Кнігу «Мова 404» выдалі анлайн. Будуць пераклады на англійскую, нямецкую і расейскую
Зборнік гісторыяў моўнай дыскрымінацыі з Беларусі «Мова 404» выйшаў у 2021 годзе «на паперы». Год таму выйшла аўдыякніга. Цяпер «Мова 404» даступная анлайн для бясплатнага чытання, рыхтуецца выданне перакладаў на замежныя мовы.
Што гэта за кніга
«Мова 404» – гэта 170 старонак гісторыяў звычайных людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. Гэтак апісвае кнігу «Белсату» аўтарка, праваабаронца Аліна Нагорная.
Кніга паказвае моўную дыскрымінацыю таксама праз пераказ гістарычных фактаў, якія прывялі да цяперашняй моўнай сітуацыі. У кожнай гісторыі вылучанае слова, якое аўтарцы казала пра нешта асаблівае, да слова – аўтарская зноска.
«404» – код памылкі «не знойдзена», які паказвае інтэрнэт-браўзер, калі старонка недасяжная. Але аўтарка якраз-такі знайшла тых, хто карыстаецца беларускай мовай, і перадала іх аповеды аб тым, з чым ім даводзіцца сутыкацца і дзе яны не могуць знайсці для сябе выканання моўных правоў.
Дзе пачытаць і паслухаць
Пачытаць кнігу онлайн на сайце або спампаваць у фарматах PDF і FB2 можна тут. Пакуль кніга толькі па-беларуску, але маюць з’явіцца версіі на расейскай і ангельскай мовах.
Аўдыякніга па-беларуску ёсць на Youtube, Spotify, Apple Podcasts і іншых сэрвісах – усе спасылкі тут.
Кніга ў фармаце Instagram-пастоў пачынае выходзіць тут па-беларуску і тут па-англійску.
Што ў новым выданні
«Мова 404» была ўпершыню выдадзеная ў 2021 годзе. Цяпер Нагорная вырашыла яе перавыдаць у розных фарматах і дадаць новыя гісторыі. Па-першае, скончыўся стары наклад, а запыт быў, дык надрукавала яшчэ 100 асобнікаў. Па-другое, аўтарцы заўжды хацелася прэзентаваць онлайн-версію: гэта зручней асабліва для чытачоў у Беларусі, якія могуць «проста пачытаць і пачысціць гісторыю».
«Цяпер я змагла зрабіць кніжку больш прыгожай, прывабнай, нармальна адрэдагаванай, – хваліцца Нагорная. – І напісаную класічным правапісам нарэшце!»
Ды і старая версія не падабалася ёй вёрсткай і колькасцю памылак друку: аўтарка тлумачыць, што рабіла кнігу «на каленцы», у стрэсавых умовах, калі на яе «моцна палявалі», а яна была толькі пасля родаў. У канцы 2023 года яе з сям’ёй эвакуявалі з Беларусі – кажа, у эміграцыі «свае цікавасці», але ўсяляк спакойней, чым у Беларусі, працаваць над кнігай.
Ці ўзмацніліся моўныя рэпрэсіі?
Нагорная пісала і выдавала кнігу, калі яшчэ была ў Беларусі. Паслявыбарчыя рэпрэсіі тады ўжо пачаліся, але яшчэ не мелі цяперашняга маштабу, ды і ўлады Беларусі яшчэ не ўвязаліся ў поўнамаштабную вайну ва Украіне. Ці змянілася за гэты час моўная сітуацыя? Нагорная вагаецца: рэпрэсіі быццам бы ўзмацніліся, але пад іх можна трапіць, а можна не трапіць, «няма логікі».
З аднаго боку, 2020‑ы і тым больш 2022-гі гады паказалі беларусам, што расейская мова можа быць небяспечнай для Беларусі, кажа Нагорная. Многія пачалі цікавіцца беларускай мовай і задаваць пытанні кшталту «а чаму мы тут усе па-расейску гаворым»? Некаторыя перайшлі на беларускую.
З другога боку, гэта не зменшыла моўную дыскрымінацыю, а рэпрэсіі пагражаюць і за карыстанне беларускай мовай, прызнае суразмоўца. Гэта не значыць, што «будзеш размаўляць па-беларуску, дык абавязкова сутыкнешся з пераследам», адзначае Нагорная. Бо можа, і з чымсьці добрым сутыкнешся. Ды ўжыванне беларускай мовы «падвышае рызыкі».
«Цяжка сказаць: і да 2022 года, і да 2020-га былі жорсткія гісторыі: за беларускую мову і збівалі, і ў тым ліку міліцыянты, – разважае Нагорная. – Канешне, зараз у іх больш развязаныя рукі, чым раней».
«Ёсць больш рызыкаў сутыкнуцца з нейкай непрыемнай сітуацыяй, калі ты карыстаешся беларускай мовай у пастарунку, напрыклад. Але пры тым я спакойна карысталася беларускай мовай у нейкіх установах. Канешне, часам я сустракала: „Вой, дзякуй, што вы гаворыце па-беларуску, а я вось вучыла беларускую мову ў школе, а цяпер не вельмі магу“. Або: „А як жа вашае дзіця будзе жыць з гэтай беларускай мовай?“.
Гледзячы з кім яшчэ размаўляеш! Я, напрыклад, калі бачу міліцыянта, увогуле не размаўляю ні на якой мове! Я проста хачу хутчэй прайсці ад іх падалей».
Размаўляць па-беларуску ў Беларусі некамфортна
Тыя, хто карыстаецца беларускай мовай, гэта збольшага актыўныя людзі, разважае Нагорная. Адпаведна, у актыўных людзей заўжды ёсць рызыка трапіць пад рэпрэсіі. Але неактыўным людзям будзе цяжка карыстацца беларускай мовай у жыцці праз сістэмныя перашкоды.
«Калі ты хочаш карыстацца беларускай мовай, ты прыкладаеш нейкія высілкі, – расказвае Нагорная. – Ты прыходзіш у банк – беларускай мовы няма. Ты прыходзіш у кавярню, замаўляеш каву, просіш рахунак – таксама праходзіш нейкі дыскамфорт: цябе могуць не зразумець, перапытаць».
«Нават не пачаўшы гаварыць, табе ўжо некамфортна. Карыстанне беларускай мовай не вельмі зручнае – дзяржава зрабіла яго нязручным».
Многія людзі, лічыць аўтарка «Мовы 404», карыстаюцца беларускай мовай у асяродку, які лічаць для сябе камфортным. Але такі асяродак у Беларусі знайсці няпроста.
Нагорная раней публікавала даследаванне «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі» (на беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай мовах). У ім яна апытала амаль паўтысячы беларускамоўных ад 15 да 72 гадоў.
У гэтым даследаванні 77,8 % адказалі, што сутыкаюцца з перашкодамі ў карыстанні беларускай мовай. Больш за 80 % хадзілі ў расейскамоўныя дзіцячыя садкі, школы і ВНУ, пры тым у большасці бацькі не мелі магчымасці аддаць іх у беларускамоўныя навучальныя ўстановы. 84,9 % не маглі знайсці ўсёй неабходнай для сябе інфармацыі па-беларуску. 95,6 % не маглі знайсці на беларускай мове ўсе цікавыя ім кнігі, фільмы ці артыкулы. 97,9 % адчувалі брак беларускай мовы ў абслугоўванні, у дзяржаўных і прыватных установах. Толькі 0,6 % сказалі, што камунікацыя ў медычных установах з імі вялася па-беларуску. Хіба ў грамадскім транспарце 63,9 % апытаных маглі атрымаць інфармацыю па-беларуску.
58,9 % апытаных беларускамоўных адказалі, што сутыкаюцца з асаблівым стаўленнем да сябе (добрым ці кепскім) з боку незнаёмых людзей, 48,8 % сутыкаліся з асаблівым стаўленнем у сферы паслугаў, каля 35 % – з боку сяброў ці ў сферы адукацыі, 26,1 % – з боку сям’і.
Як дапамагчы «Мове 404»
Кніга ўжо перакладзеная на расейскую мову, цяпер пераклад вычытваюць. Ужо сканчаецца пераклад на нямецкую мову. Трывае пераклад на англійскую мову. Нагорная спадзяецца, што хутка будуць выдадзеныя іншыя моўныя версіі, бо важна расказваць пра праблему беларускай мовы на прыкладзе жывых людзей. З гісторыяў кнігі, дадае яна, можна зрабіць не толькі Instagram, а нават спектакль.
«Пакуль людзі не бачаць праблемы, вырашыць яе складана. Любую праблему, – расказвае Нагорная. – Я часта сутыкаюся з пытаннямі: „А хто вам замінае па-беларуску гаварыць?“, „Навошта ўсё гэта, мо спачатку эканоміка?“ Хочацца распавесці, як яно ёсць, з чым сутыкаюцца людзі, як мы сябе пачуваем увогуле – людзі, якія гавораць па-беларуску».
Нагорная ўжо мае кантакты з замежнымі палітыкамі, але яе цікавяць кантакты з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, уплывовымі няўрадавымі арганізацыямі, дыпламатамі – перадусім для іх робіцца малы папяровы наклад.
Менавіта на кнігу яна не збірае грошай. Але на «Patreon» Аліна Нагорная і Ігар Случак збіраюць грошы на напісанне зваротаў за пашырэнне ўжывання беларускай мовы.
Як ні дзіва, гэтыя звароты ўсё яшчэ часам спрацоўваюць: хоць беларуская дзяржава пасля 2022 года ўсё актыўней прыбірае беларускую мову з публічнага поля, дзесьці гэта ўдаецца спыніць некалькімі зваротамі да чыноўнікаў – як, напрыклад, было са знакам на ўездзе ў Жыткавічы. А недзе зваротамі ўдаецца пераканаць ужываць беларускую мову там, дзе яе не было – як, напрыклад, з пакункамі Жабінкаўскага цукровага заводу.