• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Максім Жбанкоў: Глеба гневу. Лабадзенка і вайна культур

    Вайна культур — спорт пакрыўджаных. Адчайная спроба зраўняць лік напрыканцы апошняга тайму. Ці атрымаць перавагу, калі рэчаіснасць фатальна выходзіць з‑пад твайго кантролю. Тут размова не пра краіну, а пра кантроль. Не пра свабоду, а пра статус.

    Змагаюцца насамрэч не культуры, а іх носьбіты. Калі больш дакладна — тыя з іх, хто імкнецца кантраляваць ментальныя плыні. Тыя, хто маркіруе сферы ўплыву і дзеліць маёмасць, малюе мапы сэнсаў ды вырабляе герояў. Альбо вельмі хоча гэта рабіць. І пакутуе ад адсутнасці кар’ерных ліфтаў.

    Што чапляе ў супрацьстаянні ваяўнічай беларускасці з “варожай” запраўкай? Агрэсіўная слабасць культур-актывіста. Падобная тактыка актыўнай нязгоды знешне выглядае праяўленнем моцы. А па сутнасці — цалкам наадварот.

    Бо актыўнасць гэтая ажыццяўляецца выключна ў межах наяўнага парадку.

    Лабадзенка працуе як узорны “жалобщик” савецкіх часоў: закідвае чынавенства скаргамі, спасылаецца на законы, сігналіць медыям, шукае праўды ў судзе. Акурат як савецкія дысідэнты, што заклікалі ўладу “выконваць свае ўласныя законы”.

    Як вядома, савецкія змагары атрымалі маральную перамогу, але прайгралі ў полі рэальных зрухаў. Бо для савецкага рэжыму першаснымі заўсёды былі не юрыдычныя нормы, а самазахаванне сістэмы, бюракратычны ідыятызм і ідэалагічная чысціня. Тое самае маем цяпер у незалежнай сінявокай.

    Глеб зноў трапіў ў “Самае чытанае”. Агучана афіцыйная інфармацыя: “Россия 24” (як, дарэчы, і большасць іншых каналаў) не мае права транслявацца на нашых запраўках. Сведкі кажуць: цяпер на месцы канфлікту тэлевізар увогуле не працуе. Апладысменты. І што далей? Суд адкладзены. Татальнай праверкі ТБ-забяспячэння на запраўках краіны не адбылося. Перагляду інфармацыйнай палітыкі — тым больш. Ну, узгадалі пару нарматываў — з шэрагу тых, якія ніхто не выконвае. Ну, напалохалі пару прыватнікаў. Сістэма не пасунулася ні на крок.

    Затое паўстаў новы жарцік: “Не глядзі няправільнае — Лабадзенка прыйдзе!” Прага культурнай цэнзуры лёгка ператвараецца ў ліцэнзію культурнага цензара. А гадаванне свядомасці — у генератар страху.

    Каб рэальна паправіць наяўны культурны расклад, патрэбны не новы дагматызм, а новая свядомасць. Не вертыкальныя сігналы “наверх” (ці “зверху”), а гарызантальныя зрухі “знізу”: уцямны прынцыповы выбар і крытычная маса тых, хто яго падзяляе.

    Зразумела, прэсаваць ды палохаць — таксама метад. Як у захапленні напісаў на “Свабодзе” калега Дашкевіч, “сыстэма Лабадзенкі”. Але выглядае на тое, што ў выніку запуску той сістэмы замест адной машыны агрэсіўнага выхавання нацыі мы атрымалі дзве: чырвона-зяленую “зверху” (адміністратыўную) і бел-чырвона-белую “знізу” (пакуль псіхалагічную, але з марай зрабіцца адміністратыўнай). Якая з прымусовых лаяльнасцяў вам больш да спадобы?

    Разуменне беларускасці пераважна ў моўна-этнаграфічным плане дазваляе забыцца пра галоўнае: мы прамінаем хібы сістэмы, каб кінуцца у безнадзейную бойку за чысціню культуры. Што аўтаматычна пераключае разборку ў дэкаратыўны палымяны рэгістр: “Не хачу пра Хабараўск, хачу пра Вілейку! Забараніце чужое! Адключыце варожае!” Але фактычна гэта ўсё ёсць відавочнай гульнёй на зніжэнне. Не гераічнай вайной культур, а банальным канфліктам спажывецкіх фарматаў.

    Бо наступны кліент у чарзе на запраўцы з аналагічным імпэтам можа папрасіць вярнуць “не той” канал. І будзе мець рацыю. Таму што сэрвіс — не браневічок і не барыкада. Сэрвіс ёсць сэрвіс. Бензін ёсць бензін. І не блытайце яго з нацыянальнай свядомасцю.

    Але да набалелага: ці спрацуе лабадзенкаў “судовы нацыяналізм”? Юрыдычныя прэтэнзіі маюць сэнс адзінае ў прававой дзяржаве. Ва ўсіх іншых выпадках яны ператвараюцца ў публічны перформанс — медыйнае шоў з прыкметамі карпаратыўнай рэкламы.

    Вайна працуе на тых, хто здольны яе паюзаць.

    Абмяркоўвайце ў каментарах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці