Кастусь Жукоўскі пасля нападу з’ехаў з Беларусі
Гомельскі журналіст-фрылансер, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Кастусь Жукоўскі выехаў з Беларусі. За ім пакінула краіну і яго сям’я – жонка з дачкой.
Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, стаў напад на аўтамабіль фрылансера 13 студзеня на дарозе Холмеч-Брагін-Хойнікі.
Па словах Жукоўскага, разам са сваім спадарожнікам Барысам Анікеевым яны спыніліся, каб праверыць, чаму пераграваецца рухавік. Іх машыну ўзялі ў аблогу чацвёра дзябёлых мужчын, якія адразу ж пад’ехалі на джыпе.
“Мне пырснулі ў твар нейкай пякучай вадкасцю, нават акуляры ў мяне зваліліся, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Барыс Анікееў. – Кастуся збілі з ног, выхапілі дакументы, парвалі пашпарт, які быў, на шчасце, пратэрмінаваны. Яшчэ і паздзекаваліся: “Вось табе замежжа!”
Ні Жукоўскі, ні Анікееў у міліцыю не звярталіся.
“Не бачу ніякага сэнсу ў такіх зваротах, – кажа Жукоўскі. – Нядаўна мне пагражалі праз Facebook і электронную пошту. Звярталіся мы ў міліцыю з праваабаронцам Леанідам Судаленкам. З міліцыі адказалі, што знайсці асобу, якая накіроўвала пагрозлівыя лісты, не ўяўляецца магчымым. Выявілі толькі зарэгістраваны ў Канадзе інтэрнэт-рэсурс, з якога адпраўляліся электронныя пагрозы. Яшчэ раней мяне дома даймалі незнаёмыя хуліганы – іх таксама не знайшлі”.
Кастусь Жукоўскі вырашыў, што надалей няма сэнсу выпрабоўваць лёс, таму і пакінуў Беларусь.
“Зараз у адной з краін Заходняй Еўропы я вывучаю замежную мову і заадно лекуюся, каб паправіць здароўе. Са мной і мая сям’я, бо я асцерагаюся найперш за будучыню дачкі. Яна падрастае, ці мала, якую правакацыю могуць учыніць нядобразычліўцы, каб праз дачку нашкодзіць і мне, і жонцы. У мяне няма веры да міліцыі, а тым больш да спецслужбаў”, – кажа Жукоўскі.
У апошнія гады журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага міліцыя затрымлівала дзясяткі разоў, каб перашкодзіць яго грамадскай і журналісцкай дзейнасці.Толькі за 2018 год у дачыненні Жукоўскага складзена каля двух дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага канала “Белсат”. Раённыя суды Гомельскай вобласці на падставе пратаколаў, складзеных паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), шаснаццаць разоў каралі фрылансера буйнымі штрафам і адзін раз – за непавагу да суда.
Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў, што перавышае гадавы сярэдні заробак у Беларусі.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА