• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: І ты, Брут, прадаўся крываваму рэжыму?

     

    Днямі патрапіў пад раздачу калега Арцём Шрайбман, які нават не ў артыкуле, а проста ў фэйсбуку меў неасцярожнасць напісаць, што падчас  праходжання мяжы яму болей падабаецца парадак, цывілізаванасць на беларускім баку, чым бязладдзе на ўкраінскім.

     

    Зміцер Галко, які з’ехаў з Беларусі ва Украіну ад “хіміі” і бедам якога я спачуваю, зрабіў выснову, што Шрайбман “чарговы раз пахваліў родны аўтарытарызм”. Яшчэ адзін калега, Дзмітрый Гурневіч, які ўпісаўся за Шрайбмана, неўзабаве мусіў даводзіць, што сам не вярблюд.

    Не буду пераказваць перыпетыі халівару — хто хоча, можа пачытаць своеасаблівы дайджэст са спасылкамі на першакрыніцы на “Салідарнасці”. Зазначу толькі, што калі пералічаныя асобы спрачаліся болей-меней карэктна, то іншыя проста сыпалі абразамі ў духу (цытую як ёсць) “задалбалі бялільшчыкі рэжыму”. І да слова “аналітыкі” ляпілі такія эпітэты, якія я тут увогуле працытаваць не наважуся.

    І я вырашыў, што хоць рызыкую сам патрапіць пад раздачу, але мушу выказацца, бо тэма, якую высвеціў гэты халівар, даўно наспела.

    Я не пра парадкі на мяжы, а пра тое, як журналіст недзяржаўнай прэсы, асабліва калі ён піша аналітыку, раз-пораз атрымлівае за тое, што не ваюе з праклятым рэжымам кожным сваім радком, а стараецца выконваць прафесійную місію — паказваць рэчаіснасць з розных бакоў, раскладаць па палічках.

    Чаму ты не кляймуеш?

    Многія зацятыя праціўнікі цяперашняй улады паводле змаўчання прылічваюць недзяржаўных журналістаў (і не толькі журналістаў, але і дзеячаў культуры, напрыклад) да свайго боку ўяўнай барыкады. І выкочваюць прад’явы, калі журналіст, на іх думку, робіць у сваіх матэрыялах недастаткова радыкальныя, бязлітасныя высновы. Ага, значыць, падгульвае рэжыму.

    Прычым у эпоху сацыяльных сетак гэты ціск узмацніўся. Выстаўляе нехта ў фэйсбуку спасылку на свой матэрыял — і паляцелі камякі бруду: што, адбельваеш злачынную ўладу?

    І аўтар адчувае, як недзе ўнутры заварушылася ўжо агідная пачварка самацэнзуры. Мусіць, варта наступным разам дадаць пару хвосткіх эпітэтаў на адрас кіроўных вярхоў, уставіць каментар якога-небудзь радыкальнага крытыка сістэмы. А то ж з’ядуць з вантробамі.

    У апазіцыйным асяроддзі (я маю на ўвазе не толькі і нават не столькі партыйцаў, колькі кагорту вербальных змагароў на канапах) сфармавалася, калі хочаце, свая нефармальная маральная інквізіцыя. Яна сочыць за табой, як Вялікі брат у Оруэла.

    Памятаю, на мінулых парламенцкіх выбарах чыста з прафесійнага інтарэсу, каб паназіраць за камісіяй, электаратам, схадзіў на ўчастак. Заадно ўкінуў бюлетэнь за Алеся Міхалевіча, які балатаваўся (зразумела, без аніякіх шанцаў) па маёй акрузе. І як толькі падзяліўся сваімі ўражаннямі ў фэйсбуку, то адразу атрымаў рэпліку: здраднік! Зірнуў на профіль крытыка: сталы чытач вядомага барыкаднага сайта, прыхільнік лозунгу “Толькі байкот!”

    Наперадзе новая “палітычная вакханалія”, і зноў будуць ляцець камяні ў тых аўтараў, якія даводзяць, напрыклад, што байкот/ігнор — гэта слабая тактыка, якая вядзе да яшчэ большай маргіналізацыі апазіцыйных структур.

    Можна спрачацца, якая тактыка лепшая. Але ж звычайна ў такіх выпадках не вядуць аргументаваную дыскусію, а менавіта навешваюць ярлык, пазначаюць маркерам “здраднік”. Бо ты ж за гульні са злачынным рэжымам — і няма табе даравання.

     

    Праз кепcкіх аналітыкаў не перамагае дэмакратыя?

    Некаторыя апаненты раз за разам на поўным сур’ёзе спрабавалі мне давесці, што ці не найперш праз паводзіны недзяржаўных медыяў, якія слаба піяраць апазіцыю, затое ахвотна па ёй топчуцца, акурат і не можа перамагчы святая справа дэмакратыі ў нашай краіне.

    Ды і ў дыскусіі вакол допісу Шрайбмана гэта нотка гучала: вось праз такіх аналітыкаў доўга яшчэ ў нас існаваць аўтарытарызму.

    Ну, па-першае, зусім не праз гэта. Па-другое, хоць у лоб страляй, не хочуць людзі разумець, што ў журналіста свая місія. І рэпарцёр, і аналітык мусяць у пэўнай ступені быць па-над схваткай. Іначай будзе атрымлівацца БТ наадварот.

    Асабіста мне збольшага нецікава чытаць тэксты шэрагу зацятых крытыкаў рэжыму, бо загадзя ведаю іх набор тэзаў і апрыёры беспамылкова ўгадваю высновы.

    Для мяне значна цікавейшыя аналітычныя матэрыялы, у якіх праблема абмалёўваецца з розных бакоў, гучаць розныя пункты гледжання, пульсуе жывая думка і прысутнічае інтрыга: а да чаго ж вядзе аўтар? Дзе ёсць разуменне дыялектыкі працэсаў. Жыццё супярэчлівае, любая ж ідэалогія спрашчае, нават дэфармуе карціну свету.

    Паказальна, што калонкі партыйных дзеячаў на Naviny.by звычайна набіраюць заўважна меней праглядаў, чым праблемныя матэрыялы журналістаў на тую ж тэматыку.

    Мяркую, фішка ў тым, што журналіст (пры тым што ў недзяржаўных СМІ збольшага працуюць людзі, умоўна кажучы, дэмакратычных поглядаў) не мае звышзадачы як мага гучней бабахнуць па рэжыме. Таму раскладае праблему па палічках, высвечвае нюансы і дыялектыку, а не піша ў маніхейскім стылі змагарнай улёткі.

     

    Пад шквалам дэмагогіі

    Між тым хтосьці чвэрць стагоддзя таму сфармуляваў для сябе, напрыклад, што Лукашэнка — марыянетка Масквы, што тут — акупацыйны рэжым і г. д. І стала лёгка, чыста ў галаве, бо ўсё зразумела, на ўсе выпадкі жыцця маюцца гатовыя адказы. Калі беларускі кіраўнік едзе на перамовы з Пуціным — ага, выправіўся здаваць незалежнасць. І так здае ўжо 25 гадоў, ды толькі ніяк здаць не можа. Чаму — пра гэта задумвацца не хочацца, бо разбурыцца простая карціна свету.

    Любая болей складаная, нюансаваная трактоўка беларускіх сюжэтаў, чым як у адозвах аднаго палітыка-эмігранта, выклікае ў шэрагах святой фэйсбучнай інквізіцыі жалезную выснову, што ты прадаўся крываваму рэжыму.

    Калі ж ты зробіш артыкул з высновай, што ў сітуацыі пасля Лукашэнкі, пры транзіце ўлады, рызыка страты незалежнасці можа ўзмацніцца, то нехта адразу пачне прыпіраць да сценкі. А, дык ты зычыш дыктатару моцнага здароўя і доўгіх гадоў кіравання? Уважаеш яго за гаранта незалежнасці?

    І толькі дзівішся, як спрытна асобныя ворагі рэжыму арудуюць той самай дэмагогіяй, што пануе ў палітычных каментарах дзяржаўных СМІ пра “пятую калону”.

     

    Не трэба атаясамліваць Беларусь з Лукашэнкам

    Камусьці проста слепіць вочы нянавісць да архітэктара сістэмы (якога, давайце не забываць, даволі дэмакратычна абралі ў 1994‑м самі беларусы — і гэта таксама тэма для аналізу). Аўтарытарнага кіраўніка абсалютызуюць, дэманізуюць.

    Але ж калі паглядзець на рэчаіснасць без шораў, то ўбачыш, што ў Беларусі сапраўды багата добрых рэчаў і з’яў, якія па вялікім рахунку не маюць дачынення да дзейнасці Лукашэнкі ці, ва ўсякім разе, не вызначаюцца спецыфікай створанай ім сістэмы. У прыватнасці, беларусы вылучаюцца даволі высокай працоўнай мараллю, цягай да парадку — і, на маю думку, зусім не таму, што апошнія чвэрць стагоддзя тут пануе “жесточайший спрос”.

    Не трэба ставіць знак роўнасці паміж краінай і яе цяперашнім кіраўніком, нават пры ягоных царскіх паўнамоцтвах.

    Калі памежнікі ці любыя іншыя службоўцы, работнікі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, калі выканаўчая дысцыпліна на ўзроўні, то чым гэта кепска?

    Гэта культывуецца, цэніцца і ў дэмакратычнай Еўропе.

    Дарэчы, еўразвязаўскія функцыянеры адзначаюць: хоць з беларускімі чыноўнікамі цяжка дамаўляцца, але калі пагадненне дасягнута, то яно выконваецца жалезна. Лепей, чым гэта бывае ва Украіне ці Малдове.

    Пры ўсёй спецыфіцы рэжыму айчынная дыпламатыя працуе даволі прафесійна і эфектыўна, і не толькі на Лукашэнку, але і на Беларусь. Відавочныя поспехі Нацыянальнага банка ў грашова-крэдытнай палітыцы. Ва ўрадзе таксама ёсць талковыя людзі з сучасным мысленнем. Больш за тое, нават у сілавых структурах не адны толькі цэрберы і дзяржыморды.

    Да кожнай тэзы папярэдняга абзацу (я іх выклаў вельмі спрошчана) можна прыдрацца. Але давайце дыскутаваць, а не ляпіць ярлыкі. Я тут хачу давесці толькі тое, што куды ні кінь, карціна ў нас значна болей складаная, чым здаецца прыхільнікам барыкаднага, чорна-белага мыслення.

    Я ўпэўнены, што калі зоркі сыдуцца шчасліва, то менавіта дысцыплінаванасць, працоўная мараль і даволі дзейсныя (пры тым што сёння яны дэфармаваны палітычнай спецыфікай) дзяржаўныя інстытуты дапамогуць беларусам даволі хутка і паспяхова інтэграваць краіну ў Еўразвяз.

    Як па мне, дык чым мацнейшыя сувязі Беларусі з Еўропай нават пры цяперашняй уладзе, тым лепей для будучыні краіны. Ды і сёння Еўропа дапамагае добраўпарадкаваць наша жыццё.

    Вось днямі я напісаў пра тое, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк даў грошы на мадэрнізацыю ачышчальных сістэм у Мінску. Але аказалася, што для кагосьці гэта — гульні з дыктатарам. Канечне ж, хай лепей мінчукі патонуць у брудзе, але — ні цэнта злачыннаму рэжыму.

    Дыскусіі з такога кшталту максімалістамі — звычайна рэч няўдзячная. Таму рэцэпт просты: меней зважаць на закіды, а старацца і надалей прафесійна рабіць сваю справу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці