Ініцыятыву дапамогі палітвязням прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» — у тым ліку сайт politzek.me і афіляваныя з ім сацсеткі
Рашэнне пра прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» ініцыятывы Рolitzek.me, якая займаецца каардынацыяй падтрымкі палітзняволеных, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прыняло 2 красавіка 2024 года.
Паводле ведамства, «група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай Politzek.me ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць».
Апроч сайта politzek.me, у Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» згадваюцца:
- старонка politzek.me ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/politzekme),
- старонка Politzek.me|Political Prisoners in Belarus у сацсетцы X (ідэнтыфікатар twitter.com/politzekme),
- старонка Politzek.me ў Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/ politzekme),
- старонка Politzek.me ў TikTok (ідэнтыфікатар tiktok.com/@politzek.me),
- Telegram-канал Politzek.me (ідэнтыфікатар t.me/politzekme),
- Telegram-бот Politzek.me (ідэнтыфікатар t.me/@politzeklist_bot),
- электронная пошта info@politzek.me, а таксама лагатып ініцыятывы.
Паводле звестак на аднайменым сайце, Politzek.me — гэта «платформа абароны правоў і інтарэсаў беларускіх палітзняволеных, створаная напрыканцы 2020 года ў адказ на беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, якія распачаліся пасля выбараў 2020 года». Стваральнікі платформы супрацоўнічаюць са СМІ і іншымі грамадскімі арганізацыямі, «каб прыцягнуць ўвагу да праблемы палітычных зняволенняў у асяродку як беларускай, так і замежнай аўдыторыі».