• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На сёння нас 45 чалавек». Год таму разграмілі TUT.BY — як каманда працягвае працу ў новым медыя

    Год таму ўлады зладзілі аперацыю пагрому самага папулярнага ў краіне партала з 20-гадовай гісторыяй. Сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.BY і дадому да супрацоўнікаў, 15 чалавек аказалася за кратамі. Частка каманды медыя змагла захавацца і запусціць новы навінавы праект «Зеркала», які ўжо па многіх паказчыках даганяе прародзіча.

    «Наша Ніва» пагутарыла з дырэктаркай па камунікацыях «Зеркала» Аляксандрай Пушкінай пра тое, як гэта — ратаваць калектыў спачатку з Беларусі, пасля з Украіны, пра весткі ад калег з турмы, пра любоў чытачоў, якую не запужаць «экстрэмізмам», і місію медыя ў выгнанні.

    obysk_tutby_20180807_shuk_tutby_phsl_5895d-2etxa.jpg

    «Мы ведалі толькі, што трэба працягваць працу. А каб гэта было магчымым, трэба быць не затрыманым і не забітым»

    «Наша Ніва»: 18 мая 2021 года заблакавалі TUT.BY, у офісе і дома ў супрацоўнікаў прайшлі вобшукі, 15 чалавек былі затрыманыя (сярод іх — асноўнае кіраўніцтва партала). У якім стане вы сёння ўваходзіце ў гэтую сумную гадавіну?

    Аляксандра Пушкіна: Першае, што трэба адзначыць: мы падыходзім да гэтай даты ўжо не як TUT.BY. Мы не можам называць сябе так, не можам працаваць у Беларусі, як гэта было цягам 20 год. Да гэтай даты мы нібыта падыходзім з боку, а не як удзельнікі гісторыі. Гэта ўсё, канечне, засмучае.

    «Зеркала» стваралася людзьмі, якія працавалі на TUT.BY, з мэтай працягнуць місію: асвятляць усё ў тым жа tone of voice, абапірацца на тыя ж стандарты журналістыкі. У нейкім сэнсе мы — пераемнікі вялікага медыя.

    На сёння нас 45 чалавек, мы знаходзімся ў розных гарадах і краінах. Большая частка людзей — у Літве і Польшчы. Першапачаткова, пасля ад’езду з Беларусі, вялікая доля асела ў Кіеве, з вайной яны былі вымушаныя з’ехаць і адтуль.

    «НН»: Як вы перажылі 24 лютага і другі хуткі ад’езд? 

    АП: Мы не рыхтаваліся да вайны, не чакалі яе. У нас было разуменне, што такое тэарэтычна магчыма, але мы не думалі, што ў Кіеве так хутка будзе парушаная фізічная бяспека, не пакінуўшы часу зарыентавацца. 

    24 лютага было незразумела, як будуць складвацца абставіны з улікам таго, што ў нас беларускія пашпарты, а Беларусь замяшаная ў нападзе на Украіну, бо аддала пад гэта сваю тэрыторыю. Мы ведалі толькі, што трэба працягваць працу. А каб гэта было магчымым, трэба быць не затрыманым, не забітым (зразумела, што без легальнай падставы і акрэдытацыі заставацца там было нельга). Мы вырашылі вывезці ўсіх членаў каманды, і на сёння ва Украіне нікога з нашых няма.

    Пашанцавала, што была частка людзей, якая першапачаткова рэлакавалася ў іншыя краіны і змаглі падхапіць рэдакцыйную працу, пакуль іншыя выязджалі.

    Інфармацыя на партале выходзіла бесперапынна, аб’ёмы не падалі, з’явіліся анлайны, якія мы вялі на пратэстах у 2020‑м годзе. У нас хапіла рэсурсаў, каб цягам пяці сутак эвакуацыі ўтрымліваць звыклы рэжым працы. Але гэта такія гіперрэсурсы, калі людзі робяць звыш сваіх магчымасцяў, не адпачываюць, практычна не кладуцца спаць. 

    Паралельна з гэтым бэк-офіс (у тым ліку і я) быў цалкам уключаны ў вываз людзей: вырашэнне пытанняў з транспартам, званкі памежнікам, аператыўны збор пашпартоў з консульстваў, якія ляжалі там на візы, і гэтак далей. Такі пашыраны спіс задач, вельмі падобны на той, які варта было закрыць, калі мы выязджалі з Беларусі.

    «Марына Золатава ў апошнім лісце распавяла, што паспела загарэць за тры дні, што гуляла ў дворыку»

    «НН»: Частку фігурантаў «справы TUT.BY» выпусцілі пад падпіску. На якім этапе ўвогуле зараз справа, ці вядомыя новыя акалічнасці? Што чутно пра галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, гендырэктарку Людмілу Чэкіну і журналістку Лену Талкачову, якіх працягваюць утрымліваць у СІЗА?

    АП: Інфармацыю мы атрымліваем, як усе — ад сваякоў і адвакатаў. Чагосьці новага, акрамя таго, што Дашу Данілаву (менеджарку TAM.BY, дырэктара Rock­et­Da­ta. — «НН») асудзілі ў выніку па 342‑м артыкуле КК, няма. Ëсць агульны артыкул 243 КК (ухіленне ад сплаты падаткаў). Ëсць артыкул аб распальванні варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК) — мы не ведаем, у дачыненні да каго канкрэтна выстаўленыя такія абвінавачванні. Ну, і ў матэрыялаў партала ёсць статус «экстрэмісцкага кантэнту».

    Усім, акрамя Лены Талкачовай, Людмілы Чэкінай і Марыны Золатавай, змененая мера ўтрымання — хоць так, дома так ці інакш лепш.

    Да Мілы (так называюць Людмілу Чэкіну. — «НН») прарваўся толькі адзін мой ліст праз сервіс «Пісьмо.бел». Што дзіўна, з фатаграфіяй майго ката ў яе дома. І пісаўся ён ад балды, таму што, калі ты доўга не атрымліваеш адказаў, нібыта і тэмы сканчваюцца. Тут яна адказала, але гэта было даўно, з тых часоў больш нічога.

    А вось з Марынай у мяне склалася ліставанне. Яе апошні адказ прыйшоў 5 мая пасля двухмесячнага перапынку. Там яна распавяла, што паспела загарэць за тры дні, што гуляла ў дворыку. Што назірае за дзьмухаўцамі — у самім дворыку для шпацыроў іх няма, аднак ўсялякая зеляніна ўсё роўна прабіваецца.

    Агулам я б сказала, што яна ў бадзёрым стане. Яна «прывітанні» ўсім перадавала, асабліва камандзе. Для яе каманда — гэта «Тутбай», вядома. Яна не так шмат ведае пра новы праект «Зеркала».

    «Галоўнае, што асноўны трафік у нас — беларускі. Мы застаемся беларускім медыя»

    «НН»: Адной з мэтаў рэпрэсій у дачыненнені да незалежных СМІ было абмежаванне доступу да праўды. Ці моцна ў вас знізілася наведвальнасць, калі параўноўваць з лічбамі TUT.BY?

    АП: Новы праект запускаўся з неразуменнем, чаго чакаць па лічбах. Але ў сакавіцкай статыстыцы ў «Зеркала» было больш за пяць мільёнаў унікальных карыстальнікаў за месяц. А калі «Тутбай» даставаў апошнюю статыстыку, у яго было тры мільёны.

    Канечне, сакавік — гэта месяц адразу пасля пачатку вайны ва Украіне, і 30% карыстальнікаў прыйшло да нас з Расіі па пошукавіку. Пасля таго, як нас заблакаваў Раскамнагляд, статыстыка ўпала — да 2 млн 600 тысяч унікальных юзераў.

    Сярэдняя колькасць для нас сёння — гэта каля трох мільёнаў унікальных карыстальнікаў.

    Што тычыцца праглядаў, канечне, сітуацыя не такая, як у «Тутбай», пакуль што: тады было нармальным мець артыкулы з мільённымі праглядамі, сёння ж мы перакрочылі за 100–300 тысяч для аднаго артыкула. І гэта ўжо нядрэнны вынік з улікам блакіровак у Расіі і Беларусі, прызнаннем кантэнту экстрэмісцкім ды іншых рэпрэсій у дачыненні да журналістаў.

    Галоўнае, што асноўны трафік у нас — беларускі. Больш за палову. Гэта паказчык, што мы застаемся беларускім медыя, не пішам выключна пра тых, хто з’ехаў за мяжу. Мы застаемся крыніцай інфармацыі для тых, хто зараз у краіне.

    «НН»: Запужванне людзей кантактаваннем з «эсктрэмісцкімі» медыя наколькі падарвала ваш дыялог? Бо ў TUT.BY заўсёды быў моцны канэкт на гэтым узроўні.

    АП: Тое, што з намі салідарныя чытачы — гэта вялікі капітал усіх беларускіх медыя. Людзі разумеюць, што мы вымушаныя быць за мяжой, але дапамагаюць рабіць нашу працу, мы нібыта яе робім разам і дасягаем агульнай мэты. Ад чытачоў нам працягвае прыходзіць інфармацыя: няма вакуума. Канечне, з гэтым трэба вельмі асцярожна абыходзіцца — мы памятаем пра ўсе меры бяспекі і самі нагадваем пра іх чытачам. Ананімныя маналогі — гэта, канечне, не пра стандарты журналістыкі, але ў краіне, у якой за каментар «Зеркалу» можна пайсці не толькі на суткі, такое цалкам магчыма.

    Але ёсць людзі, якія, нават знаходзячыся ў Беларусі, гатовыя каментаваць, даваць адзнакі і аналітыку адкрыта. Я гэта ацэньваю і як смелы крок, і як пазіцыю, таму што сыходзіць у абсурд і не каментаваць нейкія банальныя рэчы проста немагчыма. Гэта ўжо пра тое, што ты наўпрост не можаш услых размаўляць у гэтай краіне.

    «НН»: У якім аб’ёме вашу дзейнасць сёння фінансуюць чытачы праз данаты?

    АП: На сёння магу сказаць толькі, з чаго складаецца ўсё фінансаванне агулам, бо ўсё вельмі змянілася пасля ад’езду з Украіны. Там мы ўжо пачалі адчуваць сябе досыць упэўнена — колькасць рэкламы павялічвалася, але цяпер мы вымушаныя займацца юрыдычнымі пытаннямі, каб усё аднавіць. 

    Мы гэтак жа існуем на грошы ад рэкламных сетак («Яндэкс» адваліўся, але ёсць іншыя інструменты). У нас таксама ёсць фондавая падтрымка і чытацкая. Гэта тры крыніцы, якія былі з самага старту і застаюцца з намі, мяняюцца толькі іх працэнтныя суадносіны.

    Наша мэта застаецца ранейшай: умець зарабляць так, як мы гэта рабілі ў Беларусі.

    «НН»: Ці чакаць новых рубрык і праектаў ці пакуль не да таго?

    АП: Наша рэдакцыя, дзякуй богу, не займаецца справамі бэк-офіса, нам пашанцавала, што мы можам раздзяліць гэтыя задачы. Пераезд моцна паўплываў, канечне, на нас, бо трэба было спачатку проста прыйсці ў норму і зразумець, ці ўсё добра працуе. З вайной чытацкі запыт змяніўся, і мы пакуль захоўваем тое, што ёсць. Але як толькі ўбачым, што нейкая тэма вымалёўваецца ў раздзел, ёсць запыт ад чытача, мы будзем расці. Напрыклад, без вайны ўжо магла б адасобіцца рубрыка «Спорт».

    Пакуль на ютуб-канале «Зеркала» не выходзяць відэа, але тая ж палітычная рубрыка «Шрайбман адкажа» працягнецца. Магчыма, нешта яшчэ з’явіцца на канале. Мы не кідаем зусім працу з відэа і плануем працягваць яе, хай і не ў ранейшым аб’ёме.

    У нас ёсць задача — стаць тымі сабой, якіх мы памятаем, калі былі «Тутбаем». Мабыць, мы арыентуемся на нейкі вобраз, але так ці інакш будзем імкнуцца да яго. 

    «Мы будзем працаваць столькі, колькі трэба будзе»

    «НН»: Ты неяк задавалася пытаннем: не разумею, як калегі ўсё гэта вывозяць. Знайшла для сябе адказ, што ў гэтым дапамагае? 

    АП: Вочы баяцца, а рукі робяць — неяк так, можа?

    Я згадваю, як сама, яшчэ ў 2020–2021‑м, калі мы былі ў Беларусі, сыходзіла на Цнянку, побач з якой жыла. Проста хадзіла там — у той момант нібыта нічога вакол не адбывалася, усё было добра. І я бачу, што многія з калег, калі быў цяжкі дзень ці няпростая навінавая павестка, дадому ідуць пешшу, каб крыху абнуліцца.

    Я бачу, як усе працуюць, як гэта здарова выглядае з боку: без сітуацый, калі камусьці трэба ўсё ратаваць. Усе прынялі сённяшнюю сітуацыю, і цяжкія моманты мы перажываем разам. Абмяркоўваем іх, часам жартуем навад там, дзе, здаецца, нельга жартаваць.

    Але не магу сказаць, канечне, што вярнулася нейкае нармальнае жыццё. Амаль усе ўсё роўна жывуць працай. Не бачу момантаў, калі можна паўнавартасна спланаваць графік, як гэта было ў Беларусі: тут паходы на спорт, там сустрэчы з сябрамі, тут вандроўка.

    Цяпер праца — гэта не проста твая змена, пасля якой ты адключышся. Усе могуць заляцець у чат, абмяркоўваць навіну, дапамагаць адно аднаму. Можна банальна не разабарацца, як падключыць інтэрнэт у новай краіне, калі ў цябе няма ВНЖ (мы ж усе рэлаканты). Няма разумення, дзе сканчваюцца межы працы. Гэта абсалютна ненармальна — думаю, які-небудзь псіхолаг сказаў бы, што мы так губім сваё жыццё.

    Але часам гэта і ратуе: ты трымаешся за блізкіх табе людзей, ім зразумелая твая сітуацыя, цябе заўсёды падтрымаюць і дапамогуць. Тым, што мы ёсць адно ў аднаго, і ратуемся. 

    «НН:» Якой ты бачыш будучыню беларускай журналістыкі і ваша месца ў ёй?

    АП: У мяне пра будучыню толькі адзін адказ: мы будзем працаваць столькі, колькі трэба будзе. Як толькі будзе магчымасць рабіць гэта з Беларусі, яно будзе стварацца адтуль. Бо журналістыка — гэта пра краіну, пра яе жыццё. Калі ты там, то ведаеш больш адценняў гэтага жыцця, інфанагоды прыходзяць да цябе наўпрост падчас шпацыру па нейкай вуліцы.

    Цяпер на адлегласці мы зрабілі іншыя інструменты сваімі асноўнымі: маніторынг сацсетак, рэгіянальных медыя дае інфармацыю, якую мы маглі б з‑за мяжы не заўважыць. Мы бачым досыць шмат, але, канечне, з Беларусі мы бачылі і адчувалі б больш.

    Мы хочам працягнуць працаваць ў любым стане, дзе б ні знаходзіліся. Мы ведаем, чаму гэта важна — каб ніхто ў Беларусі не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. А калі ты гэта ведаеш, сумневаў няма. Замаўчаць было б куды горш.

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці