюць гук, здымаюць фота-відэа, пішуць матэрыялы. У рэдакцыі кожны журналіст мае сучасны тэлефон з магчымасцю запісваць суразмоўцу. Потым гэтыя аўдыёзапісы выкладваюцца ў артыкул. Такім чынам, чытач можа быць упэўнены, што яго не падманваюць, і што інтэрв’ю не перабадзяжваюцца да непазнавальнасці.

    Ля вашага працоўнага месца абавязкова ўсталяваны тэлевізар. Журналістаў развозяць на заданні двума аўтамабілямі. У рэдакцыі ёсць некалькі душаў, прыбіральняў, кухня, пакоі для адпачынку, для пасяджэнняў…

    Журналісты абавязаны на піянерскі манер працаваць ва ўніформе з  лагатыпам газеты.

    Цягам працоўнага дня карспандэнт атрымлівае заданне напісаць 4–5 матэрыялаў. Не перадраць (!) у канкурэнтаў, а стварыць самому — з тэлефанаваннямі, фота і г.д. Пішуць як ксераксы. Але працуюць як пчолкі канкрэтна ў гэтым выданні. Шмат дзе перадзіраюць прэс-рэлізы — дый годзе.

    Важны нюанс! Перадрукоўваць матэрыялы з іншых сайтаў, як гэта робяць ў Беларусі самыя папулярныя сайты, забаронена.

    Праўда, з‑за спешкі журналісты не заўжды маюць магчымасць пісаць глыбокія матэрыялы, і ў выніку атрымліваецца фаст-фуд.

    Як бы там ні было, выкарыстоўваю любыя магчымасці камунікацыі з мясцовымі журналістамі. Вандрую, спазнаю мясцовы быт.

    Выкладаю для вас некалькі фотак з маёй кастарыканскай серыі.  

     

    Кастарыканскі плюралізм

    Што такое свабода слова ў дэмакратычнай лацінаамерыканскай краіне? (Магчыма, зараз вы падумаеце, што я вальтануўся галавой).

    Часта мы палярызуем свет. Вось – дыктатура, несвабода. Вось – дэмакратыя, гуляй душа.

    Тут, у Коста-Рыцы, ашаламляльная дэмакратыя! Прэзідэнт – жанчына, паліцыя – ветлівая. А вось свабода слова сканчаецца там, дзе інфармацыя наступае на рэпутацыю карпарацыі, што падтрымлівае выданне. Неаднаразова журналісты скардзіліся мне, што менавіта па гэтай прычыне рэдактары не пускалі ў друк іх матэрыялы.

    А што рабіць? Страціш працу — новую можаш не знайсці. Вось такія рэаліі дэмакратыі ў маленькай лацінаамэрыканскай краіне.

    Таму для сябе ў чарговы раз раблю выснову. Справа не ў шыльдах кшталту “дэмакратыя”, “свабода”, “несвабода”, а ў павазе, узроўні і прынцыпах. 

     

    Ці лёгка знайсці хоць якую працу за лацінаамерыканскім бугром?

    Думаючы, на якую высокааплачваемую работу часова ўваткнуцца ў Коста-Рыцы, я выслаў рэзюмэ, можа, у дваццаць месцаў. Трэба сказаць, што пабыўшы тут, я добра насабачыўся ў ангельскай мове. Таму былі шанцы ўладкавацца ў так званыя кол-цэнтры. Гэта калі табе, скажам, тэлефануе амерыкос і кажа: “Слухай, не магу наладзіць такі і такі канал. Скажы, як гэта зрабіць”. Заробкі ў такіх кол-цэнтрах – ад 700 да 1600 баксаў. Але з маім беларускім акцэнтам працаўладкавацца ў кол-цэнтры было складана. А калі з’явіліся канкрэтныя прапановы, ужо я не хацеў на іх адгукацца, “перагарэў”. 

    Калі мне да анямення хацелася знайсці хоць якую працу, на рэзюмэ ніхто не рэагаваў, і “дэпрэсіўная туга сціскала грудзі”J

    Аднак у адзін з дзён нечакана патэлефанавалі з паўночнаамерыканскай кампаніі McK­in­sey: «Мы ацанілі ваша рэзюмэ, вы нам падыходзіце, прыязджайце на сумоўе».

    У выніку ўзяць мяне на працу прапанавалі праз месяц, пакуль улаштуюцца пытанні з рэгістрацыяй. Заробак стартаваў ад 2000 даляраў. Плюс стажыроўкі ў ЗША і г.д. У чым заключалася праца? Напрыклад, нейкая фірма гандлюе каўбасой, і бізнэс пачынае накрывацца. Тады няшчасныя камерсанты звяртаюцца да аналітыкаў кшталту McK­in­sey, і тыя, даючы парады, выпраўляюць становішча.

    Аднак калі прыйшла пара даваць згоду на працу ў кампаніі, мяне пачало ламаць. Я зразумеў, што даваць парады прадаўцам хот-догаў (хоць і за немалыя грошы ) – гэта не тое, для чаго я нарадзіўся на белы свет.

    А яшчэ прыкладна ў той жа час, калі мяне запрашалі ў McK­in­sey, сасніў сон, што стаю я і бачу шмат беларускай гразі, і мне хоча ў ёй купацца…

    Часам трэба памятаць, хто ты. Калі ты – журналіст, і табе дадзена, скажам, уплываць на законы, дапамагаць людзям, то ты не павінен гандляваць роварамі. Хай сабе і за 10 тысяч даляраў заробку. Усё адно жыццё расставіць усё на свае месцы.

    Вось пайшоў бы я ў які-небудзь кол-цэнтр, як піць даць хто-небудзь уваткнуў бы мачэтэ ў пуза ці выбіў бы зубы, каб амерыканскі акцэнт пераўтварыўся ў кітайскі…

     

    P.S. Магчыма, гэта была самая сумная частка майго лацінаамерыканскага жыцця. Але не ўсё было моташна, сябры. Скончыўшы пошукі працы, адмовіўшыся ад прапановаў, я адчуў сябе чалавекам свабодным.

    Што рабіць далей? Ды дадому вяртацца і думаць, як перацягнуць за сабой дзяўчыну.

    Якраз у Беларусі пачынаецца перадвясенняя пара. Але раз ужо я ў Коста-Рыцы, хачу добра тут адпачыць, “пагудзець”. Мясцовыя пяцізоркавыя гатэлі – адныя з самых топавых у свеце. Ціхі акіян, Карыбскае мора, карыда, воблачныя лясы… Але нумар у суткі – ад 150 даляраў.

    Я знайшоў журналісцкі спосаб, як адпачываць з мажорным размахам за бясплатна.

    У наступным допісе падзялюся з вамі інструкцыямі і выкладу фотаздымкі сваіх геройстваў…

    Прыгоды беларускага журналіста ў Лацінскай Амерыцы. Частка 1. (ФОТА, ВІДЭА)

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці