Майстар-клас: Архіў паміж дакументам і фікцыяй (7 — 8 верасня)
Майстар-клас: Архіў паміж дакументам і фікцыяй
7–8 верасня 2019 года
Пры падтрымцы Інстытута Гётэ ў Мінску.
Куратары майстар-класа: Зімон Мэнэр, Максім Сарычаў
Сямейныя фотаальбомы нарадзіліся разам з вынаходніцтвам фатаграфіі. Як трапна выказалася Сьюзан Сонтаг, «гэтыя прывідныя сляды – фатаграфіі – сімвалічна запаўняюць адсутнасць рассеянай радзіны. Сямейны фотаальбом звычайна прысвечаны вялікай сям’і, і часцяком гэта адзінае, што ад яе засталося». У гэтым сэнсе сямейныя архівы заставаліся цягам доўгага часу выключна прыватнаю справаю. Гэтымі візуальнымі дакументамі цікавіліся ў найлепшым выпадку гісторыкі і бюракраты.
Аднак сёння, са з’яўленнем сацыяльных сетак, разуменне сямейнага архіву змянілася. Штодзень у Instagram загружаецца каля 55 000 000 фатаграфіяў. А многія прыватныя архівы іх уладальнікі алічбоўваюць і выкладаюць у сеціва. Гэта радыкальна мяняе звыклую пару «прыватнае/публічнае». У гэтым сэнсе архівы могуць выступаць матэрыялам для мастака. Гэта больш не прыватная, не інтымная прастора сям’і. Архівы ўводзяць нас у шырэйшае сацыяльна-палітычнае, ідэалагічнае поле.
Падчас майстар-класу мастакі будуць працаваць з рэальнымі сямейнымі, віртуальнымі архівамі, уласным або знойдзеным архіўным матэрыялам.
За два дні ўдзельнікі не толькі даведаюцца, як працаваць з архівам і якая роля мастака ў працы з такім матэрыялам, але таксама абмяркуюць:
– якім чынам канструююцца і дэканструююцца гістарычныя наратывы;
– як складваецца сацыяльная харэаграфія і замацоўваюцца сацыяльныя рытуалы;
– якія больш шырокія: сацыяльныя, ідэалагіяныя, эканамічныя і інш. – кантэксты стаяць за простымі фотаархівамі.
Майстар-клас ладзіцца пры падтрымцы Гётэ-Інстытута ў Беларусі
Праграма падзеі:
7 верасня, 11:00–19:00 – майстар-клас «Архіў паміж дакументам і фікцыяй»
8 верасня, 11:00–19:00 –- майстар-клас «Архіў паміж дакументам і фікцыяй»
12 верасня, 19:00 – прэзентацыя вынікаў майстар-класу
Як узяць удзел?
Для таго, каб узяць удзел у майстар-класе, трэба даслаць CV у вольнай форме, а таксама невялікі матывацыйны ліст, які адкажа на наступныя пытанні.
– Чаму вас цікавіць тэма архіваў?
– З якім архівам вы б хацелі працаваць?
– Якую тэму, такім чынам, вам было б цікава асэнсаваць?
Заяўкі дасылайце на адрас: photographyminsk@gmail.com
У тэме ліста пазначце: Майстар-клас «Архіў паміж дакументам і фікцыяй»
Тэрмін падавання заяўкі – да 1 верасня
Куратары майстар-класа:
ЗІМОН МЭНЭР (Нямеччына)
Навучаўся ў Берліне і Чыкага. Фокус ягонай мастацкай практыкі – праца з візуальнай культурай рэпрэсіўных сістэмаў. Ягоныя работы выстаўляліся ў Нямеччыне, Чэхіі, ЗША, Грэцыі, Францыі і г. д. Зімон Мэнэр як мастак працуе з тэмаю архіваў, ён асэнсоўвае праблему назірання.
Ягоныя работы шырока пададзеныя ў выданнях Guardian, Der Spiegel, BBC, New York Times, The Independent, CNN, Frieze, Vice, Wired ды шмат якіх іншых.
МАКСІМ САРЫЧАЎ (Беларусь)
Фотажурналіст і мастак, жыве і працуе ў Менску, Беларусь. Ён працуе над доўгатэрміновымі візуальнымі праектамі, у якіх звяртаецца да тэмаў улады і разнастайных формаў гвалту, як з боку дзяржавы, гэтак і знутры традыцыйнага грамадства. Максім даследуе палітычныя і чалавечыя вымярэнні калектыўнай памяці і гісторыі.
Ягоныя праекты і фатаграфіі былі апублікаваныя ў выданнях Der Spiegel, Stern Crime, Meduza, Amnesty International, Forbes Russia, часопісе Fotograf, The Verge ды іншых.