«Кроў на траве». Прэзентацыя першага дакументальнага фільма Маргарыты Ляўчук
У Вільні 27 чэрвеня адбылася прэзентацыя першага дакументальнага фільма опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Ён прысвечаны псіхалагічнай траўме беларусаў, трыгерам якой з’яўляецца спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў. Дарэчы, і ў сваёй магістарскай працы спявачка даследавала менавіта гэтую тэму, піша «Беларускае Радыё Рацыя».
Як кажа Маргарыта Ляўчук, драматызм у гэтых колерах такі, што аж «дрыжыкі бягуць”:
– Мне асабіста пісалі: Маргарыта, немагчыма зараз знаходзіцца ў Беларусі, таму што чырвона-зялёнае паўсюль, і яно нас гвалціць. І мне стала цікавая гэтая тэма, таму што я таксама пасля 2020-га выкарыстоўвала гэтае спалучэнне колераў у «Краснай зелені», калі я спявала. У мяне нават вісяць нейкія зялёныя спадніцы, я іх проста не нашу. Гэта нейкі пратэст такі. І я пачала з нашымі беларусамі пра гэта размаўляць, і ва ўсіх, хто збег ад рэжыму, хто там застаецца ў краіне, у іх ёсць гэтая траўма, яны не могуць выкарыстоўваць гэтае спалучэнне ў сваім адзенні.
У фільме зняліся і былыя палітвязні, для якіх спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў суадносяцца са злом, гвалтам, здзекамі і беззаконнем.
Кажа герой фільма, былы палітвязень Андрэй Шляпаў:
– Паміж сабой людзі размаўляюць і кажуць, што гэта вельмі ўплывае на іх жыццё, гэтыя колеры – чырвоны і зялёны. Кажуць, што немагчыма глядзець на іх. Яны проста з’яўляюцца нейкім трыгерам. Маргарыта і яе каманда вельмі правільна зрабілі, што ўзялі гэтую тэму для фільма і зрабілі вельмі вялікую працу.
Напрыканцы фільма прагучала прэм’ера песні Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука пра новую, сапраўдную Беларусь, якой хацелі б бачыць яе беларускія патрыёты. Яна, у адрозненне ад асноўнай часткі фільма, была знятая на фоне бел-чырвона-белых колераў. Аматары творчасці Маргарыты змаглі ўбачыць яе ў новым амплуа, а вось паслухаць яе як оперную спявачку змогуць толькі праз некалькі месяцаў. Пажадаем таленавітай спявачцы здароўя і пазітыву.
Чытайце яшчэ:
«Журналистам сложно признать свой травматичный опыт». Что такое травма-информированная журналистика, которая популярна на Западе, но не встречается в Беларуси
Возвышенные и униженные. Каков медийный эффект марша Пригожина?
Новыя «экстрэмісты» — праваабарончыя акаўнты, навінавы рэсурс і дэпартаваны палітычны аглядальнік