Месца знаўцаў занялі прапагандысты: як Тур у «Што? Дзе? Калі?» гуляў
Ігар Тур быў капітанам, Глеб Лаўроў — лепшы гулец пры нулі дакладных адказаў. Расказваем, што атрымалася з шоу, дзе месца знаўцаў занялі супрацоўнікі АНТ.
Тэлеканал АНТ своеасабліва адзначыў 20-гадовы юбілей. У дзень народзінаў вяшчальнік прэзентаваў спецыяльны выпуск перадачы «Што? Дзе? Калі?». У арыстакратычнай атмасферы люстэрак, смокінгаў ды інтэлектуальнага флёру за гульнявы стол села зусім нетыповая для «элітаркі» каманда. Шасцёрку ўдзельнікаў склалі супрацоўнікі «другой кнопкі» нацыянальнага ТБ.
Гэта нешта новенькае?
Не зусім так. Двойчы на год «Што? Дзе? Калі?» разбаўляла непасрэдна інтэлектуальныя «бойкі» дабрачыннымі шоу. Да ўдзелу запрашаліся вядомыя музыканты, мастакі, літаратары… Іншымі словамі, айчынная інтэлігенцыя. Час ад часу для лакалізацыі ды надання выпуску мясцовага каларыту за стол таксама запрашаліся вядучыя АНТ. Але гэта былі «селебрыці» — вядучыя забаўляльных перадач з пазнавальнымі тварамі.
Адпаведна і пытанні ім рыхтаваліся не столькі для высвятлення глыбіні ведаў, а каб павесяліліся ўсе прысутныя. Пры гэтым аўтарамі выступалі непасрэдна знаўцы — гульцы клуба, якія падчас хвіліны абмеркавання садзіліся побач з камандай і ў памежных сітуацыях (недастаткова дакладны ці глыбокі адказ) вырашалі лёс зорак. Усе грошы, якія здабывала каманда, пасля завяршэння дабрачыннай гульні ішлі на дапамогу дзіцячым дамам.
Пасля падзей 2020 года клуб пакінулі амаль усе знаўцы — каля 70 чалавек. Людзі не пагаджаліся ладзіць забаўкі на канале, які скажае грамадскія рэаліі, генеруе праўладны наратыў ды ўвогуле адмаўляе беларусам на альтэрнатыўны пункт гледжання. Не паверылі яны і арганізатарам шоу.
Хаця у прыватных перамовах кіраўнік ды вядоўца праекта Алесь Мухін запэўніваў: аніякай палітыкі падчас выпускаў «Што? Дзе? Калі?» не будзе, і нават музычныя паўзы пройдуць без умоўных «Галасоў з места». Маўляў, наадварот, інтэлектуальныя гульні — гэта тая аддушына, дзе людзі здолеюць спачыць душой.
Аднак не прайшло і двух гадоў, як «палітыка партыі» кардынальна змянілася — як, дарэчы, і склад гульцоў клуба. За галоўныя ўзнагароды тэлепраекта, Малыя і Вялікія «крышталёвыя совы», пачалі змагацца людзі, якія ў пераважнай большасці сваёй далёкія ад «Што? Дзе? Калі?» ці поспехаў у разнастайных турнірах аналагічнага кшталту.
У цяперашняй дабрачыннай гульні прынялі ўдзел наступныя медыя-персоны: вядучая Ірына Рамбальская, шэф дырэкцыі ранішняга вяшчання Таццяна Рудакоўская, культурны аглядальнік Аляксандр Мацяс, журналіст-міжнароднік Глеб Лаўроў, шэф-рэдактар праграмы «Аб’ектыўна» Вячаслаў Бандарэнка ды палітычны аглядальнік Ігар Тур, абраны капітанам.
І ніхто са знаўцаў не абурыўся?
А іх там не было!.. Да таго ж гульні хай сабе і пішуцца адным кавалкам без перапынку (наноў начытваецца хіба толькі спонсарская аб’ява, калі збіваецца вядучы), але ў эфір ідуць у запісе. Зразумела, перад гэтым адбываецца мантаж, калі з планаў некалькіх камер абіраецца найлепшы для будовы натуральнага відэашэрагу. Тым не менш, калі хто з гасцей раптам задумае крыкнуць, скажам, «Жыве Беларусь!», краіна гэтага не пабачыць.
Але ў выпадку з юбілейнай праграмай АНТ пайшло яшчэ далей ды ўвяло «двухфактарную аўтэнтыфікацыю». Месцы гульцоў клуба ў зале занялі… непасрэдна супрацоўнікі канала!
На чале жа світы стаў сам Марат Маркаў — бос «другой кнопкі» ды вядучы аўтарскага праекта «Нічога асабістага» з гасцямі кшталту Наталлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі, чальца АМАПа Дзмітрыя Балабы ды рупара ўлады Грыгорыя Азаронка. Таму пазаштатных сітуацый не магло ўзнікнуць па змоўчанні.
Яшчэ адзін цікавы прысутны — Дзмітрый Шаўцоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа. У 2020‑м ён узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію.
Як згулялі прапагандысты?
Прынамсі распачалі так, як зрэдку ў каго з прафесіяналаў атрымлівалася. Пасля чатырох раўндаў тэлегледачы (на гэты раз пытанні дасылаліся простымі людзьмі — ад бухгалтарак да педагогаў) не мелі ніводнай перамогі. Хаця, сказаць па праўдзе, і задачы перад тэлевізійшчыкамі ставіліся не самыя складаныя.
Напрыклад, трэба было адшукаць сувязь паміж тэлебачаннем і арахісам, бо, на думку рэжысёра Орсана Уэлса, і тое, і другое мае відавочную еднасць. АНТшнікі без праблем здагадаліся, што калі спажываеш абодва прадукты, цяжка спыніцца ды адарвацца — як дадаў Мухін, «тое ж самае адбываецца з гледачамі пры праглядзе шоу канала».
Таксама аніякіх цяжкасцяў не выклікаў яшчэ адзін медыйны запыт: чым скончыліся брытанскія радыёнавіны 8 мая 1945 года? Пасля шасцігадовай забароны перадаваць хоць якія звесткі пра наваколле, каб не спрыяць авіяўдарам немцаў, прагноз надвор’я лепей за ўсё падыходзіў для фінала выпуску пра фашысцкую капітуляцыю.
А вось далей пачаліся складанасці. Бандарэнка не зладзіў з 13‑м сектарам, калі застаўся сам-насам з пытаннем вядучых брытанскіх радыёнавінаў — трэба было глянуць на сябе і сказаць, што за «дадатковае патрабаванне» ад кіраўніцтва рабіла «бязлікі» голас больш уплывовым на аўдыторыю. Шэф-рэдактар «Аб’ектыўна» палічыў, што гальштук-матылёк уплываў на тэмбр, тады як насамрэч неабходна было апранаць смокінг.
Не далі рады тэлевізійшчыкі і пры цытаванні Сальвадора Далі, калі імкнуліся прыдумаць, што за прыладу насіў з сабой мастак, каб ствараць шэдэўры. «Яна больш нагадвала дробны каляровы тэлевізар, чым жудасны сваёй механікай фотаапарат», — згадаў вобразны выраз генія Мухін. Размова шла пра вочы.
Спасавалі аэнтэшнікі і перад рэбусам на спартыўную тэматыку. Патрабавалася згадаць, што кіраўнік Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (вельмі-вельмі беднай у канцы 1940‑х) загадзя папрасіў зрабіць кожнага з удзельнікаў шматгадзіннай нарады. І так хваляваўся, што ажно прыпіскай да афіцыйнага ліста-запрашэння сваю просьбу давёў. Капітан Тур не выйшаў на версію пра харчаванне. А дарма, бо візіцёраў папрасілі вельмі добра паесці напярэдадні доўгіх абмеркаванняў, бо грошай нават на бутэрброды ў НБА не было.
Але ж усё скончылася добра?
Пры ліку 4:5 і няўдалым карыстанні дапамогай клуба АНТшнікі не гублялі аптымізму.
Тым больш, што пытанне пра трансляцыю на бразільскім тэлебачанні Тур з кампаніяй «узялі». Што з падзей магло адарваць паўднёваамерыканскіх гледачоў падчас эфіраў першынства свету па футболе-2006 ды яшчэ ў далекім Казахстане — ды так, што ў «акно ў вакне» побач з футболам пайшоў яшчэ адзін жывы эфір? У той час на Байкануры панёсся ў космас першы бразільскі касманаўт. І тут Тур хібы не даў.
Але апошнім раўндам выпаў бліц — тры пытанні, па 20 секунд абмеркавання на кожнае. Мухін адразу ж папярэдзіў: тут з‑за абмежавання часу ўсё прасцей, таму трэба абіраць відавочныя версіі. Адгадваць старажытную беларускую загадку «Наўзверх лесу агонь гарыць» капітан Тур даверыў Бандарэнку. І замест правільнай версіі «рабіна» той адказаў «журавіны». 5:6 — і бліц, разам з гульнёй, скончыўся ўжо на першым кроку да перамогі.
Большую частку паўзаў запоўнілі юбілейнае самаўсхваленне ды нягеглыя жарты. Музычныя паўзы таксама «на аматара»: калі раней у госці да айчынных знаўцаў завітвалі сапраўдныя зоркі кшталту гуртаў «Мельніца» ці «Вопляў Відаплясава», то зараз народ весялілі Герман Цітоў ды Mixfive.
Дый прызнанне Лаўрова з падачы Тура лепшым гульцом вечара пры 0 (так-так, нулі!) правільных адказаў — узор логікі на АНТ.
Добра хоць без падказак вядучага абышлося: у мінулым сезоне Мухін не проста такім чынам ратаваў каманду, за якую гуляла яго дачка, але і залічваў Дар’і Аляксееўне цалкам недакладныя версіі. Чым, дарэчы, справакаваў плынь хэйту нават у сацыяльных сетках гульні — хай сабе два апошнія гады яны жорстка цэнзуруюцца.
Навошта гэта ўсё было?
Відаць, дэманстрацыя лаяльнасці і надалей гарантуе «Што? Дзе? Калі?» месца ў эфірнай сетцы. Дарэчы, юбілейнае шоу паставілі ў прайм-тайм — на вечар суботы, 21:05. Тады як напярэдадні, літаральна суткамі раней, у эфір пайшла планавая перадача з адборачнай гульнёй летняй серыі. І там ужо змаганне знаўцаў прапанавалі глядзець паўночнікам — трансляцыя пачалася аб 11‑й вечара.
Акрамя таго, палітычны прагін дазволіць утрымаць, а магчыма, і прыцягнуць новых спонсараў. Менавіта ў іх праект заўсёды меў патрэбу. У гэтай гульні актыўныя падзякі адыходзілі «Пятаму элементу» і яго заснавальніку Андрэю Балабіну, які мае блізкае дачыненне да Максіма Рыжанкова, першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Нарэшце, пайшоў сігнал і ўсяму інтэлектуальнаму руху. Маўляў, старонку перагарнулі — клуб крочыць далей. Тых, хто застаўся са спадзевамі на светлую будучыню, назад не чакаюць. Бо новае дзесяцігоддзе жыцця АНТ пачынае з новымі тварамі, новымі ўстаноўкамі і новымі знаўцамі за люстраным сталом.
Чытайце яшчэ:
Психолог о тех, кто в стране и за границей: как примириться с нетерпимостью между белорусскими медийщиками
«Ён пакінуў святло ў жыцці тысяч чалавек»: сын пра легендарнага спартовага журналіста Барыса Тасмана
Жена чемпиона Беларуси раскручивает канал «правдивых новостей»: очень много России, а украинцы вдруг говорят «спецоперация»