• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Інфармацыйная прастора стала арэнай гібрыднай вайны». Лабістка змен у Закон аб СМІ пагражае «нелаяльным» журналістам

    Дзяржаўныя чыноўнікі навыперадкі апраўдваюць змены ў абноўлены Закон аб СМІ. Адна з ініцыятарак новаўводзінаў рэпрэсіўнага характару — намесніца старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч — патлумачыла гэта «сіметрычным адказам агрэсіўнаму Захаду».  

    Пасля прыняцця законапраекта ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў, ухвалення Саветам рэспублікі і фінальным подпісам Аляксандра Лукашэнкі дакумент у выглядзе «абавязковага да выканання» з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

    І без таго значна абмежаваныя ў правах афіцыйныя СМІ і рэшткі недзяржаўных медыя цяпер цалкам перападпарадкоўваюцца ўладнай вертыкалі — як у магчымасці па-за судовага блакавання дзейнасці, так і пазбаўлення акрэдытацый замежных карэспандэнцкіх пунктаў.

    Былая кіраўніца Міністэрства інфармацыі, а цяпер дэпутатка ніжняй палаты «парламента» Лілія Ананіч — паслядоўная старонніца заціскання гаек для журналісцкай супольнасці. У каментары прапагандысцкім рэсурсам неабходнасць чарговых карэктываў яна звязала з «беспрэцэдэнтнымі пагрозамі ў галіне нацыянальнай бяспекі».

    «Інфармацыйная прастора стала арэнай гібрыднай вайны, палітычных і санкцыйных бітваў, забыцця і перапісвання гістарычнай памяці.  Заканадаўцы падтрымалі Міністэрства інфармацыі ў неабходнасці змены цэлага шэрагу палажэнняў для адэкватнага рэагавання на зменлівую сітуацыю», — апраўдалася чыноўніца. 

    Лілія Ананіч прызнала, што ад моманту папярэдніх зменаў прайшло не так шмат часу — закон «Аб СМІ» ўжо істотна «перавёрстваўся» ў 2021 годзе. Аднак зменлівая міжнародная сітуацыя і развіццё тэхналогій вымагаюць зноў вярнуцца да «больш глыбокай абароны інфармацыйнага поля».

    «Цяпер у навінавых агрэгатарах можна знайсці ўсё. Таму ў закон унесеныя змены, якія ў поўнай меры рэгламентавалі іх дзейнасць. На такіх пляцоўках не змогуць размяшчацца замежныя тэлеканалы, якія не прайшлі працэдуру дазволу вяшчання ў нашай краіне. Акрамя таго, прэвентыўна ўключылі палажэнне аб магчымасці мер супраць дзяржаў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на беларускія інфармацыйныя крыніцы. Мінінфарм разам з МЗС гатовыя адказваць санкцыямі на санкцыі ў дачыненні да нашых СМІ. Гэта значыць ці павінны быць акрэдытаваныя журналісты з недружалюбных краін», — прыгразіла дэпутатка.   

    Яна дадала, што істотна пашыраецца пералік падстаў, каб Міністэрства інфармацыі своечасова «вычляняла» дэструктыўныя праявы ў медыйнай прасторы і абмяжоўвала доступ да «неаб’ектыўных і разбуральных крыніц». Гаворка пра тое, што неадкладна анулюецца пасведчанне аб рэгістрацыі, калі заснавальнікі трапляюць у спісы асоб, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

    Пры гэтым экс-міністарка інфармацыі назвала «нікчэмнай» крытыку новаўводзінаў з боку «агрэсіўнага Захаду» і «збеглых здраднікаў», якія заклапаціліся станам свабоды слова і дэмакратыі ў Беларусі.

    «Там без усялякіх законаў і тлумачэння прычын вычышчаецца любое непажаданае іх уладам слова, любы альтэрнатыўны пункт гледжання. Мы больш талерантныя. Калі ўжо некаму і вучыцца, то гэта заходнім краінам у беларусаў. Сваю інфармацыйную прастору на разарванне не аддамо. Так, гэта не проста, але 2020 год прымусіў быць на крок наперадзе. Важна своечасова адказаць, нягледзячы ні на якія крыкі і абвінавачанні. Беларусь — самадастатковая і суверэнная. Мы маем поўнае права прымаць тыя законы, якія вырашаюць задачы нашага развіцця. Моцнае інфармацыйнае поле — моцная Беларусь», — пафасна падсумавала Лілія Ананіч.

    Паводле яе слоў, у Беларусі хапае «сумленных журналістаў», якія ў поўным аб’ёме забяспечваюць канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне дакладнай і аб’ектыўнай інфармацыі. А «дэструктыўныя праявы» ў інтэрнэце ды любых іншых асяродках будуць спыненыя. 

    Чытайце яшчэ:

    Забрать нельзя оставить. Как белорусская журналистка возвращала свой автомобиль из Украины

    Новыя кнігі, вершы і сны. Турэмныя навіны ад Андрэя Кузьнечыка

    Mediakritika ладзіць апытанне пра прафесійныя стандарты ў медыя. БАЖ заклікае калег прайсці апытанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці