Мінчанка будзе весці новы сезон тэлешоу «Арол і рэшка»
Вядоўцай папулярнага ўкраінскага шоу пра вандроўкі стане мінчанка Вольга Анціпава.
Мікалай Картозія, генеральны дырэктар тэлеканала «Пятніца» (які таксама паказвае шоу), напісаў, што Вольга скарыла яго сваёй непасрэднасцю. Нягледзячы на адсутнасць досведу, ён абраў менавіта яе.
«У Вольгі няма ніякага досведу вядоўцы. Яна нарадзілася ў Абакане, працавала настаўніцай па гітары. З сыходам Лесі Нікіцюк з «Арла і рэшкі» знікла святая непасрэднасць рэакцый. Калі я праглядаў гэтыя шэсць з нечым тысяч відэаролікаў, я ў тым ліку шукаў дзяўчыну… Не, не падобную на Лесю, але з той жа ступенню ўнутранай свабоды і прастатой, якая падкупляе. І я яе знайшоў. Вольга была абраная мной на вочны кастынг і паспяхова яго прайшла. У бліжэйшы час яна пройдзе навучанне і дэбютуе ў якасці вядоўцы ў фінале новага сезону «Арол і рэшка. Расія»», — напісаў у інстаграме генеральны дырэктар тэлеканала «Пятніца».
Вользе 23 гады, сябе яна называе «непрызнанай актрысай».