МЗС пра «сутычку» дзяржСМІ з НТВ: Час паставіць кропку
МЗС Беларусі мяркуе, што ў інфармацыйнай «сутычцы» паміж расійскімі і беларускімі СМІ час паставіць кропку. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Дзмітрый Мірончык, піша Tut.by.
— У любой палеміцы неабходна калісьці ставіць кропку, асабліва, калі ты ўпэўнены ў сваёй рацыі. Мяркую, у гэтай сітуацыі таксама час паставіць кропку, — заявіў Дзмітрый Мірончык. — Ніякіх афіцыйных зваротаў у МЗС з гэтай нагоды не паступала.
Нагадаем, на мінулым тыдні на расійскім тэлеканале НТВ выйшаў чарговы выпуск штодзённай перадачы «Месца сустрэчы», у якім расійскія палітолагі і эксперты вельмі эмацыйна абмеркавалі жаданне Беларусі палепшыць адносіны з Еўрасаюзам.
Адзін з запрошаных у студыю гасцей назваў Беларусь «жонкай, якая 25 гадоў цягне з Расіі грошы». Беларускія дзяржаўныя СМІ адрэагавалі амаль адразу: у газеце «Советская Белоруссія» выйшла карыкатура на перадачу, а на тэлеканале АНТ выпуск НТВ абмеркавалі ў вячэрнім ток-шоу.
Менавіта падчас яго старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк сказаў, што на перадачу НТВ павінны адрэагаваць на самым высокім узроўні.
«МЗС павінна даць ясны і канкрэтны сігнал. Гаспадарам Норкіным і іншым растлумачыць, што трэба трымаць на кароткім павадку. Яны павінны стаць персонамі нон грата і ніколі не перасякаць межаў краіны», — сказаў Марзалюк.