• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Узаемадзеянне з алгарытмамі і аўдыторыяй сацсетак у новых рэаліях: складаем чэк-ліст

    Як эфектыўна прасоўваць кантэнт у сацыяльных сетках і выйсці пераможцам у бітве з алгарытмамі? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі падчас закрытай канферэнцыі, якая адбылася ў Варшаве. Падзея, арганізаваная партнёрамі БАЖ, стала пляцоўкай для абмеркавання трэндаў, тэхнік і праблем, з якімі сутыкаюцца стваральнікі кантэнту ў лічбавую эру.

    Фота: Blue Bird для pexels.com

    Агульныя тэндэнцыі ў сацсетках

    Сацыяльныя медыя вельмі шпарка эвалюцыянуюць, а разам з імі змяняюцца і спосабы спажывання кантэнту. Калі раней, каб даведацца навіны сям’і, трэба было чакаць святочны вечар, цяпер усё, што нам трэба, — абнаўленне статусу ў Face­book. Гэта рэчаіснасць, якая змяняе стаўленне да медыя. У аўдыторыі з’яўляюцца новыя магчымасці, а з імі і патрабаванні. Відавочна, што ўсім стваральнікам медыякантэнту неабходна ісці ў нагу з гэтымі зменамі, каб заставацца рэлевантнымі.

    Для доўгатэрміновага поспеху ў сацыяльных медыях неабходна развіваць стратэгіі, якія падтрымліваюць устойлівасць і рост. Напрыклад такія, як пабудова моцнай і адданай супольнасці, якая будзе падтрымліваць і распаўсюджваць ваш кантэнт.

    Таксама важна рэгулярна асвойваць новыя навыкі, тэхналогіі і інструменты для паляпшэння якасці кантэнту. Ну і, зразумела, трэба быць гатовым хутка рэагаваць на змены ў трэндах і алгарытмах, каб заставацца канкурэнтаздольнымі.

    Гэтыя і падобныя стратэгіі не толькі дапамогуць стваральнікам кантэнту адаптавацца да цяперашніх рэалій, але і падрыхтуюць іх да магчымых змен у будучыні, гарантуючы ўстойлівасць і прадуктыўнасць у іх дзейнасці.

    Нацыянальныя адметнасці

    Беларускамоўны кантэнт у Tik­Tok і Insta­gram і ў іншых сацсетках у так званых «мастадонтаў» зараз адчувальна паніжаецца ў праглядах, а вось у некаторых новых наадварот. За апошнія два гады сацыяльныя пляцоўкі вельмі абнавіліся, асабліва ў плане іх алгарытмаў. Яны ўкаранілі штучны інтэлект, які дзейнічае хутчэй, больш паспяхова, а самае галоўнае прыносіць новыя правілы гульні на гэтай прасторы.

    На канферэнцыі было шмат цікавых і слушных парад, але вельмі прагрэсіўна і можа нават трошачкі правакацыйна прагучаў спіч вядомай медыяэксперткі і блогеркі Лізы Ветравай. Яна падзялілася сваімі інсайтамі і стратэгіямі адаптацыі да такога зменлівага ландшафту сацыяльных медыяў.

    Ліза Ветрава. Фота: сацсеткі

    Штучны інтэлект і сучасныя выклікі

    Ліза Ветрава пачала сваё выступленне з таго, як штучны інтэлект (ШІ) і лічбавыя тэхналогіі паўплывалі на метады прасоўвання кантэнту:

    — Мы жывём у час, калі паведамленні і кантэнт маюць быць не толькі прывабнымі, але і тэхналагічна аптымізаванымі. Алгарытмы Tik­Tok і Insta­gram сталі значна разумнейшымі, аналізуючы нашу актыўнасць з высокай дакладнасцю, каб прапанаваць найбольш рэлевантны кантэнт карыстальнікам.

    Галоўным чынам трэба разумець, што сацсеткі цяпер «бачаць» і «ацэньваюць» нашу актыўнасць.

    — Калі вы хочаце падтрымаць цікавасць да вашага профілю, неабходна не толькі ствараць кантэнт, але і жыць у рытме сацыяльных медыяў, — зазначыла Ліза.

    Яна падкрэсліла, што рэгулярнае ўзаемадзеянне з аўдыторыяй, а таксама выкарыстанне новых функцый, як прамыя эфіры або спецыяльныя эфекты, могуць значна палепшыць паказчыкі ўзаемадзеяння і прыцягнення ўвагі. Рэгулярнасць у выкарыстанні платформы дазваляе ствараць «ілюзію» няспыннай актыўнасці і прыцягваць увагу штучнага інтэлекту.

    — Калі вы толькі публікуеце і знікаеце да наступнага паста, платформа можа ацэньваць вашу дзейнасць як недастатковую. Трэба не толькі публікаваць, але і ўдзельнічаць у жыцці супольнасці: адказваць на каментары, праводзіць прамыя эфіры, актыўна карыстацца ўсімі функцыямі платформы, — распавяла экспертка.

    Таксама ШІ паглядае і за тым, як актыўна вы  рэагуеце на іншыя тэмы. Напрыклад, ці падобныя яны на тыя тэмы, якія выкладваеце вы і якія глядзіце асабіста.

    — Падазроным штучнаму інтэлекту можа падацца, калі вы робіце грамадска-палітычны кантэнт, а самі глядзіце відэа пра моду і стыль. Ён гэтыя ўсе фактары аналізуе і на фоне гэтага можа паніжаць вашыя прагляды, таму што ён робіць высновы, што быццам вы не жывы чалавек. І тут вельмі важна сябе «прадаць» ШІ — выставіць сябе ў найлепшым свеце, — падкрэслівае Ліза. — Сацыяльныя медыя — гэта не проста платформа, але і асаблівы свет, дзе кожная ваша актыўнасць, кожны ваш каментар або лайк мае значэнне.

    Фота: Pix­abay

    Спікерка ўпэўнена, што працаваць з платформамі трэба, як з жывым арганізмам, які рэагуе на кожны ваш крок.

    — Зараз вельмі добра не проста рабіць адно відэа па пэўнай тэме. А падумаць, як гэтую тэму можна запакаваць у розныя фарматы. І фактычна вы распрацавалі адну тэму, але знялі тры-пяць відэа розных фарматаў, — расказала экспертка. — Напрыклад, прамаўляючая галава, відэа на фоне, дзіўна знятае з розных ракурсаў, пад музыку нейкія факты. У выніку атрымліваецца цэлая лінія з кантэнту… І вы для сваёй аўдыторыі падымаеце нейкую праблему пастаянна, але не надакучліва нагадваеце, што асабліва істотна, калі размова пра грамадска-палітычны кантэнт. А штучны інтэлект, калі бачыць, што аўдыторыя пераходзіць з фармату на фармат, разумее, што ваш профіль вельмі цікавы, і будзе дапамагаць раскруціцца, каб больш карыстальнікаў яго пабачылі.

    Экспертка таксама рэкамендавала актыўна выкарыстоўваць геалакацыю і хэштэгі для пашырэння аўдыторыі.

    Важна ведаць, што хэштэгі ў Tik­Tok патрэбныя не для таго, каб ваш кантэнт знайшлі, як тое адбываецца ў Insta­gram, але каб сам Tik­Tok зразумеў, куды і каму паказваць вашае відэа.

    Таму, асабліва калі новы акаўнт, ёсць сэнс прапісваць Беларусь, назвы беларускіх гарадоў.  А таксама прагаворваць ключавыя словы ў відэа, каб алгарытмы лепш разумелі кантэкст публікацый.

    Кліпавае мысленне і новыя стратэгіі

    — У сучасным свеце, дзе ўвага аўдыторыі разбуральная і абмежаваная, крытычна важна ведаць, як ствараць кантэнт, які імгненна захоплівае ўвагу. Трэба разумець, што нашыя гледачы жадаюць мець кантэнт, які размаўляе з імі тут і зараз. Кароткія, яскравыя і мэтазгодныя відэа часта працуюць лепш за доўгія разважанні, — сказала Ліза, падкрэсліваючы змены ў спажыванні кантэнту.

    Мы даволі часта не карыстаемся відавочнымі рэчамі. Калі думаем пра свой праект, то здаецца, што дэталёва ўяўляем чалавека, які нас глядзіць. Але трэба не ленавацца і падрабязна распісаць: узрост, чым займаецца чалавек, дзе жыве, з якога горада, ці ёсць дзеці.

    —Па такім жа алгарытме распісаць 2–3 дадатковыя аўдыторыі, з якімі можна патэнцыйна працаваць, якія чымсьці падобныя. Паступова крок за крокам ты распісваеш патрэбы чалавека і тое, што яго турбуе, што яму баліць, што яго зачэпіць і прымусіць заставацца на вашым відэа. І гэта дасць вам ідэі для кантэнту, — канстатуе экспертка.

    Гісторыі поспеху і погляд у будучыню

    Узнікненне інавацыйных падыходаў можна наглядна ўбачыць на прыкладзе беларускамоўнага канала Васіля Ядчанкі ў Tik­Tok, які змог прывабіць вялікую аўдыторыю не пасля ўздыму ў 2020 годзе, а менавіта зараз, калі, па меркаванні многіх. цікавасць да беларускамоўнага кантэнту на спадзе. Поспех Ядчанкі адбыўся дзякуючы змястоўнаму і арыгінальнаму кантэнту, адаптаванаму пад сучасныя тэндэнцыі і алгарытмы платформы.

    Кожны стваральнік кантэнту можа знайсці новыя спосабы дасягнення сваёй аўдыторыі і пашырэння свайго ўплыву ў свеце, дзе сацыяльныя медыя становяцца ўсё больш і больш персаналізаванымі і інтэлектуальнымі.

    Зразумела, што мы стаім на парозе новай эпохі ў развіцці сацыяльных медыяў, дзе здольнасць «прадаваць» свой кантэнт штучнаму інтэлекту стане такім жа важным навыкам, як і здольнасць зацікавіць жывога гледача.

    Фота: Anete Lusi­na для pexels.com

    І хоць гэты шлях можа здацца складаным, ён таксама адкрывае новыя магчымасці для творцаў кантэнту, якія гатовыя адаптавацца і выкарыстоўваць сучасныя інструменты для дасягнення сваіх мэтаў. Галоўнае — трэба разумець, што ў эпоху шырокага распаўсюджвання сацыяльных сетак, дзе кожны з нас становіцца стваральнікам, манетызацыя і агульнадаступнасць вашага кантэнту могуць адрознівацца ад мільёнаў іншых.

    Усё залежыць толькі ад вашай адаптацыі інавацыйных тэхналогій. Так, напрыклад, Tik­Tok і Insta­gram прыблізна раз на паўгода змяняюць свае алгарытмы і прыхільнасці, таму парада спецыялістаў — уважліва сачыць за іх зменамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці