«Калі аб праблеме не гаварыць, то яе нібыта няма». Чаму палітвязьні і арыштаваныя просяць пра іх не пісаць
«Радыё Свабода» пагаварыла з былымі «сядзельцамі», адвакатам і чалавекам, якога затрымлівалі на «суткі», пра тое, што лепш: маўчаць альбо крычаць?
Усё часьцей журналісты сутыкаюцца з сытуацыяй, калі сваякі палітзьняволеных просяць не пісаць, не расказваць пра іх. Калі людзей затрымліваюць у адміністрацыйнай справе, родныя катэгарычна забараняюць паведамляць пра гэта.
Па два з паловай месяцы няма ніякіх зьвестак ад Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Ігара Лосіка. Адвакатаў да палітзьняволеных не дапускаюць. Родныя думаюць, што яны знаходзяцца ў ШЫЗА. Свабода паспрабавала высьветліць, што зь іншымі вядомымі палітвязьнямі, якія адбываюць пакараньні.
Мы зьвярнуліся да сваякоў пяці вядомых палітычных зьняволеных і атрымалі падобныя адказы: «Ён вельмі прасіў, каб пра яго не было ніякіх згадак у СМІ».
Маўчаньне сваякі тлумачаць тым, што гэта вельмі раздражняе адміністрацыю калёніі і яна потым помсьціць: вязьняў зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, пазбаўляюць спатканьняў, перадач.
«Прайшла інфа — пакараньне, прайшла зноў інфа — пакараньне»
Пацікавіліся ў былых «сядзельцаў», якія ўжо адбылі пакараньне і выйшлі з турмы, ці так гэта. Імёны суразмоўцаў па іх просьбе зьмененыя.
Андрэй сядзеў у двух папраўчых установах Магілёўскай вобласьці.
«Тут усё проста. У калёніі ня любяць, каб нейкая інфармацыя пра палітычных зьяўлялася. Відаць, ім за гэта даюць „па шапцы“. Таму рэакцыя звычайна такая: калі нешта прасачылася ў СМІ, значыць, сам вязень дапамог, і яго трэба пакараць.
Могуць адразу зьмясьціць у ШЫЗА за які гузік, за скарынку хлеба ў тумбачцы ці за што яшчэ прыдумаюць, каб у зьняволенага сфармаваўся „умоўны рэфлекс“: „Прайшла інфа — пакараньне, прайшла зноў інфа — пакараньне“. А расповеды пра салідарнасьць на волі і што нібыта адміністрацыя будзе лепш ставіцца, калі напішуць у мэдыя, — гэта лірыка.
Вядома, гэта можа дапамагчы, калі чалавек больш за 70 дзён знаходзіцца ў ШЫЗА, як Статкевіч. Бо гэта відавочнае парушэньне. Але калі ёсьць загад зьверху — ніякі розгалас не дапаможа», — мяркуе былы палітвязень.
«Палітычныя, пра якіх ня пішуць, сядзяць у лепшых умовах, паверце мне!»
Галіна адбывала пакараньне ў Гомельскай калёніі № 4, дзе ўтрымліваюцца шмат палітзьняволеных жанчын. Яна называе некалькі прычын маўчаньня палітвязьняў.
«Часьцяком у зьняволенай ёсьць толькі адзін родны і блізкі чалавек, які застаўся ў Беларусі, носіць ёй перадачы, якому можна патэлефанаваць. Ёсьць каму паведаміць, калі штосьці экстранае здараецца. А калі будуць згадкі ў СМІ, зьняволеная асьцерагаецца, што і таму чалавеку адпомсьцяць і пасадзяць. І тады яна наагул пазбавіцца дапамогі. Ды і ў маральным пляне ёй будзе цяжка.
Таксама часьцяком любыя згадкі ў СМІ для самой зьняволенай канчаюцца штрафным ізалятарам і пазбаўленьнем спатканьняў і перадач. Тыя палітычныя, пра якіх ня пішуць, сядзяць ў лепшых умовах, паверце мне, гэта праверана на ўласным досьведзе», — кажа Галіна.
На пытаньне, няўжо адміністрацыя калёніі чытае апазыцыйныя СМІ, тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», Галіна адказала, што наўрад ці. Хутчэй за ўсё, паступае інфармацыя зьверху, з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.
Што тычыцца самой Галіны, паколькі яе жорстка затрымліваў ГУБАЗіК, яна думае, што «прэсаваць» яе даваў указаньне сам тагачасны начальнік Карпянкоў.
«Калі мяне цягам месяца трымалі ў ШЫЗА, марылі голадам, замест мэдсястры, калі мне стала дрэнна, прыйшоў дапытваць начальнік апэратыўнай часткі і спытаў: „Што ты там такога зрабіла, што аб табе загад самога Карпянкова прыйшоў?“. Ну і з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў прыходзілі „ўказіўкі“, каго пакараць альбо ў дачыненьні каго з палітычных учыніць правакацыю», — кажа Галіна.
«Унівэрсальных парадаў быць ня можа. Галоўнае — не нашкодзіць вязьню»
Запыталіся ў былой адвакаткі, што лепш: маўчаць альбо гаварыць аб праблемах і жорсткім абыходжаньні з палітзьняволенымі. Адназначнага адказу яна не дала.
«Унівэрсальных парадаў тут быць ня можа. Вядома ж, у выпадку з публічнымі асобамі — Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Максімам Знакам, ад якіх няма зьвестак па 2,5 месяца і да якіх не дапускаюць адвакатаў, родным я б параіла біць трывогу, пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, зьвязвацца са СМІ. Наўрад ці тут ужо нашкодзіш — горш ужо няма куды, калі людзі такія тэрміны знаходзяцца ў ШЫЗА ці карцары.
Аднак калі самі палітзьняволеныя просяць родных, каб пра іх было менш згадак, а сваякі лічаць, што для вязьняў так будзе лепш, трэба паважаць іхную пазыцыю, іх меркаваньне. Галоўнае — не нашкодзіць, не справакаваць адміністрацыю турмы яшчэ больш пагоршыць цяжкія ўмовы ўтрыманьня вязьняў», — кажа былая адвакатка, якая раней абараняла палітвязьняў і наведвала іх у калёніях.
«Сама згадка ў незалежных СМІ ўскосна сьведчыць нібыта «аб прыналежнасьці да апазыцыі»
Як паказвае практыка, у апошнія некалькі месяцаў сваякі затрыманых у адміністрацыйных справах часьцяком просяць праваабаронцаў і журналістаў не паведамляць пра арышты.
Свабодзе вядома пра адміністрацыйныя арышты прынамсі трох публічных асобаў. Аднаго вядомага ў шырокіх колах чалавека арыштавалі на 15 сутак 25 красавіка. Сваякі вельмі прасілі нічога не паведамляць пра арышт гэтай асобы.
Месяц таму ў адным з абласных цэнтраў Беларусі затрымалі шмат былых актывістаў, журналістаў. У пятніцу раніцай міліцыянты, супрацоўнікі КДБ прыйшлі дадому зь ператрусамі, потым людзей адвезьлі на допыты ў пастарункі. Некаторых увечары адпусьцілі, прымусіўшы падпісаць папярэджаньні альбо запісаць прызнаньні на відэа. Некаторых пратрымалі тры дні і ў панядзелак адпусьцілі. Некалькіх чалавек пакаралі 15 днямі арышту.
Адна з затрыманых тады, мясцовая актывістка Ганна, катэгарычна забараніла паведамляць пра ператрус і ейнае затрыманьне на тры дні.
«Была надзея, што гэта ўдасца „замяць“ і ня будзе праблем на працы, ня звольняць. Да таго ж сама згадка ў незалежных СМІ ўскосна сьведчыць нібыта „аб прыналежнасьці да апазыцыі“. А калі хочацца жыць у Беларусі, і жыць больш-менш спакойна, то такія асацыяцыі могуць нашкодзіць. Наагул здаецца, што калі аб праблеме не гаварыць, то яе нібыта і няма, і зьяўляецца ілюзія, што пра цябе забудуцца, больш ня будуць прыходзіць зь ператрусамі і затрымліваць.
Можа, гэта толькі ілюзія, бо прыходзяць, кажуць, па нейкіх сьпісах „апазыцыйна настроеных асобаў“. Але ўсё адно спадзеў ёсьць, бо бывалі выпадкі, калі чалавека судзілі, давалі штраф, і ён жыве нібыта ранейшым жыцьцём. Хаця спадзявацца на такое з кожным днём усё больш складана», — прызнаецца Ганна.
Чытайце яшчэ:
Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў
«Маё жыццё — таксама суцэльныя кампрамісы». Канстанцін Каверын — пра бяссілле, БАТЭ і свой спосаб не ўпасці ў дэпрэсію
Прадукцыю «Еўрарадыё» ў расійскіх сацсетках прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»