Кіраўнік НСЖ Украіны Таміленка: Беларускім журналістам патрэбныя саюзнікі на ўзроўні ўрадаў дзяржаў
Украінскія журналісты cалідарныя з беларускімі калегамі. Сёлетнім лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны свабоды слова імя Ігара Лубчанкі стала Беларуская асацыяцыя журналістаў. Такое рашэнне прыняў сакратарыят Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны.
З кіраўніком Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам карэспандэнт службы маніторынгу БАЖ сустрэўся падчас міжнароднай канферэнцыі “Медыядыялог”, што адбывалася ў Тбілісі.
На думку Сяргея Таміленкі, беларускія журналісты ў 2020‑м годзе сталі прыкладам журналіскай працы:
— Нацыянальны саюз журналістаў Украіны ад першых дзён пратэстаў (уласна, не толькі пратэстаў, таму што мы не палітычная арганізацыя) рабіў заявы аб парушэнні правоў журналістаў, аб парушэнні свабоды слова. У першыя дні, калі мы пачалі атрымліваць трывожную інфармацыю пра тое, што правы нашых калег-журналістаў брутальна парушаюцца і адбываюцца рэпрэсіі, мы адразу сталі сачыць за сітуацыяй. Мы абмяркоўвалі гэта з калегамі з БАЖ у межах міжнароднай салідарнасці (і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, і Міжнароднай федэрацыі), абгаворвалі розныя магчымыя варыянты падтрымкі.
БАЖ атрымае Нацыянальную прэмію Украіны за свабоду слова
Спачатку мы разлічвалі на сілу адмысловых заяў на адрас міжнародных інстытуцый. Не думалі, што ўлады ў Беларусі могуць так жорстка ўдасканальваць і пашыраць свой рэпрэсіўны апарат. Было пэўнае спадзяванне, што гарачыя падзеі пройдуць і сітуацыя стабілізуецца.
На жаль, гэтага не адбываецца, і сёння мы гаворым пра тое, што незалежная журналістыка ў Беларусі стала крыміналам і небяспекай на дзяржаўным узроўні. Гэта не тая небяспека, якую мы, на жаль, фіксуем ва Украіне ці якой іншай краіне — калі хтосьці, пра каго пішуць журналісты, можа “атакаваць” журналіста альбо рэдакцыю, ці хтосьці пагражае ў сацыяльных сетках. Тут мы кажам пра тое, што ў межах дзяржаўнай палітыкі ладзяцца рэпрэсіі ў дачыненні незалежных, некантраляваных уладамі сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
— На Вашу думку, ці дастаткова салідарнасці з боку калег? Той салідарнасці, якую аказвае Нацынальны саюз журналістаў Украіны, журналісты іншых краін. І што трэба змяніць, калі той салідарнасці мала?
— Зразумела, што гэтая салідарнасць на высокім ўзроўні. Але практычных дзеянняў, скіраваных на вырашэнне праблем журналістаў, якія трапілі пад пераслед, менавіта іх не дастае. Сіл у саміх журналістаў у розных арганізацыях, саюзах, зразумела, недастаткова.
Тут патрэбныя хаўруснікі на ўзроўні ўрадаў: кіраўнікоў еўрапейскіх краін, ЗША. Патрэбна стварэнне адмысловых фондаў падтрымкі незалежнай беларускай журналістыкі, гэта быў бы фонд выжывання нашых калег.
Зразумела, што мы ва Украіне шукаем варыянты як дапамагчы. Мы правялі вялікую сустрэчу з некалькімі дзясяткамі беларускіх журналістаў, абгаварылі, якія ўвогуле ў іх існуюць патрэбы. Асноўныя праблемы — гэта легалізацыя знаходжання ў краіне і вырашэнне бытавых пытанняў.
Былі таксама сустрэчы з міграцыйнай службай Украіны і з цэнтрам занятасці. Размова вялася, найперш, пра тое, каб палегчыць і змягчыць бюракратычныя працэдуры — каб нашыя калегі атрымалі легальны статус. На маю думку, нават гэтая легалізацыя не вырашае пытанняў атрымання заробкаў, даходаў. У беларускіх калег вялікая колькасць праблем, якія трэба вырашаць апроч нейкай донарскай дапамогі.
Таксама хачу заўважыць, што тое, што мы назіраем на сёння — гэта шакуючая з’ява ў цэнтры Еўропы.
Зразумела, што ўсе шукаюць варыянты вырашэння гэтай праблемы. Мы таксама не будзем маўчаць і будзем пастаянна трымаць Беларусь пад увагай.