• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Польскі сайт: Фінансаванне Белсата абрэжуць на 2/3, перавядуць на расейскую мову

    Неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне датацыі на дзейнасць тэлебачання «Белсат» на 2017 год на дзве траціны проці сумы, выдзеленай у 2016-м. Пра гэта піша польскі сайт wpolityce.pl.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/belsat1_1.jpg

    Замест 17 мільёнаў злотых (4,2 млн даляраў) «Белсат» атрымае толькі 5 мільёнаў ($1,2 млн), «такое рашэнне рыхтуецца ў Міністэрстве замежных спраў», — пацвердзіла сайту кіраўніца канала Агнешка Рамашэўская.

    «Я даведалася таксама, што мы павінны вяшчаць па-расейску, — кажа Рамашэўская. — Гэта яшчэ адзін абсурд! Беларуская мова стала нашым знакам адрознення. Без беларускай мовы мы будзем мець Расею ў Брэсце. Праз год ці праз пяць гадоў, але так ці інакш гэта будзе нявыгадна. Я не магу ўцяміць, як нехта можа гэтага не разумець… Беларусы любяць сваю мову. Наш калега — дырэктар Інстытута Польскага ў Мінску, і ён можа пацвердзіць, што за ўжыванне беларускай мовы яго там на руках носяць — нават расейскамоўныя беларусы. Такая рэальнасць. Менавіта таму рашэнне МЗС для мяне незразумелае. Я спрабую пераканаць сябе, што гэта непаразуменне. Я лічыла сябе прыхільніцай «добрых перамен» і нават не дапускала, што такое можа са мною здарыцца», — кажа Рамашэўская, прыхільніца кіраўнічай кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць».

    Бацька Рамашэўскай, нагадаем, быў сенатарам ад «Закону і справядлівасці».

    «Белсат» быў створаны ў 2008 годзе і паступова павялічваў абсяг вяшчання. Асабліва папулярным быў яго вечаровы навінны блок. У апошнія гады «Белсат» стаў заўважны таксама ў інтэрнэце.

    Тэхнічныя супрацоўнікі на канале пераважна палякі, але твары і галасы канала — беларусы. Сярод іх Святлана Калінкіна, Павел Мажэйка, Валярына Кустава.

    Беларускія ўлады не спынялі дзейнасці журналістаў тэлеканала, але і не давалі ім акрэдытацыі ды часу ад часу штрафавалі навінных рэпарцёраў «Белсата».

    Медыяэксперты рашэнне польскага МЗС: Гэта гвалт з асаблівым цынізмам

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці