• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ідзе паляваньне на журналістаў». Лік затрыманых прадстаўнікоў незалежных СМІ дасягнуў 28

    Беларуская асацыяцыя журналістаў зьбіраецца адстойваць правы сваіх сяброў усімі магчымымі шляхамі, запэўніла кіраўніцтва аб’яднаньня.

    Журналісткі Вольга Чайчыц, Кацярына Бахвалава і Галіна Абакунчык (зьлева направа)

    У прэсавай канфэрэнцыі ўдзельнічала кіраўніцтва БАЖ, прадстаўніца тэлеканалу «Белсат» Сьвятлана Калінкіна і журналісты, якіх затрымлівалі — Вольга Чайчыц, Кацярына Бахвалава, Галіна Абакунчык.

    У офісе БАЖ вісіць плякат «Журналісты — не „ізюм“».

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец прывёў лічбы: у 2016 годзе было ўсяго 13 затрыманьняў, а за сакавік 2017 году — ужо ў два разы больш:

    «Хтосьці атрымаў суткі, хтосьці — штраф. У мінулую пятніцу БАЖ накіраваў лісты да генпракурора і міністра ўнутраных спраў. Мы заклікаем прывесьці да адказнасьці тых, хто затрымліваў журналістаў, а таксама нагадаць ім, як яны павінны працаваць на масавых мерапрыемствах. Прадстаўнік юрыдычнай службы БАЖ Алег Агееў спрабуе дамагчыся асабістага прыёму, але яму раяць падаць пісьмовы запыт».

    Прадстаўніца «Белсату» Сьвятлана Калінкіна адзначыла, што пачалося паляваньне на журналістаў, асабліва на тых, хто здымае, хто трансьлюе падзеі ў жывым эфіры:

    «Усю сёлетнюю «гарачую вясну» людзі бачаць у прамым эфіры. Уладам гэта не падабаецца. Субота была выключнай — з розных прычынаў па ўсёй Беларусі затрымлівалі журналістаў. Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову ўвогуле шантажуюць дзіцем.

    Толькі салідарнасьць нас уратуе. Цяпер гэты заклік — «Трымаемся праўды, трымаемся адзін аднаго» — найбольш актуальны.

    Прэс-канфэрэнцыя БАЖ. Зьлева направа: Барыс Гарэцкі, Андрэй Бастунец, Вольга Чайчыц, Кацярына Бахвалава, Сьвятлана Калінкіна

    Кацярына Бахвалава эмацыйна распавяла:

    «Калі я ехала ў РАУС, думала, што ўсё скончыцца максымум трыма гадзінамі затрыманьня. Але давялося правесьці ноч у пастарунку».

    Карэспандэнтка Свабоды Галіна Абакунчык распавяла пра сваё затрыманьне ў Воршы 12 сакавіка:

    «У мяне не было такіх ілюзій, як у Каці. Гэта было плянавае затрыманьне, за намі сачылі. Дзеяньні — як у баявіках, калі нас затрымлівалі. Цягнулі, як мяхі з бульбай. Вырвалі тэхніку. Потым 3 гадзіны „тупа“ сядзелі — нас не дапытвалі, тэлефанаваць не дазвалялі, казалі, што мы не затрыманыя. Відавочна было, што проста шукаюць артыкул, якім апраўдаць наша затрыманьне. Прывезьлі ў іншы аддзел — зноў чаканьне 3 гадзіны. Хоць да гэтага абшукалі, усё забралі. Думаю, прычына — высяканьне журналістаў, што працуюць у кадры. Уразіла яшчэ, што без усялякіх аргумэнтаў суд прымаў рашэньне. Не было падстаў, не было сьведак».

    Галіна Абакунчык паведаміла, што зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду: «Людзі мусяць несьці юрыдычную адказнасьць за свае дзеяньні». Яна толькі сёньня атрымала па пошце пастанову.

    Падчас прэс-канфэрэнцыі

    Журналістка «Белсату» Вольга Чайчыц перакананая, што дзеяньні міліцыянтаў ва ўсіх рэгіёнах былі мэтанакіравана ськіраваныя на «Белсат»:

    «Мяне нават прымусілі распрануцца перад камэрай, для чаго запрасілі жанчыну. Я спрабавала дамагчыся, каб мне патлумачылі мае правы, але міліцыянты казалі агульныя фразы. Калі камэра ўключаная, міліцыянты яшчэ паводзяць сябе больш-менш прыстойна. Калі камэра выключаная — больш нахабна. У Слоніме мы таксама адчувалі, як за намі сочаць. Адбываецца ціск на журналістаў».

    Сёньня ў Гомелі адбываецца суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай. У Кобрыні таксама склалі пратаколы на дваіх журналістаў — Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву.

    «Амаль год не было адміністрацыйных спраў паводле артыкулу 22.9 — праца журналіста без акрэдытацыі. Цяпер гэты артыкул зной актыўна выкарыстоўваць супраць фрылансэраў», — заўважыў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці