Івана Шылу звольнілі з Белсата за жарт з прэзідэнта Польшчы ў фэйсбуку
Іван Шыла два гады працаваў на тэлеканале «Белсат» SMMшчыкам. Адказваў за кантэнт у сацыяльных сетках.
19 верасня на сваёй уласнай старонцы ў фэйсбуку Шыла змясціў здымак прэс-службы прэзідэнта ЗША. На ім Дональд Трамп і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас падпісання дэкларацыі аб умацаванні стратэгічнага партнёрства між краінамі. На здымку Трамп сядзіць уразвалачку ў крэсле, а Дуда стоячы ставіць свой подпіс.
«Злева — прэзідэнт Польшчы», — напісаў Шыла. Ніякіх ацэнак першапачаткова гэтаму здымку зроблена не было. У выніку ў каментары да Івана прыйшло кіраўніцтва тэлеканала «Белсат».
Намесніца дырэктара «Белсата» Беата Красіцкая напісала: «Ты маеш разуменне, дзе ты працуеш? Ці не да канца?» «Я магу посціць афіцыйнае фота з сустрэчы польскага палітыка і амерыканскага прэзідэнта. Калі не, то я магчыма нечага не разумею пра свабоду СМІ», — адказаў Іван.
«Цэнзура? Тады едзь у Беларусь і цешся там свабодай слова», — адрэагавала Красіцкая.
«Цэнзура… Бла-бла-бла… Зрабіў глупства — трэба пабалбатаць пра цэнзуру… У цябе праблема з разуменнем не толькі таго, што такое лаяльнасць да працадаўцы, але і лаяльнасць да калег і усіх гэтых людзей, якія вялізнымі намаганнямі спрабуюць дапамагаць тваёй краіне і тваім суайчыннікам. A ў прыватнасці і да мяне. І ты павінен пра гэта сур’ёзна прадумаць. Дамова пра вайсковую супрацу з США мае велізарнае значэнне для бяспекі Польшчы, і гэта адна з нешматлікіх тэмаў, якія не з’яўляются глебай для жартаў супрацоўнікаў «Белсата». Зразумеў?» — адрэагавала дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўская.
На наступны дзень Івана без папярэджання выдалілі з рэдакцыйных чатаў, а таксама пазбавілі права адміністраваць суполкі тэлеканала ў сацыяльных сетках.
Толькі праз нейкі час ён даведаўся пра сваё звальненне з тэлеканала. Прыйшоў ліст за подпісам намесніка дырэктара «Белсата» Аляксея Дзікавіцкага: «Дырэкцыяй нашага тэлеканала прынятае рашэнне аб тваім звальненні. Падстава — неадпаведныя паводзіны ў дачыненні да калегаў і ўсёй фірмы».
«У кожнага СМІ ёсць свая рэдакцыйная палітыка. У «Белсата» яна такая: «Нельга супрацоўнікам упісвацца ў кремлёўскі прапагандысцкі наратыў, у прыватнасці, накіраваны супраць Польшчы, нават калі яны лічаць гэта вельмі смешным». Не разумею, што тут для каго дзіўнага? І што сyмнеўнaга», — напісала Рамашэўская.
Варта адзначыць, што маці Агнешкі Рамашэўскай — дарадца прэзідэнта Анджэя Дуды.
Сам Іван Шыла гэтак каментуе звальненне: «Мяне звольнілі за публічны канфлікт з кіраўніцтвам. За гэта звальняюць паўсюль. Не я яго ініцыяваў, але я адказваў кіраўніцтву канала. Не прайшло 19 гадзінаў з моманту публікацыі, як мяне звольнілі. Так, я лічу гэта цэнзурай», — кажа Шыла.
«Мая рэакцыя нармальная, я на моры, у Францыі, у мяне адпачынак, іду на прабежку, — кажа Шыла. — У мяне ёсць бізнэс [клінінгавая кампанія «Чысты кіт»] і прыйшоў час на ім засяродзіцца. Каб спакойна пісаць у фэйсбуку пра тое, дзе знаходзяцца прэзідэнты Польшчы і Беларусі».