“Лёгкія цялесныя”. Збіты журналіст атрымаў вынікі экспертызы
29 студзеня збіты пры выкананні прафесійных абавязкаў журналіст TUT.by Павел Дабравольскі атрымаў вынікі медыцынскага асведчання – у яго зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджанні, паведамляе naviny.by.
“У Паўла Дабравольскага, у прыватнасці, зафіксаваныя крывападцёкі і драпіны на твары, плячы, тулаве. Дадзеныя пашкоджанні былі атрыманыя ад дзеянняў тупога цвёрдага прадмета (прадметаў) і маюць даўнасць каля адных сутак ад моманту агляду”, – цытуе заключэнне naviny.by.
29 студзеня таксама адбылася паўторная сустрэча журналіста з прадстаўніком Следчага камітэта Сямёнам Піцко, які разглядае яго заяву аб збіцці. Па просьбе следчага Дабравольскі перадасць яму парваную ў часе інцыдэнту вопратку.
Нагадаем, што 26 студзеня Праўленне ГА “БАЖ” таксама звярнулася ў Следчы камітэт з заявай з нагоды збіцця, патрабуючы высветліць нападнікаў і ўзбудзіць у дачыненні да іх крымінальную справу.