Ігар Казмярчак: Калі ўсё губляеш, прыходзіць невымоўная свабода
Не кожны сайт здольны выжыць у беларускіх умовах цэлых 17 гадоў. Аршанскаму рэгіянальнаму выданню orsha.eu удалося не толькі перажыць усе перамены за гэтыя дзесяцігоддзі: яно працягвае паспяхова развівацца і ў пострэвалюцыйны час. Пра рэцэпт доўгажыхарства галоўны рэдактар orsha.eu Ігар Казмярчак расказаў сайту БАЖ.
«Калі мы стварылі першага монстра, то не разумелі, што з ім рабіць»
— Сайт з’явіўся ў 2007 годзе. Тады ў Алеся Шутава была мара — аднавіць газету «Аршанскі веснік», якая выходзіла напачатку 20 стагоддзя. Ён зрабіў некалькі спробаў выдаваць газету пад чужымі рэгістрацыямі, рабіў бюлетэньчыкі — розныя механізмы спрабавалі, але ўсё ўпіралася ў афіцыйную рэгістрацыю, якую ўлады не давалі.
А потым я з’ездзіў на канферэнцыю грамадскіх арганізацый, адкуль вярнуўся з ідэяй: а навошта рэгістравацца, калі існуе інтэрнэт (ён тады набіраў папулярнасць у Беларусі), які падкуль не цалкам падкантрольны ўладам? З гэтага і пачаўся сайт.
Першы дызайн мы зрабілі няправільна — з вельмі доўгай назвай, прымітыўным інтэрфэйсам. Па шчырасці, мы самі не былі гатовыя тады працаваць, як след: калі мы стварылі першага монстра, то не разумелі, што з ім рабіць. Пазней нам дапамаглі: змянілі назву, перарабілі інтэрфэйс. Так, нам давялося стаць рэгіянальнай сеткай, пляцоўкай для мясцовых НДА. Якраз тады выкрышталізавалася канцэпцыя сайта, узнікла рэдакцыя, і мы пачалі набываць папулярнасць.
Першая канцэпцыя сайта палягала ў тым, што ён мусіў стаць часткай грамадскай дзейнасці ў Оршы. І я, і Алесь Шутаў, з якім мы стваралі сайт, працавалі ў грамадскім сектары: у нас была арганізацыя «Звяз моладзевы», у нас быў Цэнтр падтрымкі грамадскіх ініцыятываў «Крывіч».
Таму і планавалася, што сайт стане пасярэднікам паміж грамадскімі арганізацыямі і грамадствам. Тады ў Оршы прысутнічаў увесь спектр палітычных партыяў, мноства грамадскіх арганізацыяй, якія ніяк не маглі прабіць інфармацыйную блакаду.
«Чыноўнікі самі званілі і прасілі даць інфармацыю»
— З цягам часу, праўда, наш дзіцёнак стаў хадзіць самастойна: ён перарос першапачатковую канцэпцыю і стаў дастаткова самастойным інфармацыйным прадуктам. І чым далей, тым больш уплывовым станавіўся, што нас здзіўляла: праз яго можна было закідваць у грамадства ідэі, мабілізоўваць людзей на актыўнасці.
Напрыклад, менавіта з падачы нашага сайта адбылося першае ў краіне рэальнае грамадскае абмеркаванне: у Аршанскі гарвыканкам пайшлі лісты. Чыноўнікі прыслухаліся, і правільна зрабілі, бо тады яны зрабілі сур’ёзныя памылкі, якія з нашай дапамогай удалося выправіць.
Пазней нам не спадабалася і другая назва, і мы прыйшлі да сённяшняй – orsha.eu. Адрас стаў простым, мы пачалі набіраць рэйтынг: напэўна, у 2015–2016 годзе мы сталі самым папулярным сайтам пра Оршу, пра Аршаншчыну.
Працэс транфармацыі з грамадскай пляцоўкі ў грамадска-палітычнае выданне ішоў сам па сабе і марудна. Неяк мы паставілі тэкст пра пажар, аказалася, што людзям гэта цікавей чытаць, чым пра грамадскую дзейнасць.
Пасля гэтага мы сталі ўсё больш і больш пісаць пра жыццё Аршаншчыны: пачынаючы ад гарадскіх святаў, зменаў у руху грамадскага транспарту і заканчваючы культурніцкімі праектамі, дзе сайт выступаў інфармацыйным памочнікам. Даходзіла да таго, што самі чыноўнікі званілі і прасілі размясціць рэкламу таго ці іншага мерапрыемства.
Я не магу сказаць, што мы цалкам адкінулі грамадскую дзейнасць, не. З дапамогай сайта праводзіліся і грамадскія кампаніі, і мабілоўваліся людзі на чыстку прыгарадных лясоў пасля мясцовых алкашоў.
«Крымінальную справу заводзілі раз у пяцігодку»
— У мяне праблемы з уладамі пачаліся яшчэ да сайта. У 2006 годзе я ўдзельнічаў у намётавым гарадку ў Мінску (пасля прэзідэнцкай кампаніі 2006 года, — БАЖ), і аднойчы мяне затрымалі прама на працы. Я вёў дзяцей на спекталь — перад дзецьмі мяне і затрымлівалі.
Наступныя праблемы не прымусілі сябе доўга чакаць. Здаецца, у 2010 годзе мяне паспрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе парнаграфіі, а недзе ў 2017 ці 2018 годзе мяне паспрабавалі абвінаваціць у фальшываманетніцтве. Тады якраз Беларусь перайшла на новыя грошы, з’явіліся фальшыўкі, а аўтар рабіў «якасныя» фальшыўкі і падробліваў толькі дробныя купюры — па 5 рублёў. І фальшывыя грошы хадзілі па горадзе масава.
Калі я запытаў: пры чым тут мы і фальшываманетніцтва? – мне сказалі: нам паступіла аператыўная інфармацыя, што вы маеце прынтары. Апошнюю фальшыўку знайшлі ў «Еўраопце», а ў вас у офісе ёсць прынтары: ці не ў вас надрукаваная? Па дарозе ад «Еўраопта» да нашага офіса знаходзіцца друкарня, фірма, у якой абсталяванне значна лепшае, у спальным раёне можна знайсці сотню іншых прынтараў — а вы прыходзіце да нас?
Увогуле да 2020 года я патрапляў пад крыміналкі ў сярэднім раз на пяць гадоў. Таму я быў бы здзіўлены, калі б у 2020 годзе мяне не затрымлівалі.
У 2020 годзе мы асвятляем усе масавыя пратэсты: дагэтуль на ютубе вісіць ролік, як міліцыянты збіваюць чалавека. Але наша рэдакцыйная палітыка палягала ў тым, каб не ствараць вакол сябе пухіры з нацыяналістаў, лібералаў, ці з сацыял-дэмакратаў. Мы хацелі стаць агульнадэмакратычным сайтам: мы не прапагандуем адну канкрэтную ідэалогію, а распавядаем пра ўсе ідэалогіі, пра ўсіх харошых людзей у горадзе, пра ўсіх — незалежна ад іх палітычнай пазіцыі.
Зразумела, мы не маглі пісаць добра пра БРСМ, таму што БРСМ — гэта падман: самі называюць сябе грамадскай арганізацыяй, хаця насамрэч гэта дзяржаўная структура. Калі ж мы пачнем пісаць пра іх як пра грамадскую арганізацыю, значыць, і самі будзем падманваць людзей.
Але калі ўлады рабілі нешта добрае, то мы маглі напісаць пра іх добрае, хоць і без ацэнак. У нас былі не варожыя, а нават даверлівыя адносіны з чыноўнікамі, якія займаліся горадабудаўніцтвам ці культурай. Таму ў 2020 годзе нас не было за што і хапаць, мы падавалі інфармацыю нейтральна: ёсць відэа, як міліцыянты збіваюць чалавека, мы паказваем відэа без каментароў — а высновы рабіце ўжо самі.
«Якая мне розніца ў Літве, колькі на мне крыміналак вісіць?»
— 2020 год у мяне прайшоў адносна спакойна: толькі закрылі маю краму сувенірнай прадукцыі, мне давялося пераязджаць на новае месца. Некалькі разоў праводзілі ператрусы, вывозілі на допыт нават у Віцебск, але не садзілі.
Летам 2021 года мяне затрымліваюць на трое сутак па падазрэнні ў тым, што я зрабіў нейкія графіці. Кажу нейкія, бо я не зразумеў — якія іменна, па-мойму, следчы і сам не зразумеў якія. У крымінальнай справе яны праходзілі пад нейкімі нумарамі і шыфрамі, якія сам не мог расшыфраваць.
1 лістапада 2021 года маю краму закрываюць цалкам (за што я эмацыйна ўдзячны ўладам), то-бок выганяюць з другога памяшкання. Яны ліквідуюць гарамдскую арганізацыю «Звяз» і адразу ліквідуюць Таварыства беларускай мовы — яны знаходзіліся на адным паверсе. Упершыню да доўгія годы я разумею: я цалкам свабодны чалавек.
Калі ўсё губляеш, з’яўляецца неймаверная свабода: мне не трэба шукаць грошы на арэнду офіснага памяшкання, на арэнду памяшкання пад краму, мне не трэба афармляць паперы і справаздачы. А тут яшчэ мне кажуць: ва Украіне ёсць харошая праграма рэабілітацыі для тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі.
Я ўжо свабодны чалавек і еду ў львоўскія Карпаты. І туды мне звоняць суседзі з паведамленнем, што мяне шукалі мянты. І я зразумеў, што не цыгарэтку стральнуць яны заходзілі. Таму застаюся ва Украіне, трохі катаюся па розных праграмах і канчаткова атабарваюся ў Чарнігаве.
У той жа месяц блакуюць сайт на тэрыторыі Беларусі. Катастрофы не адбылося, мы разумелі, што такому папулярнаму рэгіянальнаму сайту спакойна працаваць не дадуць. І за год-паўтара да гэтых падзей мы пачалі мэтанакіраваную інтэрвенцыю ў сацыяльныя сеткі. Дагэтуль мы разглядалі сацсеткі як крыніцу трафіка на сайт, а цяпер мы пачалі развіваць сацсеткі — на ўсякі пажарны. Таму пасля блакіроўкі мы не дужа згубілі рэйтынг, наадварот, сацыяльныя сеткі атрымалі новае дыханне, напрыклад, наш Instagram.
А далей было складаней. Два гады мы больш-менш спакойна працавалі, а вясной 2024 года нас прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Прычым прызнаюць двойчы: першы раз не ўсе старонкі знайшлі, паблыталі. Улетку ж гэтага года проста прызналі ўсю рэдакцыю «экстрэмісцкім фармаваннем».
З 2021 года я ў Беларусь ужо не вяртаўся. Гэта небяспечна, бо на мне вісіць, як мінімум, крыміналка за «абразу прэзідэнта», і адна ці дзве крыміналкі па эстрэмізму.
Шчыра кажучы, я ўжо заблытаўся, колькі на мяне заведзена крымінальных спраў. Мяне нават аб’явілі ў міжнародны вышук — шукаюць і ў Расіі. Правільна, шукайце там, дзе я ніколі не бываю, трэба яшчэ і ў Зімбабвэ аб’явіць мяне ў вышук.
Хай хоць сто крыміналак завядуць — якая мне розніца ў Літве, колькі на мне крыміналак вісіць?
Новае – не забытае старое
— У гэтым жніўні мы праводзілі стратэгічную планёрку па сайту. І падумалі, што ёсць сэнс вярнуцца для першаснай канцэпцыі — мы вяртаемся да абслугоўвання грамадскіх арганізацый Аршаншчыны. У Оршы зараз мы нічога не можам зрабіць, каб не падстаўляць людзей.
Мы бачым, што процьма людзей выехала з Аршаншчыны: а хіба гэта не грамадская дзейнасць? Пачалі з бізнэсу. У Варшаве жыве сям’я Кеснераў. Маці, уражэнка Оршы, у свой час пераехала у Віцебск і пачала рабіць вясельныя строі.
Па палітычных прычынах сям’я выязджае ў Варшаву, дзе аўтарка строяў памірае ад раку. Яе муж і дачка ў гонар жонкі і маці працягваюць яе справу: робяць вясельныя строі. А хіба яны не аршанцы ўжо?
Ці другі выпадак. Журналіст і блогер Арцём Сізінцаў, які вядзе навіны на нашым YouTube-канале, 13 гадоў таму задумаў напісаць кнігу пра аршанскі футбол. Нядаўна размаўляем з ім, ён скардзіцца: рукапіс ужо гатовы, як жа выдаць яго ў Оршы? Кажу: не перажывай, першы выпуск будзе тут. Я дамаўляюся з выдавецтвам, тэкст дапрацоўваецца некалькі месяцаў (трэба было расставіць акцэнты, зрабіць бібліяграфію) – атрымалася сур’ёзнае навуковае выданне. Там ёсць нават унікальная футбольная афіша на ідышы: ігралі дзве габрэйскія каманды ў Пінску, таму дадатковыя мовы і не спатрэбіліся.
Шчыра прызнаюся, выдавецтва баялася правалу праекта, бо тэма вельмі вузкая. Таму вырашылі запусціць кампанію перадзамовы. У выніку ўжо ў гэтым месяцы мусіць выйсці з друку 400-старонкавы фаліянт з сотняй ілюстрацый. Так, пакуль што аршанцы змогуць убачыць яго толькі ў PDF-фармаце. Але зменіцца сітуацыя — а у нас ужо будзе гатовы эксзэмпляр, каб вярнуцца дадому і перавыдаць.
Згадаю і яшчэ адну цёплую гісторыю. У канцы 90-ых аршанскія краязнаўцы ініцыявалі ўвядзенне ў школе асобнага прадмета «Оршазнаўства». Тады чыноўнікі лагодна ставіліся да грамадскіх ініцыятываў.
Адзін са стваральнікаў нашага сайта, Алесь Шутаў, які сам быў краязнаўцам, стаў тэхнічным рэдактарам першага падручніка па «Оршазнаўству».
Першы падручнік цалкам выйшаў на беларускай мове, ухіл рабіўся на гісторыю. Пазней рабілася некалькі перавыданняў. Зараз ад яго, здаецца, толькі вокладка і засталася.
Калі памёр Алесь Шутаў, а затым грымнуў і кранавірус (напэўна, гэта быў 2019 год), мы сумясцілі ідэю — ушанаваць памяць Алеся і заадно зрабіць нешта карыснае для школьнікаў. На афіцыйным узроўні казалі, што могуць перавесці школы на анлайн-навучанне. У такіх умовах час на матэматыку, фізіку, мовы, можа, і застанецца, а «Оршазнаўства» дакладна выпадзе са спісу абавязковых прадметаў. І мы вырашылі перакласці ўвесь падручнік у відэафармат, прычым у мульцяшны відэафармат, які вельмі лёгка ўспрымаўся б вучнямі 7–8 класаў.
Першы ролік выпусцілі яшчэ ў Оршы, а другі выйшаў тады, як я ўжо знаходзіўся ў эміграцыі. Добрыя ролікі, якія настаўнікі выкарыстоўвалі для навучання да таго часу, пакуль нас не прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Аднак мы плануем рабіць і наступныя відэа. Бо вось яна — пазітыўная дзейнасць на Аршаншчыну.