Медыяэксперты пра “Белсат”: Гэта гвалт з асаблівым цынізмам
Медыяэксперты каментуюць інфармацыю пра намер польскага ўраду зменшыць датацыі на дзейнасць тэлеканала «Белсат» на дзве траціны супраць сумы, выдзеленай у 2016-м, і перавесці на рускую мову.
Аляксандр Класкоўскі: Удар па ідэалах свабоды слова
— Злівы інфармацыі могуць сведчыць пра ўнутрыпалітычную барацьбу ў Польшчы. І найгоршы варыянт можа не быць прыняты. Бо настолькі скараціць бюджэт “Белсата” — гэта, па словах спадарыні Рамашэўскай, азначае ледзьве не яго смерць, бо і так канцы з канцамі сточваюцца. Калі ўсё ж такі дойдзе справа да рэалізацыі гэтага радыкальнага, хірургічнага варыянта, гэта будзе ўдарам і па магчымасцях інфармавання беларускай аўдыторыі і ўвогуле па ідэалах свабоды слова.
Варшава цягам дзевяці гадоў паслядоўна падтрымлівала гэты праект, сыходзячы з таго, што ва ўмовах беларускага палітычнага рэжыму не стае незалежнай журналістыкі, плюралізму ў асвятленні падзей. То атрымліваецца, што польскі бок адмаўляецца ад гэтых прынцыпаў, на якіх зрэшты і грунтуецца Еўрапейскі саюз, якія ёсць каштоўнасцямі для вялікай часткі беларускага грамадства.
Ёсць і моўны аспект, калі пацвердзіцца інфармацыя пра тое, што рэшткі разгромленага “Белсата” прымусяць пеарйсці на рускую мову, то гэта — гвалт з асаблівым цынізмам. У сённяшніх умовах рубам стаіць пытанне незалежнасці Беларусі, калі ўлады з усімі іх інтэграцыйнымі гульнямі вымушаныя прымаць захады што да абароны інфармацыйнай прасторы і супрацьстаяння самым адыёзным праявам расійскай прапаганды, і нават запусцілі працэс мяккай беларусізацыі.
Калі тэлеканал, фішкай якога была 100-працэнтная беларускасць, загаворыць на мове дзяржавы, што дапускае імперскія замашкі, то гэтае імавернае рашэнне проста не ўкладаецца ў галаве, і лепей было б затармазіць, пакуль не позна.
Андрэй Бастунец: Магчымае рашэнне МЗС выклікае вялікае здзіўленне
— Мы ўвесь час гаворым пра тое, што ўнутры Беларусі на сённяшні дзень няма незалежных тэлерадыёканалаў. І функцыю такога тэлебачання ў нашай краіне выконвае менавіта тэлеканал “Белсат”. З гэтай прычыны журналісты “Белсата” цярпелі гадамі такі моцны пераслед уладаў.
Таму чуткі пра намер МЗС Польшчы на 2/3 скараціць фінансаванне “Белсата” выклікаюць сур’ёзнае расчараванне. Гэта сітуацыя паказвае, наколькі палітычная мэтазгоднасць часам можа супярэчыць каштоўнасным падыходам, пра якія ўвесь час кажа Еўропа.
А па-другое, ужо некалькі год на розных пляцоўках у Еўропе абмяркоўваецца праблема ўплыву расійскай прапаганды. І адна з галоўных высноваў экспертаў палягае ў тым, што аўдыторыя, якая глядзіць медыя на нацыянальных мовах, найменш зазнае ўплыў такой прапаганды. Таму скарачэнне беларускамоўнага вяшчання і пераход на рускамоўнае вяшчанне, на мову “рускага свету”, выклікае вялікае здзіўленне.
Паўлюк Быкоўскі: Для медыяпрасторы гэта будзе малазаўважны крок
— Для самой медыяпрасторы гэта будзе малазаўважны крок. Але гэта будзе важна для журналісцкага цэху, для грамадзянскай супольнасці. Аўдыторыя гэта не надта заўважыць, бо ўплыў тэлеканалу “Белсат” не надта высокі. Іншая справа, што тэлеканал дае працу вялікай колькасці журналістаў, дае выбар тым, хто шукае альтэрнатыўную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і свеце, ёсць магчымасць рэалізацыі беларускамоўных праектаў.
Я не ведаю, ці сапраўды будзе прынятая прапанова МЗС Польшчы, яны робяць, як лічаць патрэбным для сябе. Але я спадзяюся, што палітыкі, якія прымаюць гэтыя рашэнні, будуць улічваць не толькі фактар неабходных дыпламатычных высілкаў для паляпшэння адносін з Беларуссю, але і фактары, важныя для грамадзянскай супольнасці Беларусі.