Клетка. Аповед Дар’і Чульцовай
Ці можа хтосьці ўявіць сабе, што ў нашым стагоддзі людзей ставяць у клетку, выкарыстоўваючы яе як «ганебны слуп» сярэднявечча? Я і раней не магла глядзець на прывязаных каля крамы сабакаў, іхныя вочы мне заўсёды здаваліся няшчаснымі. Цяпер гэтыя найлепшыя сябры чалавека не проста здаюцца мне самотнымі і сумнымі – на іх месцы я бачу кожную жанчыну, якую я бачыла ў клетцы, што стаіць проста пасярэдзіне папраўчай калоніі.
Так, гэта клетка, у літаральным сэнсе гэтага слова. Памерам яна прыкладна тры на паўтара метра. Там можна толькі стаяць, у ёй няма нават зэдліка, а калі сесці на зямлю, час перабывання ў дадзеным «памяшканні» можа павялічыцца. У клетку «ставяць» пры любым надвор’і і любым настроі. Часта проста адтуль адразу адпраўляюць у ШІЗА.
За якое цяжкае злачынства можна апынуцца за кратамі… Мы ведаем, што ў Беларусі гэта дастаткова проста, але ўсё ж цяпер мы гаворым ужо аб клетцы ўнутры клеткі.
Напрыклад, кожны ў калоніі ведае, што бывае, калі «нахаміць» «прадстаўнікам адміністрацыі». Важна ўдакладніць, што пад хамствам разумеецца любое выказванне свайго меркавання. Пры гэтым казаць груба або няветліва зусім не абавязкова.
Каб стаць тым самым экспанатам у клетцы, які старанна ахоўваецца, трэба проста сказаць, што ты з нечым не згодны і пачаць прыводзіць довады. Да такіх жа вынікаў можа прывесці адмова ад працы. Калі напісаць афіцыйную паперу, у якой пазначана, што ты адмаўляешся выконваць свае «працоўныя абавязкі» (гэта лічыцца парушэннем правілаў унутранага распарадку калоніі), камісію для пакарання збяруць хутка, але да гэтага, хутчэй за ўсё, прыйдзецца «пастаяць».
Яшчэ адзін дакладны шлях у клетку — гэта бойка. Гэта, вядома, сур’ёзная правіна. Нас з дзяцінства вучаць, што біць іншых людзей нельга, ім балюча, і гэта парушае іх правы. Але хіба абмежаваць чалавека ў нават самым малым перасоўванні, пазбавіць прыбіральні, марозіць яго канцавіны пры мінус 25 ці наадварот падымаць ціск на спякоце — гэта не парушэнне правоў? І гэта толькі фізічныя «нязручнасці», не будзем таксама забываць і аб псіхалагічным гвалце.
Я памятаю свае адчуванні ў судзе, а там і клетка была большая, і матулю я бачыла. Ды і ў прынцыпе падтрымка адчувалася вялізная. Клетка ў калоніі – гэта зусім іншыя адчуванні. У ёй няма дзе развярнуцца, дзясяткі людзей праходзяць побач, глядзяць на цябе і думаюць: «Што яна нарабіла?» Адміністрацыя, якая павінна «перавыхоўваць», ходзіць і кпіць.
Магчыма, у іх такі метад пазбаўлення ад «дэманаў», але, можа быць, лепш было б адвесці гэтых парушальнікаў да псіхолага і даць ім магчымасць разабрацца ў праблеме? Або стварыць умовы, пры якіх асуджаныя не будуць жадаць калечыць адзін аднаго за любы «няправільны» погляд. А можа, варта перастаць нацкоўваць адных людзей на іншых, абяцаючы ім датэрміновы выхад на волю (чаго насамрэч ніколі не бывае).
Клетка нікога не перавыхавала і не перавыхавае, бо людзі ўладкаваныя не так. З імі трэба размаўляць, прапрацоўваць праблемы, высвятляць прычыны гэтых праблемаў, а не пагаршаць і так гарачую абстаноўку (а ў беларускай калоніі такі «сквар» нармальны).
Людзі, якія там працуюць, кожны дзень адыгрываюцца на тысячы іншых людзей, выплюхваючы на іх свае ўнутраныя комплексы. Кожны дзень зневажаюць гонар і годнасць асобы, гэтым самым парушаючы правы чалавека.
Паняцце «зневажальнага абыходжання» вызначаецца Еўрапейскай камісіяй правоў чалавека як абыходжанне ці пакаранне, якое «груба прыніжае пацярпелага перад іншымі або прымушае зняволенага дзейнічаць супраць яго волі або сумлення». Атрымліваецца, што «адміністрацыя» калоніі парушае не толькі маральныя прынцыпы чалавечнасці, але і прапісаныя нормы Еўрапейскай камісіі.
Чытаць яшчэ:
Як журналістам працаваць з транзітнымі ўцекачамі. Асабісты досвед
Як працуе рэгіянальная ўкраінская журналістыка ў непасрэднай блізасці да фронту? Вялікая гутарка з «Накіпела»
“Працяг сінхранізацыі беларускай і расійскай прапаганды”. Медыяэксперт пра “амбітныя планы” Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы