Марыя Грыц: У дзень вялікага затору буду на мяжы адной з першых!
Радыё Ўнэт: "Яна да дробязей прадумала сваё вяртанне дадому. Ёсць нават план на выпадак, калі муж раптам будзе заняты: тады Марыя Грыц сядзе з дзіцёнкам на ровар і ўсё роўна паедзе ў Беларусь, дзе спачатку абдыме ўсіх родных і суседзей, а потым вернецца ў бацькоўскую хату, насадзіць бульбы і будзе жыць сваё нармальнае жыццё. Яно для Марыі перарвалася падвойнай эміграцыяй: спачатку з маленькай дачушкай яна ўцякала з Беларусі, а пасля − ужо ўсёй сям’ёй, разам з мужам − яны беглі з Украіны. Новым домам для журналісткі, актывісткі і вядучай праграмы «Трэба пагаварыць» стаў Беласток".
− Марыя, роўна год жыцця ў Польшчы. Што адчуваеце?
− Гэта грунтоўная гісторыя. Яшчэ год таму мне не хацелася выходзіць з кватэры. Не хацелася раніцай расплюшчваць вочы, каб не бачыць, што я не дома. А цяпер ёсць ужо нейкія планы, нейкія інтарэсы, сувязі, якія былі двойчы разбураныя пераездам.
− Што было страшней − бегчы з Беларусі ці з Украіны?
− Гэта было страшна па-рознаму. Той узровень ціску і страху, які быў у Беларусі, нарастаў паступова. А ва Украіне ўсё здарылася літаральна ў адзін дзень. Мне падавалася, што я гляджу фільм. Я нават не памятаю сваіх дзеянняў, нібыта праходзіла праз чорны кісель. Калі прыехалі − палову рэчаў з машыны выкінулі, бо збіраліся «лахі пад пахі», на аўтамаце. Але ў абодвух выпадках не хацелася верыць, што прыйдзецца прымаць гэтае рашэнне.
− Ваш час у Польшчы праляцеў ці запаволіўся?
− Калі я сюды прыехала, то нават не магла прачытаць на шыльдзе, як прайсці, прабачце, да прыбіральні. Мы спачатку не ведалі, дзе жыць. Дагэтуль вырашаем гісторыю з дакументамі. Гэта быў вельмі шчыльны час. Ён прайшоў, не праляцеў. Але столькі ўсяго адбылося, што не верыцца. Цэлае жыццё…
− Вашая дачушка што-небудзь памятае пра Беларусь?
− Яна был зусім крошачкай, калі мы з’язджалі. Сваю бабулю ведае толькі праз экран смартфона. Але, канешне, я ёй распавядаю, што ёсць такая краіна.
− Якія звычкі Вам дапамагалі выжываць, заставацца сабой?
− Калі ў Польшчы быў сезон трускаўкі, самы яго пік, я ад сквапнасці накупіла ягад і зразумела, што трэба іх ратаваць, і накатала пяціхвілінак. Як запахла па хаце! Гэта ж як у бабулі, якая рабіла ў медным тазе гэтыя касмічныя аб’ёмы варэння! І вось яна − гэтая нітачка, якая мяне трымае з нейкім маім жаночым усім родам, з маёй самасцю. Натуральна, я разбіваю паўсюль агарод. На маім балконе ўвесь час нешта расце. Зімой нават намагалася садзіць сунічкі. А днямі хадзіла ў краму, паглядала на жбанкі. Сёлета ў мяне ў плане гарбузы! Думаю, ну раз не магу купляць у Польшчы зямлю метрамі, буду набываць яе кубаметрамі.
− «Самае страшнае − гэта калі цябе забываюць», − кажаце Вы. А на што ці на каго нам недаравальна зараз забыцца?
− Калі я была тыя нядоўгія часы на Акрэсціна, самым страшным было пытанне: а ці памятаюць пра мяне людзі? Ці ведаюць яны, дзе я? Трэба дапамагаць палітвязням. Напрыклад, ёсць чароўны праект INeedHelpBY. Ты не данаціш у нейкі фонд, а набываеш харчовы кошык, які сям’і зняволенага прывозіць кур’ер. Гэта настолькі шчымліва. Зараз у мяне камунікацыя з сям’ёй чалавека, які адбывае штосьці кшталту хіміі. Натуральна, родныя моцна пацярпелі. Папярэдне я дапамагала жанчыне залатога веку − у яе зняволены ўнук. Я аплочвала перадачку. Мы з ёй дамовіліся, што калі сустрэнемся, то яна мне дасць такой клубнікі, якой я ніколі не ела ў сваім жыцці і якой ні ў якіх Польшчах няма. Гэта вельмі важна ведаць, што людзі са сваім горам не сам-насам.
Цалкам размова: