• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка

    Як стала вядома Свабодзе, 31-гадовага журналіста Свабоды палітвязьня Ігара Лосіка ўтрымліваюць у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) Наваполацкай калёніі. Сюды Лосіка перавялі са штрафнога ізалятара, куды ён у сакавіку трапляў двойчы запар.

    ПКТ — гэта камэра ў калёніі з строгім рэжымам утрыманьня, куды зьмяшчаюць асуджаных за злосныя парушэньні парадку. Максымальны тэрмін утрыманьня ў ПКТ — 6 месяцаў. Вязьні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасьці месяцаў, мець штодзённы шпацыр — 30 хвілін, хадзіць на працу, чытаць. На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў ПКТ і што стала прычынай такога пакараньня, невядома.

    Лістоў Ігар Лосік па-ранейшаму не атрымлівае. Ні ад бацькоў, ні ад жонкі Дар’і, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі.

    Паводле інфармацыі Свабоды, кожны дзень Ігар піша скаргі, што няма лістоў і што да яго не дапускаюць адваката. Адміністрацыя турмы на скаргі не адказвае.

    У Лосіка цяпер няма адваката. Першы пад пагрозай рэпрэсій зьехаў за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэцяга затрымалі паводле адміністрацыйнай справы 20 сакавіка — ягоны далейшы лёс невядомы. Чацьвёрты на пачатку траўня ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з бацькамі Ігара.

    На шыі і руках Лосіка па два шнары

    Паводле крыніц Свабоды, фізычны стан Ігара Лосіка здавальняючы. Але на яго шыі заўважныя два шнары: адзін даўжынёй каля 10 см, другі каля 7 см. На руках таксама два шнары.

    Нагадаем, у сакавіку праваабаронцы паведамілі, што палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і шыю ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) наваполацкай калёніі. Паводле нашых крыніц, парэзы былі даволі глыбокія, іх зашывалі. У санчастку, аднак, Ігара не паклалі, а вярнулі ў ШЫЗА.

    Псыхалягічны стан Ігара складаны, больш за тры месяцы ён у поўным інфармацыйным вакуўме. Лосік нібыта просіць сустрэчы з псыхолягам, але псыхоляга да зьняволенага таксама не дапускаюць.

    Журналіст Свабоды, палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, у сьнежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі.

    Нагадаем, больш за 3 месяцы няма вестак ад палітзьняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Паўла Севярынца.

    Крымінальны перасьлед Ігара і Дар’і Лосікаў

    На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

    15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

    11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

    14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА‑3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

    • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,

    • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,

    • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,

    • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,

    • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,

    • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

    Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

     

    Чытайце яшчэ: 

    «Государство защищает не человека, а себя». Об исторической памяти и законодательной рамке

    «Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам

    Журналісты не злачынцы! У цэнтры Мальмё прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх калег

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці