• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ён пакінуў святло ў жыцці тысяч чалавек»: сын пра легендарнага спартовага журналіста Барыса Тасмана

    "Бацька ішоў па жыцці з выпрастанай спінай і з высока ўзнятай галавой. Са свабодай у думках, дзёрзкасцю ў характары, інтэлігентнасцю ў паводзінах, натхнёны жаданнем прыдумляць, ствараць, аналізаваць, расказваць, вучыць і вучыцца, рабіць свет вакол сябе лепшым", — распавёў у ФБ Канстанцін Лашкевіч пра вядомага спартовага журналіста.

    Тата сышоў ад нас. Поўны ідэяў і планаў, жадання жыць, рабіць і назіраць за тым, як гадуецца ягоная ўнучка…

    Месяц таму жыццё бацькі прыпынілася. Раптоўны дыягназ дактароў не пакідаў спадзеву для нас, але ён працягваў верыць і змагацца. Пакуль мог. Акружаны любоўю і клопатам самых блізкіх людзей. Але страшная хвароба імкліва, на вачах, разбурала ягоны арганізм.

    Ён ішоў па жыцці з выпрастанай спінай і з высока ўзнятай галавой. Са свабодай у думках, дзёрзкасцю ў характары, інтэлігентнасцю ў паводзінах, натхнёны жаданнем прыдумляць, ствараць, аналізаваць, расказваць, вучыць і вучыцца, рабіць свет вакол сябе лепшым.

    Ён пакінуў святло ў жыцці тысяч чалавек. Тых, з кім ён гадаваўся ў менскім двары «На ростанях». Вучыўся ў Палітэху і на геафаку БДУ. Працаваў у Белдзіправадгасе. З кім чытаў і пісаў паэзію, займаўся бегам. З кім і каго вучыў у школе. З кім працаваў у найлепшых рэдакцыях незалежных СМІ Беларусі і для каго пісаў цягам 30 год…

    Ён пражыў прынамсі два паўнавартасныя прафесійныя/творчыя жыцці. Быў настаўнікам паводле паклікання. А таму вучыў дзяцей у менскіх школах №№ 117 і 46 не толькі геаграфіі, але і мысленню, справядлівасці, логіцы.

    А яшчэ стварыў першы ў краіне школьны музей касманаўтыкі (якой захапляўся!) з гуртком, візітамі Кавалёнка і Клімука і вандроўкамі па «касмічных» мясцінаў.

    Мабыць таму, праз 10,20, 30 гадоў яго ў самых нечаканых сітуацыях пазнавалі былыя вучні, тэлефанавалі яму, пісалі ў сацсетках падзякі за тое, што ён адыграў ролю ў іхнім жыцці. З некаторымі з іх ён сябраваў увесь гэты час.

    Дзіцячае захапленне спортам было для яго вакном у свет, спосабам даведацца з‑за жалезнай заслоны пра іншыя краіны, культуры, натхніцца незвычайнымі гісторыямі людзей…

    Некалькі дзесяцігоддзяў ён акумуляваў веды ў рэжыме «хобі», каб у 40 год рэзка змяніць сваё жыццё. 5 студзеня 1993 «Прессбол» апублікаваў першы ягоны артыкул з прапановай рэформы чэмпіяната Беларусі па футболе. Так школьны настаўнік уварваўся ў журналістыку.

    Ён распрацоўваў і абгрунтоўваў футбольную рэформу, каб наблізіць беларускі футбол да ўзроўню еўрапейскага. Змагаўся з допінгам у лёгкай атлетыцы, расследаваў і выкрываў карупцыю на розных узроўнях дзяржаўнай сістэмы, падтрымліваў таленавітых беларускіх дзіцячых трэнераў і паслядоўна выступаў супраць завозу ў Беларусь другарадных «легіянераў» з суседняй краіны — на шкоду развіццю нацыянальных школ і пабудове шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі. На самым пачатку ліхаманкі з будаўніцтвам лядовых палацаў не баяўся першым ставіць пад сумнеў гэтае даражэзнае захапленне аднаго чалавека — замест таго, каб будаваць даступныя многім беларусам басейны, гульнявыя пляцоўкі ў дварах і г. д.

    Ён на самым узлёце адкрываў будучых зорак беларускага спорту (Мірны, Ваўчкоў, Барабаншчыкава, Несцярэнка…), а таксама вяртаў забытыя ці выкрасленыя з ідэалагічных прычын імёны беларускіх чэмпіёнаў савецкага часу (Аляксей Ніканчыкаў, Ігар Баталаў…). І ўсе гэтыя гады не пераставаў ствараць летапіс беларускага спорту, спяшаючыся пагаварыць з кумірамі свайго дзяцінства — адыходзячым у гісторыю пакаленнем ветэранаў. Мэтанакіравана і сістэмна гэтым не займаўся ніводзін іншы чалавек у Беларусі. (Таму асабліва крыўна, што кнігу на падставе шматлікіх «чалавечых» гутарак і інтэрвію ён так і не паспеў «сабраць» і выдаць).

    Ён быў журналістам сусветнага ўзроўню, а ягоныя энцыклапедычныя веды ўражвалі нават дасведчаных калег з розных краінаў. Аднойчы на чэмпіянаце свету ў лёгкай атлетыцы ў Парыжы ў польскіх рэпарцёраў заняло мову, калі бацька пайменна пачынаў называць удзельнікаў польскай спрынтарскай эстафеты 70‑х. Ён мог у дэталях апісваць, як праходзіў фінал Кубку свету па футболе 1930 году на «Эстадыё Цэнтэнарыё» ў Монтэвідэа ці лыжная гонка на Алмпіядзе-1964 у Інсбруку.

    Ён глыбока вывучаў методыку падрыхтоўкі спартоўцаў і мог размаўляць на адной мове з лёгкаатлетамі, барцамі, баксёрамі, тэнісістамі, канькабежцамі і многімі-многімі іншымі. 

    Разам з тым, галы-ачкі-секунды не былі ягонай звышмэтай.

    За любым вынікам ён шукаў чалавечы лёс, сацыяльна-культурны феномен, гісторыю і палітыку. Мабыць таму, ён арганічна ўпісаўся ў рэдакцыі легендарных газет «Свабода»/ «Навіны» Ігара Гермянчука і «БДГ» Пятра Марцава, «Белчас» Аляксандра Старыкевіча…

    Пісаў хвосткую і смелую грамадска-палітычную публіцыстку, дзе ўзважана, аргументавана даводзіў тупіковасць і абсурд дзейнга рэжыму. Бо любіў Беларусь, глыбока пераймаўся за ўсё, што адбываецца з краінай, дзе ягоная сям’я перажыла жахі сталінскіх рэпрэсій, Халакост і дзяржаўны антысемітызм.

    Бацька не дажыў некалькі год да ўзросту, калі ягоны бацька з’ехаў на гістарычную радзіму (і там пражыў яшчэ цэлае новае жыццё).

    Ён адзіны з вялікай мішпохі (сям’і) не з’ехаў, каб застацца апошнім Тасманам у тэлефонным даведніку Беларусі.

    Застаўся ў Менску, каб урэчаісніць мары свайго дзяцінства і разам з супругай Алай (педагогам ад бога і смелым валявым чалавекам) выхаваць двух сыноў з любоўю да Беларусі, якую ён мроіў свабоднай, дэмакратычнай, шматкультурнай краінай, з беларускай мовай, шматвекавой гісторыяй і еўрапейскай перспектывай.

    На розных этапах жыцця ён змагаўся з несправядлівасцю, тупасцю, страхам, абыякавасцю тых, хто навокал. Заўчасны сыход у такі цёмны час для Беларусі выбівае глебу з‑пад ног, наводзіць на думку, што гэта была барацьба Дон Кіхота з ветракамі. Многае з таго, за што ён будаваў, за што змагаўся, так і не ўдалося ажыццявіць. Нашая галоўная бітва таксама не выйграная. Але ж гэта яшчэ не канец, праўда?

    Можна ўпэўнена сказаць, што з тысяч і тысяч пасеяных зярнятак некаторыя прараслі і працягваюць рабіць светлыя справы на баку дабра. Сімвалічна, што калі месяц таму бацька трапіў у шпіталь, адным з дактароў там апынулася ягоная былая вучаніца, а суседам па палаце — былы падпісчык «Прессбола», які школьнікам чытаў ягоныя артыкулы.

    Усё жыццё ён згадваў словы сваёй мамы: «Галоўнае, каб ты не стаў п’яніцам, злодзеям і забойцам, а ўсё астатняе не страшна, можна выправіць, дасягнуць, адбудаваць». Паводле гэтага прынцыпу тата і жыў ды гадаваў нас.

    Чытайце яшчэ:

    Памёр вядомы спартовы журналіст Барыс Тасман. Глыбокія спачуванні блізкім і родным

    Психолог о тех, кто в стране и за границей: как примириться с нетерпимостью между белорусскими медийщиками

    CEO Onlín­er Илья Жуковец объявил о том, что покидает компанию

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці