• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігара Карнея этапавалі адбываць прысуд у шклоўскую ПК-17

    Папраўчая калонія № 17 прызначаная для людзей, якія ўпершыню адбываюць прысуд, звязаны са зняволеннем. Журналіст Ігар Карней, асуджаны за прафесійную дзейнасць да да трох гадоў пазбаўлення волі, этапаваны туды прыблізна 20 чэрвеня. Зараз яго змясцілі ў каранціннае аддзяленне і цягам месяца размяркуюць у адзін з атрадаў калоніі.

    Ігар Карней журналісты палітвязні

    Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

    За што трапіў у зняволенне Ігар Карней

    Журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі, а сваякам спачатку абвясцілі, што ён затрыманы на 10 сутак. Аднак праз некалькі дзён Карнею было прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, і з ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску.

    Пра тое, што стала нагодай для затрымання і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбору. Тады афіцыйныя СМІ напісалі, што прычынай стала супрацоўніцтва Карнея з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, а на пачатку 2023 года рашэннем КДБ абвешчаная «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызнаў журналіста вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Ігару Карнею прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 500 базавых велічынь (20 000 BYN).

    Гэты вырак асуджаны журналіст спрабаваў абскардзіць у Вярхоўным судзе. Але суддзя Аляксандр Саўчук пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.

    З шэрагам абвінавачанняў Ігар Карней не пагадзіўся. У сваім апошнім слове перад агучваннем судовага вердыкту ён падкрэсліў, што працуе ў журналістыцы амаль 40 гадоў і заўсёды кіраваўся прафесійнымі стандартамі. Што ў сваёй працы ён імкнуўся быць аб’ектыўным і пісаць праўду.

    Што вядома пра папраўчую калонію № 17

    Калонію пабудавалі на ўскрайку Шклова 42 гады таму.  Насупраць яе — пасёлак Маладзёжны. У ім жывуць сем’і супрацоўнікаў вязніцы.

    Паводле ўспамінаў былых вязняў шклоўскай калоніі, атрады там вялікія — да 70 чалавек. Атрадныя памяшканні знаходзяцца ў жылой зоне калоніі, там месцяцца і сталоўка, клуб, царква і спартовая пляцоўка. У прамысловай зоне, якая лічыцца асобнай арганізацыяй — прадпрыемствам «Сямнаццаць», функцыянуюць цэхі дрэваапрацоўкі, кравецкая і абутковая вытворчасць.  Прычым на апошняй асуджаныя шыюць абутак для іншых зняволеных і міліцыі. На кухні і ў пякарні таксама працуюць вязні.

    Ёсць адмысловае памяшканне для спатканняў. Паводле ўспамінаў тых, хто ўжо адбыў пакаранне, там абсталяваны «жывы куток» — у ім жывуць (ці, прынамсі, жылі да нядаўняга часу) папугай і два паўліны.

    Праўда, спатканні дазваляюць не ўсім. Асабліва часта спатканняў пазбаўляюць палітычных вязняў. Стаўленне да іх у калоніі даволі жорсткае, адзначаюць былыя зняволеныя. І часта згадваюць палітвязня Вітольда Ашурка, які 21 траўня 2021 года памёр у ПК-17 пра нявысветленых абставінах. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, але ў калоніі кажуць, што яго моцна збівалі. Пра выпадкі збіцця вязняў часта згадваюць тыя, хто выйшаў са шклоўскай калоніі.

    Усяго ў гэтый установе пад тысячу асуджаных. З іх 102, па звестках праваабаронцаў, асуджаных па палітычных матывах. У іх ліку праваабаронца Уладзімір Лабковіч, актывіст незалежнага прафсаюза Ігар Мінц, культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба» Павел Белавус. Ёсць і журналісты — Яўген Меркіс, Павел Падабед, Дзмітрый Лукша, Андрэй Фамін.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці