• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Не кладзіце ўсе яйкі ў адзін кошык…”

    ilsetra-sun1-05_16.jpg

    Сёлета семінар быў прысвечаны тэме важнасці незалежных галасоў журналістаў-фрылансераў.

    Падчас мерапрыемства звярталася ўвага на тое, што журналісцкая прафесія ўвесь час трансфармуецца. Адпаведна, з аднога боку, акурат журналісты-фрылансеры набываюць асаблівую важнасць для развіцця медыясферы. З другога боку, яны змушаныя працаваць ва ўсё больш складаных эканамічных умовах. Такое становішча ўяўляе пагрозу дэмакратыі, бо камерцыйныя і палітычныя групоўкі імкнуцца кантраляваць і абмяжоўваць свабоду слова.

    ilsetra-audience5_16-1.jpg

    “Хто ж у такім разе будзе адсочваць і аб’ектыўна асвятляць дзейнасць гэтых бізнесоўцаў і палітыкаў?” – задаліся пытаннем арганізатары Nordic Free­lance Sem­i­nar – 2016 з Нарвежскай асацыяцыі журналістаў (NJ).

    ilsetra-freelance-workshop-05_16.jpg

    Праграма семінара для скандынаўскіх журналістаў-фрылансераў была насычаная лекцыямі, варштатамі, дыскусіямі і прэзентацыямі з процьмай цікавых практычных парадаў, метадаў і інструментаў эфектыўнай фрыланс-журналістыкі ў сучасным свеце.

    Прафесар з Універсітэта Бергена (Нарвегія) Франк Орэброт падкрэсліў незвычайную важнасць стварэння арыгінальнага кантэнту журналістамі-фрылансерамі.

    “40 тэлеканалаў – і няма чаго глядзець!” – наракаў прафесар.  – “Арыгінальны кантэнт заўсёды быў каралём!” – дадаў ён.

    frankaarebrot.jpg

    Таксама сп. Орэброт падкрэсліў няўхільны трэнд пераходу друкаваных выданняў у статус перыёдыкаў “для каментароў” і ўзмацнення пазіцый анлайн-СМІ для пашырэння навінаў.

    Прафесар раіць журналістам-фрылансерам “ніколі не класці ўсе яйкі ў адзін кошык” і не аддаваць магчымасці стварэння прафесійнага журналісцкага кантэнту ў вузкапрофільных анлайн-СМІ (кулінарныя сайты, сайты пра падарожжы і інш.) на водкуп аматарам.  

    Карэспандэнт брытанскай “The Guardian” Джон Хэнлі падзяліўся з калегамі сваімі думкамі пра стаўпы сучаснай анлайн-журналістыкі: аб’ектыўнасць, дакладнасць, збалансаванасць фактаў і эмоцый.

    john-henley.jpg
    Сярод іншага падкрэслівалася важнасць ураўнаважанай прысутнасці ў журналісцкім матэрыяле для анлайн-выдання асабістай гісторыі ды фактуры, эмацыйнай афарбоўкі ды дакладных навінаў, пачуццёвага і кагнітыўнага

    “Журналіст больш не валодае манаполіяй на праўду. Артыкулы ў анлайн-выданнях – пачатак працэсу, а не апошняе слова, як гэта было раней… Анлайн-журналісты маюць справу з актыўнымі інтэрнэт-карыстальнікамі, якія раней называліся “аўдыторыяй”. Цяпер гэтыя людзі правяраюць дакладнасць фактаў, забяспечваюць журналіста ідэямі і звесткамі для артыкулаў, удзельнічаюць у найшырэйшым распаўсюдзе публікацый”, – зазначыў брытанскі анлайн-журналіст.

    Старэйшы выкладчык Школы СМІ з Бірмінгемскага гарадскога ўніверсітэта (Birm­ing­ham School of Media) Боб Кальвер праводзіць лекцыі і семінары па тэлерадыёжурналістыцы, а таксама па медыйным праве. Былы фрылансер з 40-гадовым журналісцкім досведам працы, які, сярод іншага, супрацоўнічаў з Бі-бі-сі, не губляе аптымізму што да будучыні фрыланс-журналістыкі ў сучасным свеце:

    “Журналіст-фрылансер працуе на сваё імя, на свой уласны брэнд. Гонар журналіста-фрылансера – якасны арыгінальны кантэнт”.

    bob-calver.jpg

    Асаблівую ўвагу сп. Кальвер звярнуў на неабходнасць захавання высокіх стандартаў якасці ў журналісцкай дзейнасці як гарантыі прафесійнага поспеху: “Журналіст-фрылансер – не рэкламнае агенцтва, не лабіст, не палітык…”

    Прадстаўнікі ГА “БАЖ” – рэпрэсаваная журналістка-фрылансер з Гомеля Ларыса Шчыракова і сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў – распавялі ўдзельнікам Nordic Free­lance Sem­i­nar – 2016 пра адсутнасць прававога статусу журналіста-фрылансера ў сучаснай Беларусі, а таксама пра пераслед вольных журналістаў за прафесійную дзейнасць у парушэнне канстытуцыйных правоў журналістаў-фрылансераў на працу і на вольны збор і распаўсюд інфармацыі.

    ilsetra-nordicfreelanceseminar-larysa05_16_0.jpg

    Шматлікія ўдзельнікі Nordic Free­lance Sem­i­nar-2016 падпісалі чарговы зварот да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь спн. Ліліі Ананіч з заклікам паважаць працоўныя правы журналістаў-фрылансераў, паспрыяць неадкладнаму спыненню пераследу журналістаў-фрылансераў ды ініцыяваць іх юрыдычнае прызнанне на ўзроўні закона “Аб сродках масавай інфармацыі” ў Беларусі.

    На вялікі жаль, беларускія ўлады пачынаючы з 2014 года не адказалі ні на адзін зварот у абарону беларускіх журналістаў-фрылансераў – як з боку міжнародных арганізацый, так і ад замежных журналісцкіх аб’яднанняў. Застаецца толькі здагадвацца, чым тлумачыцца такое маўчанне і грэбаванне канстытуцыйнымі правамі грамадзян Рэспублікі Беларусь.

    Ці гэтак жа важныя незалежныя галасы журналістаў-фрылансераў у Беларусі, як у Скандынавіі?

    ilsetra-panorama.jpg

    ilsetra-mist-05_16.jpg

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці