Нарвежскі фрылансер: “Калі танна прадавацца ад пачатку, цяжэй прадацца дорага ў будучым”
Анэта Андрэсэн – кіраўнік Нарвежскага згуртавання журналістаў-фрылансераў у Нарвежскай асацыяцыі журналістаў (NJ), якое налічвае каля 800 чалавек.
Агулам у Нарвежскай асацыяцыі – каля 9 000 сябраў. Такім чынам, 10% ад усяго саюза складаюць журналісты-фрылансеры.
Прадстаўнікі ГА “БАЖ” сустрэліся з лідаркай нарвежскіх вольных журналістаў на традыцыйным штогадовым семінары для фрылансераў (Nordic Freelance Seminar) з Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі. Сёлета ён адбыўся ў Ільсэтры пад Ліліхамерам напрыканцы мая 2016 года.
– Спадарыня Анэта, распавядзіце, калі ласка, як вы матывуеце журналістаў далучыцца да згуртавання, стаць фрылансерамі?
– Мы ладзім для нашых сябраў трэнінгі, семінары, цікавыя лекцыі. Многія з іх даволі самотныя людзі, і наша згуртаванне спрыяе супольным сходам, сустрэчам з калегамі. Раз на месяц у Осла ў нас адбываюцца сустрэчы фрылансераў дзеля абмеркавання якой-небудзь актуальнай тэмы ці праблемы. У кожнай з іх бяруць удзел каля 50 чалавек.
– Якія абавязкі ў сябраў згуртавання?
– Раз на год журналісты паведамляюць пра свой гадавы прыбытак, і ад гэтай сумы налічваецца гадавы ўнёсак. Мінімальны ўнёсак – 4 тысячы крон (400 еўра).
– Якімі рысамі характару павінен валодаць фрылансер?
– Канешне, мне карціць адказаць, што ў фрылансера няма ніякіх спецыфічных рысаў, і што любы журналіст можа ім быць. Але, на жаль, гэта не так. Перадусім вы павінны стварыць для сябе працоўнае месца. Трэба быць гнуткім. З іншага боку, можна атрымліваць задавальненне ад таго, што вам не трэба працаваць з 9.00 да 17.00. Вы можаце працаваць тады, калі пажадаеце. Фрылансер звычайна ўпэўнены ў сабе, камунікабельны чалавек, бо яму ж трэба кантактаваць і з працадаўцамі, і са сваімі героямі.
– А калі паглядзець на дынаміку – павялічваецца ці змяншаецца цяпер у Нарвегіі колькасць фрылансераў?
– Сітуацыя зараз даволі стабільная. Апошнія 5 гадоў нас каля 800 чалавек, але неўзабаве мы чакаем росту колькасці фрылансераў. Тыя, каго звальняюць, звычайна робяцца фрылансерамі, але далёка не ўсе яны далучаюцца да фрыланс-супольнасці. Насамрэч, гэта даволі цяжкі выбар. Былыя штатнікі прызвычаіліся рэгулярна атрымліваць заробак, а заробак фрылансера вельмі нестабільны. Людзі часам проста мяняюць прафесію.
– Як вы лічаце, якія перавагі мае фрылансер перад штатным журналістам?
– Статус фрылансера дае свабоду. Гэта – галоўная перавага. Вы маеце свабоду абіраць тэмы, спосабы, месца і час распрацоўкі тэмы. Яшчэ вы можаце абіраць сваіх калег – гэта цалкам выключана для штатных супрацоўнікаў, вымушаных суіснаваць з тымі, хто працуе ў рэдакцыі.
– Якія недахопы ёсць у статуса фрылансера?
– Няўстойлівасць, нестабільнасць. Іншым разам вы не ведаеце, ці будзе ў наступным месяцы якая-кольвек праца. Цяпер, напрыклад, вельмі багата фатографаў на журналісцкім рынку не маюць працы, бо шмат буйных газет пазвальнялі людзей і скарацілі бюджэт. Гэта цяжкая сітуацыя.
– Якія выклікі зараз стаяць перад фрылансерамі Нарвегіі?
– Ёсць праблемы з аплатай нашай працы. Мы, фрылансеры, трымаемся разам, змагаемся адзін за аднаго. Гэта ўсведамляюць і штатныя супрацоўнікі – яны бачаць, як іх калегі губляюць працу, бо фрылансеры каштуюць танней. Мы неўзабаве ўсе станем фрылансерамі, калі не спынім гэтую тэндэнцыю.
Вельмі важна не дапусціць, каб фрылансер стаў больш таннай альтэрнатывай штатнаму супрацоўніку.
Яшчэ аплата залежыць ад таго, што і як вы прадаеце – асобны тэкст ці аўтарскія правы на свой матэрыял. Такім чынам, наступнай праблемай з’яўляецца страта аўтарскага права. Я ведаю фатографаў, якіх працадаўцы проста змусілі прадаць свае аўтарскія правы, і гэта вельмі кепска. Яны больш не могуць прадаць свае фотаздымкі, яны не маюць права выкарыстоўваць свае ўласныя здымкі, і я лічу, што гэта непрымальна.
– Што трэба рабіць фрылансеру, каб атрымаць больш грошай за сваю працу, не быць «таннай альтэрнатывай» штатным супрацоўнікам?
– Перадусім – падтрымліваць і дапамагаць адзін аднаму. Згуртаванне павінна больш актыўна працаваць з рознымі медыямі, каб пераканаць іх уладальнікаў, што фрылансер – не танная альтэрнатыва штатніку. Мы размаўляем з фрылансерамі пра недапушчальнасць таннага продажу сваіх матэрыялаў, дэмпінгавання коштаў на матэрыялы.
– Што вы робіце, даведаўшыся, што нехта дэмпінгуе?
– Я магу зразумець гэтых людзей. Калі вы седзіце без працы, без заробку, і нехта прапануе вам хоць нешта зарабіць, вялікая спакуса пагадзіцца. У такіх выпадках мы запрашаем фрылансераў на сустрэчу і абяцаем навучыць весці свой журналісцкі бізнес прафесійна. Мы не прысаромліваем, не адштурхоўваем іх – калі так рабіць, яны працягнуць так рабіць. Часта ходзім па ўніверсітэтах да студэнтаў, размаўляем з імі, бо часта яны трапляюць на медыярынак і прадаюць сябе танней. Калі танна прадаваць сябе ад пачатку, нашмат цяжэй прадаць сябе дорага ў будучым.
– У Беларусі журналісты-фрылансеры сутыкаюцца з праблемай адсутнасці журналісцкага пасведчання. Наколькі я ведаю, вы маеце пасведчанне, дзе пазначана, што вы – менавіта фрылансеры. А як вы дамаўляецеся з вашымі героямі? Напрыклад, чалавек хоча ведаць, дзе будзе змешчаны матэрыял пра яго, а вы не ведаеце дакладна. Як вы гэтае пытанне вырашаеце?
– Асабіста я вельмі рэдка раблю гісторыі, якія не прададзеныя загадзя, і таму я магу сказаць, дзе будзе апублікаваны матэрыял. Калі я не магу сказаць дакладна, дзе будзе публікацыя, я кажу, што паспрабую прадаць матэрыял у гэта ці тое выданне. Часта я тэлефаную героям і запытваюся іх дазволу змясціць матэрыял у нейкім канкрэтным СМІ. Бывае, што абяцаю героям публікацый – асабліва гэта тычыцца палітыкаў, – што матэрыял не будзе змешчаны ў так званых “жоўтых” выданнях.