Класкоўскі: Журналістаў папракаюць голымі задніцамі і вучаць быць свядомымі
Вось у фэйсбуку партыйны актывіст папракае медыі, што тыя захапляюцца сюжэтамі пра голыя задніцы, усякіх там рыбак, але не піяраць праграму яго партыі. Чытай: праз гэта мы і не можам адужаць праклятую дыктатуру.
А вось масціты інтэлектуал драконіць журналістаў за тое, што яны слабавата б’юць у званы з нагоды небяспекі беларускай незалежнасці. Кажа, што сёння СМІ мусяць весці інфармацыйную вайну, журналісты — быць яе салдатамі, даваць адпор імперыі на прапагандысцкім фронце.
Трохі раней, памятаеце, адзін гісторык заявіў, што Tut.by “цягне нас пад Расею мацней за Лукашэнку, бо цягне ў нябыт культуру майго народу”. Галоўная прэтэнзія — тое, што партал робіцца збольшага на рускай мове.
Але тады і масцітага інтэлектуала варта запісаць у рупары “русского мира”, бо ён піша і прамаўляе пераважна на мове той самай імперыі, супраць якой заклікае змагацца.
Медыі разглядаюцца як інструмент ці зброя
На святых рэчах часта спекулююць. Пачнеш спрачацца з пасіянарам — адразу: ты што, не хочаш перамогі дэмакратыі? Або: ты што, супраць матчынай мовы? Гатовы здаць незалежнасць ні за нюх табакі?
Ужо і надакучыла рэагаваць на такія закіды. Аднак выкажуся. Бо бачу за імі элементарную непавагу да медыйнай справы і тых, хто ёй прафесійна займаецца.
Медыі разглядаюцца як утылітарная прылада, інструмент прапаганды ці нават інфармацыйнай вайны.
У прынцыпе — нічога новага. Такі падыход сфармуляваў яшчэ Ленін у артыкуле “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”: далоў літаратараў (чытай: журналістаў) беспартыйных, далоў літаратараў-звышчалавекаў, медыйная праца мусіць стаць часткай барацьбы за перамогу пралетарыяту. Падстаўце замест пралетарыяту нешта іншае — і атрымаеце падыход сённяшніх ментараў.
Гістарычны досвед паказвае, што калі палымяныя барацьбіты з такім поглядам на медыі прыходзяць да ўлады, то бяруць тыя медыі пад каўпак, робяць сваёй абслугай, а непакорлівых душаць. Так зрабілі бальшавікі, так зрабіў Лукашэнка.
Многія журналісты ў 1994‑м спрыялі перамозе свежага кадра, змагара супраць карупцыі і прагнілага рэжыму Кебіча. Адразу пасля абрання прэзідэнтам Лукашэнка заявіў, што цяпер СМІ могуць пачувацца вольнымі. А потым узяў іх на цугундар нашмат ямчэй, чым тое было за Кебічам.
А якому генералу чэсць аддаваць?
Павучаць журналістаў — немудрагелісты занятак. Заўсёды можна знайсці нейкую святую патрэбу, дзеля якой, маўляў, вы мусіце стаць салдатамі. А на вайне як на вайне. Любыя сродкі добрыя.
Але ў такім разе медыі перастаюць быць медыямі, а журналісты — журналістамі. Вунь НТВ распаўсюдзіў фэйк пра казачка ў мінскім метро — дык што, дзеля адпору Маскве ствараць сустрэчную плынь фэйкаў? Бо інфавайна — яна такая, без белых пальчатак і чыстаплюйства.
І потым, калі журналісты незалежных СМІ — на інфавайне, то дзе штаб, хто генерал? Кім гэты генерал прызначаны? Ці сам сябе прызначыў? Чаму галоўны рэдактар ці гаспадар рэсурсу мусіць выконваць загады таго генерала? А генерал дае зуб, што пры выкананні ягоных загадаў будзе працаваць бізнес-мадэль выдання, манетызацыя кантэнту?
Ці не праўда, багата пікантных пытанняў? Незалежныя медыі таму і незалежныя, што самастойна вызначаюць сваю лінію. А тэза “вы салдаты, вашы рэдакцыі — падраздзяленні на фронце” фактычна вымагае выбудоўваць медыйную вертыкаль з прынцыпам адзінаначалля. Кшталту той, якую адбудаваў рэжым. Гэта ўтопія, дакладней — антыўтопія.
Не мяшайце боб з гарохам
Такой паралельнай вертыкалі не было і не будзе, таму застаецца разважаць пра маральныя імператывы. Але тут мы таксама ступаем на хісткую глебу. Хто ў нас будзе камертонам маральнасці? Наколькі тая маральнасць карэлюе з прафесійнай этыкай?
Прафесійная ж этыка вымагае ад журналіста шанаваць фактуру, імкнуцца да аб’ектыўнасці, прадстаўляць розныя пункты гледжання (ну, і яшчэ куча патрабаванняў), а не займацца прапагандай, хай сабе дзеля святой справы. Прапаганда — гэта тэхналогія маніпулявання.
Так, ёсць пэўныя жанры, кшталту аўтарскай калонкі, калі фармальна дазваляецца любы суб’ектывізм і любая тэндэнцыйнасць. Але і калонку лепей пісаць доказна, без залішніх эмоцый.
Рэпарцёр жа, напрыклад, мусіць быць максімальна бесстаронні. Калі ў кожнай нататцы змагацца за пэўныя ідэі, прасоўваць нейкую ідэалогію, то гэта будзе туфта, а не прафесійная падача паводле міжнародных стандартаў. І ніхто такую інфу не купіць.
Аналітыка таксама вымагае трымацца пэўных стандартаў: падаваць розныя погляды на праблему, рабіць рэалістычны прагноз, а не займацца алармізмам, і г. д. Патрыятычная аналітыка — гэта, калі хочаце, аксюмаран.
Карацей, не трэба мяшаць боб з гарохам, рабіць канцэптуальны вінегрэт з журналістыкі, актывізму, прапаганды ды інфармацыйнай вайны. Гэта ўсё розныя матэрыі, якія вымагаюць рознага інструментарыю.
У медыйнага рамяства свае законы
Я не кажу, што медыі мусяць быць па-за крытыкай і што журналістам, рэдактарам, медыйным менеджарам няма над чым чухаць рэпу.
У сённяшніх СМІ багата хібаў. Няма выразных адказаў на шэраг выклікаў сеціўнай эпохі. Інтэрнэт даў новыя магчымасці, але разам з тым паставіў на першае месца клікабельнасць, за якой нярэдка — падманка, танная разводка, пустата. Глыбокі, змястоўны кантэнт вымагае рэсурсаў, высілкаў, а попыт на яго не такі, як на бульваршчыну.
Але пра гэтыя праблемы трэба дыскутаваць з улікам законаў медыйнага рамяства, а не з пазіцый голага маралізатарства.
Вы, панове інтэлектуалы, хочаце абуджаць грамадзянскую супольнасць? Калі ласка, толькі не абмяжоўвайцеся заявамі, а рабіце нешта канкрэтнае. Чым болей будзе інфармацыйных нагод, тым часцей будуць на гэтыя тэмы пісаць журналісты. Кожны мусіць займацца сваёй справай.
Зрэшты, не варта думаць, што журналісты такія ўжо цынікі, бяздушныя доўбні. Што яны кепскія патрыёты і не разумеюць адказнасці моманту.
Калі стаіш на грунце нейкіх ідэй ці каштоўнасцяў, то зусім не абавязкова рваць на грудзях кашулю. Лабавая падача — не найлепшы шлях да розумаў суайчыннікаў. Наіўна спадзявацца ўзняць нацыянальную самасвядомасць форс-мажорнымі прапагандысцкімі захадамі.
Увогуле рабіць медыі — гэта асобнае рамяство са сваімі законамі. Журналіст — гэта не проста актывіст, якому пашэнціла па працы яшчэ і мець гатовую шырокую трыбуну.
Дарэчы, менавіта дзеля таго, каб яна была шырокай, каб аўдыторыя давярала выданню, рэдакцыйная палітыка мусіць быць гнуткай, паліфанічнай, змест — разнастайным. Не трэба меркаваць пра журналіста ці СМІ па асобна ўзятым матэрыяле, трэба разглядаць плынь кантэнту, з якой вымалёўваецца лінія.
У нас сайт і ў вас сайт. Чаму шчэміцеся на наш?
Самае ж смешнае, што і ў масцітага інтэлектуала, і ў партыйнага актывіста, і ў многіх іншых, хто ўшчувае несвядомых журналюгаў, маюцца свае трыбуны — сайты, на якіх яны могуць выступаць хоць па сто разоў на дзень.
І тут я рэальна пачынаю тупіць. Скажыце, ну вось чым адрозніваюцца тэхнічна магчымасці, напрыклад, сайта нейкай партыі ці грамадскай арганізацыі — і сайта Naviny.by?
У вас сайт і ў нас сайт. Дык што ж вы скардзіцеся на сваю вузкую аўдыторыю (вой, не можам прасунуць думкі ў масы!) і грузіце тымі ці іншымі задачамі медыйных супрацоўнікаў?
Хай сабе мы несвядомыя, у нас прафесійны крэтынізм і ўсё такое. Дык заткніце за пояс несвядомых журналюгаў, зрабіце свае сайты болей папулярнымі, чым тыя медыі. Пакажыце клас.
Але крытыкі прафесійных медый хочуць чужымі рукамі жар заграбаць.
І закрадаецца крамольная думка. Слухайце, а можа, фішка ў тым, што журналісты трохі лепей ведаюць, як рабіць СМІ? Што яны — якія-ніякія прафесіяналы?
Вось прасачыце дыялектыку. Найперш за кошт пісьменнай, збалансаванай рэдакцыйнай палітыкі (спалучэння тэм, жанраў, стыляў, падачы і г. д.) тыя ці іншыя выданні дамагаюцца папулярнасці, даверу, аўтарытэту.
А гэтыя якасці СМІ, у сваю чаргу, дазваляюць болей эфектыўна фармаваць грамадскую думку. І ў выніку той самы партыйны ці грамадскі лідар атрымлівае ў гэтым СМІ такую шырокую трыбуну, пра якую ён і не марыць на сваім маргінальным карпаратыўным рэсурсе.
Мала быць ідэйным
Тыя ж Naviny.by у рубрыцы “Меркаванні” ахвотна даюць слова партыйным лідарам, грамадскім дзеячам. Але зноў жа пытанне: наколькі яны ўмеюць той трыбунай карыстацца?
Мала быць ідэйным, трэба ўпакаваць свае думкі, вытрымаць фармат, даць хвосткі загаловак, напісаць інтрыгоўны лід ды інш. Іначай ваш геніяльны, прадыктаваны высокай мараллю і трывогай за лёс Айчыны тэкст застанецца збольшага рэччу ў сабе.
І для мяне паказальна, што тэксты палітычных ці грамадскіх актывістаў іншым разам набіраюць на парадак меней праглядаў, чым апублікаваныя паралельна матэрыялы несвядомых журналюг на тую ж тэму.
Зразумела, я іранізую. Бо журналісты не такія ўжо несвядомыя. Проста ў іх матэрыялах, калі хочаце, тыя ж ідэі часта выкладзены болей тонка, без надрыву і жадання падкрэсліць кожнай фразай, што вось я, аўтар, самы свядомы і палымяны барацьбіт.
Вы не думалі, панове крытыкі, што акурат просталінейная падача тэмы, назойлівасць, крыклівасць, пазёрства, надзіманне шчок, тэндэнцыйнасць, маралізатарства могуць раздражняць і адштурхоўваць чытача?
Пачні рабіць СМІ так, як патрабуюць пасіянары, — усё, пішы прапала. Будзе баявы лісток з маргінальнай аўдыторыяй.