• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    КДК праверыў сайты раённых адміністрацый. Журналісты правялі свой аналіз

    Камітэт дзяржкантролю праверыў сайты раённых адміністрацый Віцебшчыны і знайшоў шмат неадпаведнасцяў. Журналісты правялі свой аналіз.

    Паводле КДК, зафіксаваныя парушэнні ўжо ліквідавалі. Але віцебскія журналісты праверылі, ці сталі сайты райвыканкамаў вобласці больш інфарматыўнымі, ці адпавядае кантэкт сучаснаму заканадаўству, ці паўнавартасна асветлена на сайтах сітуацыя са СМІ. І пераканаліся, што не заўсёды.

    Інфармацыя пра СМІ Віцебшчыны састарэла

    Віцебскія сябры ГА “БАЖ” прааналізавалі, наколькі аб’ектыўнай з’яўляецца інфармацыя пра сродкі масавай інфармацыі Віцебшчыны, размешчаная на сайтах абласной, гарадскіх і раённых адміністрацый. Высветлілася, што звесткі пра недзяржаўныя СМІ на гэтых рэсурсах нават не супадаюць.

    Так, на сайце Віцебскага аблвыканкама паведамляецца пра існаванне адзінаццаці  недзяржаўных друкаваных выданняў у Віцебску. Але на сайце Віцебскага гарвыканкама пра іх даведацца немагчыма: там увогуле не згадваюцца недзяржаўныя СМІ. Ніводнае з чатырох наваполацкіх недзяржаўных выданняў не згаданае і на сайце Наваполацкага гарвыканкама – там ёсць інфармацыя толькі пра дзяржаўныя газету і тэлебачанне.

    На сайце Полацкага райвыканкама ўвогуле адсутнічае інфармацыя пра рэгіянальныя СМІ. Ёсць толькі банеры дзяржаўных газет “Полацкі веснік” і “Витебские вести”. Няпоўная інфармацыя пра недзяржаўныя выданні размешчаная на сайце Глыбоцкага райвыканкама: тут адсутнічаюць звесткі пра рэкламнае выданне “Магистраль”, згаданае на сайце аблвыканкама.

    Што да сайта абласных уладаў, то звесткі пра рэгіянальныя СМІ падаюцца не самым аптымальным чынам. Актыўныя гіперспасылкі маюць толькі назвы дзяржаўных выданняў – праз іх можна трапіць на сайт кожнай раённай ці гарадской газеты. Што да недзяржаўных СМІ, то адсутнічае не толькі магчымасць адразу знайсці іх у інтэрнэце, але няма і мінімальных кантактных звестак. Часта пазначаны толькі юрыдычны адрас, нават без тэлефоннага нумара.

    Віцебскія сябры ГА “БАЖ” плануюць бліжэйшым часам удакладніць, ці насамрэч выходзяць газеты, згаданыя ў пераліку недзяржаўных на сайце Віцебскага аблвыканкама: некаторыя з гэтых рэкламных выданняў даўно не відаць у продажы або ў распаўсюднікаў. Пасля гэтага сістэматызаваныя заўвагі будуць накіраваныя ў мясцовыя органы ўлады.

    Няма нарматыўных дакументаў па-беларуску

    Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці яшчэ 22 студзеня  паведаміў, што  на сайтах райвыканкамаў “мелі месца факты размяшчэння тэкстаў нарматыўна-прававых актаў у неадпаведнай рэдакцыі або размяшчэнне неактуальнай інфармацыі, заснаванай на нарматыўна-прававых актах, якія ўжо не дзейнічаюць”.

    Віцебскія журналісты пераканаліся, што захадаў па выпраўленні гэтай сітуацыі не заўважна, калі прааналізаваць беларускамоўныя версіі сайтаў раённых адміністрацый. Прыкладам, пазнаёміцца з афіцыйнымі дакументамі па-беларуску немагчыма на сайтах Браслаўскага і Докшыцкага райвыканкамаў, а на сайце Гарадоцкага змест рубрыкі “Заканадаўчыя і нарматыўныя акты” ўяўляе сабой белую пляму.

    З сайта Віцебскага гарвыканкама немагчыма даведацца пра структуру органа ўлады: карыстальнікам беларускамоўнай версіі паведамляюць пра памылку 404, такое самае паведамленне сустракае наведнікаў сайта Докшыцкага райвыканкама. Інфармацыя пра грамадскія арганізацыі на сайце Бешанковіцкага райвыканкама таксама адсутнічае ў беларускамоўнай версіі.

    Адсутнасць інфармацыі на беларускай мове шкодзіць іміджу

    Сайты шэрагу выканкамаў Віцебскай вобласці ўвогуле не маюць беларускамоўнай версіі. Але сітуацыя паддаецца выпраўленню, і спрыяе гэтаму крытыка ў незалежных СМІ.

    Менш як праз паўгода пасля публікацыі матэрыялу “Толькі чатыры з 23‑х сайтаў выканкамаў на Віцебшчыне маюць беларускамоўныя вэрсіі” на сайце “Віцебская вясна” ўжо 16 сайтаў з 23‑х “загаварылі” па-беларуску. Тры гады таму не было беларускамоўнай версіі і на сайце Віцебскага аблвыканкама. Аднак пасля папрокаў у дыскрымінацыйным падыходзе да носьбітаў моў, якія юрыдычна маюць у нашай дзяржаве роўны статус, беларускамоўная версія з’явілася. Хаця і не ў поўным аб’ёме: большасць спасылак перанакіроўвае карыстальнікаў на рускамоўныя раздзелы.

    Адсутнасць інфармацыі на мове тытульнай нацыі шкодзіць іміджу вобласці, лічаць мясцовыя журналісты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці