“Калі ў табе 50 кілаграмаў, то бронік адной сваёй вагой пакідае сінякі на плячах”
І ўсё адно я не разумею: чаго яны туды так імкнуцца, чаму ім так няўрымсліва хочацца на перадавую? Слухаю расказы дзяўчат-журналістак, што працуюць ваеннымі карэспандэнтамі ў зоне АТА на Данбасе, іх тлумачэнні, і не магу з гэтым фактам змірыцца… Відаць, неўміручая жыве ўва мне “гендэрная скаціна”… А можа, я проста занадта люблю жанчын, каб змірыцца з тым фактам, што яны едуць туды, дзе пагроза загінуць, дзе боль і кроў? Ды і проста – побытавыя складанасці і нязручнасці.
Мая другая суразмоўца з цыклу “Інтэрв’ю з дзяўчатамі-ваеннымі карэспандэнтамі” – журналістка радыё “Вести” Яўгенія Ганчарук.
– Я ўжо размаўляў з вашай калегай, і яна сцвярджае: у камандзіроўку на Данбас яна прасілася сама, яе туды не адпраўлялі пад прымусам…
– У мяне тая ж сітуацыя: я доўга рвалася туды, але не адразу паехаць атрымалася. Прычым першая мая паездка была не ад рэдакцыі – я паехала на перадавую ў якасці валанцёра. Тым не менш, узяла з сабой дыктафон і папрацавала. Пасля той паездкі на перадавую цягне зноў і зноў.
– Ці ёсць нейкія жаночыя сакрэты – як сябе там паводзіць, што рабіць у незразумелай сітуацыі, як спраўляцца з побытавымі цяжкасцямі?
– Калі застаешся начаваць, цябе стараюцца памясціць асобна ў бліндажы – альбо высяліўшы адтуль хлопцаў, альбо разам з дзяўчатамі-валанцёрамі. Але ў мяне нават перавагі перад хлопцамі-журналістамі ёсць – байцы вельмі рады бачыць там дзяўчыну. Хай мне і пад 30!
А калі едзеш на нейкую пазіцыю не ў першы раз і хлопцы пра гэта ведаюць, дык яны прыводзяць сябе ў парадак, стараюцца быць галантнымі, прапануюць каву…
І калі перад ад’ездам цікавішся: “Можа, вам чаго тут не хапае?”, дык жартуюць: “Жаночай увагі”. І я выдатна разумею, што ў гэтым маім візіце ёсць і элемент псіхалагічнай падтрымкі. Магчыма, дзяўчат байцы там часам аж залішне аберагаюць, але, на шчасце, нейкіх асабліва крытычных момантаў у мяне там не здаралася. Бывае, кажуць: “Мы вас туды не пусцім”. Але гэта не тычыцца полавай прыналежнасці – проста яны не хочуць, каб некуды лез менавіта журналіст.
– Ці абавязкова журналісту перад такой камандзіроўкай праходзіць спецыяльную падрыхтоўку?
– Год таму я больш за два месяцы хадзіла на ваенны палігон “Правага сектара”. Паласа перашкод, фізічная падрыхтоўка, праца са зброяй. Да гэтага я прайшла адмысловыя курсы аказання першай медычнай дапамогі. Пасля першай маёй паездкі на Данбас была на курсах, арганізаваных Інстытутам масавай інфармацыі: інфармацыйная частка, медычная дапамога і, самае галоўнае, – праца ў зоне канфлікту. Як сябе паводзіць і што рабіць у выпадку розных пагроз, як узаемадзейнічаць з ваеннымі…
Усё гэта вельмі важна. Але не менш (калі не больш) важныя вопыт, наяўнасць мазгоў, адсутнасць інфантыльнасці.
І ведаеш яшчэ што?.. Калі ў табе 50 кілаграмаў, то бронік адной сваёй вагой пакідае на тваіх плячах сінякі. Проста чыста фізічна пэўныя рэчы нам, дзяўчатам, больш складана пераносіць. Мне нават раілі на пачатку пахадзіць хаця б паўгода ў спортзал. А бронекамізэльку там ты абавязаны ўвесь час насіць з сабой. Дзякуй Богу, што ніякаіх камер ці яшчэ чаго цяжкога няма – толькі мікрафон. Тым не менш, пэўныя рэчы ты павінен мець пры сабе, і гэта сапраўды фізічна дастаткова цяжка. Усё ж астатняе накшталт бруду, дажджу, немагчымасці рэгулярна паесці нармальна – да гэтага я была гатовая, і для мяне гэта не праблема.
– І даводзіцца замест сукенак у кветачкі ды туфляў на абцасах насіць берцы і непрыкметную вопратку…
– А мне ў тых берцах камфортна! Ды і сукенку я звычайна апранаю не часцей за два разы на год! Шчыра: найперш мяне цягнула на перадавую не жаданне журналіста расказаць пра тое, што там адбываецца, а жаданне чалавека быць побач з тымі, хто бароніць краіну. А зараз я разумею, што мая праца вельмі важная, што з байцамі і пра байцоў трэба гаварыць. Яны ж там сядзяць на перадавой месяцамі і нават не бачаць новых людзей. Асабліва гэта важна для хлопцаў з аддаленых вёсак (а там такіх вельмі шмат), да якіх прыязджае нехта аж з самога Кіева! І я ўжо гавару з тымі хлопцамі на адной мове: пра зброю, пра калібр, нешта яшчэ. Не ведаю, наколькі паўплывала тое, што я – дачка ваеннага. Нават у свой час хацела ў ваенны інстытут паступаць, але не склалася…
– Цікава, а як вы, журналістка “аж з самога Кіева”, рэагуеце на мацюкі – мужчынская кампанія ўсё ж!
– Бывае, даводзіцца строга казаць: “Не лаяцца брыдкімі словамі!” Ведаеш, калі звычайна для байцоў там нармальна быць няголенымі, не надта сачыць за чысцінёй вопраткі, то як толькі яны бачаць цябе – адразу змяняюцца. Прыязджаеш да іх наступным разам – а ўсе хлопцы чыста паголеныя, вопратка вымытая… І мяне там пастаянна стараюцца накарміць. Думаю, хлопцам проста прыемна, калі яны робяць нешта апроч сваёй ваеннай справы. Часам прапаноўваюць: “Заставайцеся з намі хоць на пару дзён – знойдзем дзе размясціць!” Але гэта ўсё цалкам “у межах” – я не адчуваю ніякага элементу пошласці. Я да іх стаўлюся як да братоў, і ў іх такое ж да мяне стаўленне.
– Што журналіст павінен у такіх камандзіроўках абавязкова мець, з тэхнічнага пункту гледжання?
– Найперш, магутныя батарэйкі – зарадныя прыстасаванні, карты памяці – каб скідаць запісаную інфармацыю, некалькі тэлефонаў… Нават фотаапарат на самой справе не абавязковы, дастаткова мабільнага тэлефона. Ну і ўсё… Добры прафесійны дыктафон і мікрафон з абаронай ад ветру. Я бяру з сабой і маленькі дыктафон, але, як паказала практыка, на ветры ён не здольны якасны запіс зрабіць. А наш радыйны мікрафон, нават калі страляе буйнакаліберны кулямёт, выдатна ўсё піша – частоты не забівае.
– У зброі вы разбіраецеся. А як лічыце – можа яе журналіст з сабой мець на ўсялякі выпадак?
– Глядзіце – мы ж праязджаем блок-пасты… Зброі, на якую ў мяне быў бы дазвол, няма. І я нават нож з сабой не бяру. Ён калі і ёсць, то ў нейкага ўмоўнага валанцёра. Я магу з прылад мець з сабой толькі ліхтарык, што не звязаныя з маёй прафесійнай дзейнасцю. Ды што нож! Могуць часам да патрона ў кішэні “дакалупацца”! Бо хлопцы часам: “Ну, які табе сувенір даць з сабой?” Дастануць з аўтамата і засунуць у кішэню патрон. На паўдарогі руку ў кішэню засунеш – а там патрон! Суправаджальны: “Адкрыла акно і выкінула!”
Ні ўвозіць нічога такога, ні вывозіць нельга, гэта забаронена. Вада, мінімальны запас ежы, аптэчка – усё. На шчасце, нагодаў задумацца над тым, што трэба нешта такое мець з сабой, не было.
– На вайне – і жахаў не наглядзеліся?
– Можа, пра гэта крыху і шкадую, але самага страшнага, на шчасце, і не здаралася са мной. Пад абстрэлы не трапляла, дыверсанты за мной не ганяліся. Не было ў мяне магчымасці праверыць, як буду ў такой сітуацыі сябе паводзіць. Бывала, праязджалі мы зоны, якія прастрэльваюцца. Але адчування, што зараз можа быць усё, на шчасце, не было. Я б нават хацела патрапіць у такую сітуацыю, калі жыццё на валаску: гэта яшчэ лепш дапамагло б зразумець, як там нашым байцам. Інакш усе размовы на тэму “я была ў АТА” вельмі падобныя да фальшу.
Самае галоўнае – ніхто з тых, з кім падчас камандзіровак пазнаёмілася, не загінуў. А самае радаснае – калі баец, які доўга не выходзіў на сувязь, нечакана напісаў: “Я жывы, звяжамся пазней!” У мяне правіла: пакуль не ведаю чагосьці дакладна – стараюся не перажываць. Наколькі гэта магчыма…
– Ці праўда, што Украіна прайграе расійскім СМІ ў інфармацыйнай вайне?
– Складанае пытанне… Ёсць меркаванне, што трэба праўдай адказваць на хлусню, разжоўваць… Але так ты ўвесь час “даганяеш”: яны даюць фэйк, а ты яго абвяргаеш… І ніколі не бываеш наперадзе. Мне падаецца, мала ў нас кажуць пра перамогі, недастаткова надаецца ўвагі адбудове вобразу краіны, якая перамагае. Цяпер нашмат лепшая сітуацыя ў гэтым інфармацыйным супрацьстаянні, чым была нядаўна. Ужо не пройгрыш дакладна, але і да перавагі далёка. Мы ўжо прыблізна разумеем, як у гэтым накірунку працаваць.
– Вашы парады тым калегам, хто на перадавой не быў, але хоча туды паехаць?
– Шчыра? Мне не хочацца з імі дзяліцца сваім вопытам! Можа, я сквапная. Я разумею, што ёсць у гэтым нейкая доля эгаізму. Але я разумею, што не ўсе гатовыя туды паехаць. Найперш трэба ў сябе запытацца: “Навошта ты туды едзеш?” Нават я не магла спачатку ўцямна адказаць на яго. Другое – трэба быць падрыхтаваным, каб туды паехаць.
Мяне раздражняе, калі журналісты – нават з тых, хто там ужо не раз бываў, – не разумеюць пэўных момантаў. Нават не магу патлумачыць… Часам гэта павінна быць на адчуваннях – праца там.
– А ў чым складанасць?
– Калі не ведаеш, што адтуль лепш даваць – нейкую «чалавечую гісторыю», фактаж, зводкі?.. Але адну параду я ўсё ж дам: вельмі акуратным трэба быць з хлопцамі. Тут розніцы няма – ідзеш ты да іх у шпіталь ці на фронт. Падбіраць словы, не лезці ў душу лішні раз. Але ўсё адно кожны працуе па-свойму. Ты можаш трапіць у такія варункі, што складзены загадзя ў галаве алгарытм згубіцца, і ты будзеш працаваць выключна “па сітуацыі”.
– Вы маглі б адтуль працаваць у стылі Life News?
– Наўрад ці. Паказаць самую гарачую кропку падзеі – так. Даць праўду такой, як яна ёсць, – з усімі эмоцыямі, крывёй і ўсім астатнім – таксама. Магу, калі фармат дазваляе, даць у матэрыяле крыху “сябе”. Але… Зараз задумалася: а што азначае – «у стылі Life News?» Для мяне гэта – суцэльная хлусня. У мяне быў калега, які ў матэрыялах з месца трагічных падзей даваў такія дэталі, што гэта выклікала не спачуванне і ўсведамленне гора, а адну агіду. Такое дэталізаванне і смакаванне выклікае адваротны эфект.
– Чым больш з вамі размаўляю, ты больш цікава: да вайны вы якімі тэмамі займаліся?
– Мы на радыё – універсальныя салдаты! Больш сацыяльна-палітычны накірунак… Але на самой справе, я лепш у музыцы разбіраюся, чым у іншых тэмах.
– Здолееце па заканчэнні вайны перастаць быць ваенным карэспандэнтам?
– Думаю, гэта будзе нялёгка, але змагу. Спадзяюся, мне дапаможа рок-музыка, якая займае асаблівае месца ў маім жыцці.
Проста я не ўпэўнена, што хацела б паехаць карэспандэнтам, да прыкладу, у Сірыю. Не ведаю, наколькі гэта правільна і аб’ектыўна, але тут – мая гісторыя, гісторыя маёй краіны, за якую страшна балюча. Тут хочацца быць максімальна датычным, наблізіць перамогу і канец пакутаў. Чужое менш цікава. Пакуль адчуванні такія, але як будзе па заканчэнні вайны – казаць не бяруся.
– Былі праблемы з ваеннай цэнзурай, свабодай слова?
– Ведаеце, мне ані разу не давялося працаваць з прэс-афіцэрамі сектараў ці накірункаў у зоне АТА. Нават з прэс-сакратарамі батальёнаў. З байцамі цікавей, чым з камандзірамі, – тыя размаўляюць афіцыйнымі зводкамі. Я ведаю, што могуць нешта недагаворваць. Неяк журналісты ладзілі адмысловы флэш-моб, каб данесці, што ад нас хаваюць нейкую інфармацыю, праз акрэдытацыю зацягваюць працэс допуску журналістаў на месцы падзей… Усё гэта ёсць. Як гэта ацаніць? Не зусім добра, але нашы журналісты прарвуцца!
“Маладзенькія журналісткі-бландзінкі на фронце паводзяць сябе больш мужна, чым дарослыя мужчыны”